01.11.2002 / 13:00

Краіна рачной электрычнасьцi

***

У найбліжэйшыя пяць год на Меншчыне плянуюць збудаваць 16 рачных мiнi-ГЭС.

Iсьляндцы ацяпляюць сваю краiну з дапамогай гарачых падземных крынiцаў, немцы, адмовiўшыся ад атамнай энэргii, паўсюль ставяць вялiзныя ветракi-генэратары. Беларусы ж бяруць прыклад з нарвэжцаў, якiя значную частку электрычнасьцi здабываюць з дапамогай рэкаў.

Фота IREX
Яшчэ ў 1950-я маскоўскi iнстытут "Гiдрапраект" пачаў распрацоўку сыстэмы выкарыстаньня беларускiх рэкаў дзеля атрыманьня электрычнасьцi. Малыя гiдраэлектрастанцыi, якiя пабудавалi ў тыя часы, большай часткай прыйшлi ў заняпад, выпрацаваўшы свой рэсурс. Займацца iмi ў апошнiя гады iснаваньня СССР нiхто не жадаў: электрычнасьць разьмяркоўвалi "з цэнтру" і каштавала яна нядорага.

Сёньня даводзiцца шукаць новыя крынiцы энэргii ўнутры краiны. Стаўка робіцца не на будаўніцтва новых мiнi-ГЭС, а на мадэрнiзацыю пабудаваных за Саветамi.

Сталiца найбольш адчувальная да перабояў з электрычнасьцю, таму пачаць гiдраэлектрыфiкацыю вырашылi зь Меншчыны. Пабудова электрастанцыяў не выклiкае вялiкага энтузiязму ў змагароў за навакольнае асяродзьдзе, бо зазвычай даводзiцца шмат зямлi залiваць вадой, што парушае экалягiчны балянс. На Меншчыне, аднак, дастаткова штучных вадасховiшчаў, на якiх можна будаваць малыя гiдраэлектрастанцыi. Так, адна мiнi-ГЭС ужо дзейнiчае на Дуброўскiм вадасховiшчы, яшчэ дзьве - на Вялейскiм.

Яшчэ 27 лiпеня 2001 г. Менаблвыканкам пастанавiў пабудаваць у 2002 г. дзьве мiнi-гiдраэлектрастанцыi: адну, магутнасьцю 220 кВт - пад Салiгорскам на Случы, другую, магутнасьцю 120 кВт - на Бярэзiне ля вёскi Сакоўшчына, што на Валожыншчыне. Ля Сакоўшчыны колiсь была малая ГЭС, там засталася плацiна. Пад гэты праект плянуюць атрымаць, акрамя iншых сродкаў, доўгатэрмiновыя крэдыты "Белаграпрамбанку". Турбiны зьбіраюцца набыць за грошы iнавацыйнага фонду аб'яднаньня "Менскэнэрга". Для дуброўскай ды вялейскiх мiнi-ГЭС турбіны набывалi ў Санкт-Пецярбургу.

Грошай на гэтую нятанную, але патрэбную справу дагэтуль няма. Калi яны ўсё ж знойдуцца і згаданыя ГЭС збудуюць, наступная ў чарзе - Вайкоўская электрастанцыя на рацэ Дзьвiноса (Лагойшчына). За пяць гадоў (з тым разьлікам, што за год можна будаваць дзьве-тры такія электрастанцыі) на Меншчыне запрацуе 16 міні-ГЭС. Збудаваць іх плянуюць на Плiсе, Мажы, Случы, Арэсе, Кляве, Сэрвачы, Iслачы, Волме, Шаці, Вузьлянцы, Пцiчы, Бабры, Iлiі, Вячы, Суле. Мiнi-ГЭС будуць вырабляць 10869 кВт/г энэргii ў год. Гэтая лічба выглядае сьмешнай у параўнаньні з гадавой патрэбай Беларусі ў электраэнэргіі (33 млрд. кВт/г) ці нават з гадавой патрэбай аднаго Менску (больш за 2 млрд. кВт/г). Аднак задача міні-ГЭС ня ў тым, каб выратаваць краіну ад энэргетычнага голаду, а ў наданьні энэрганезалежнасьці навакольным вёскам ды мястэчкам.

Алесь Кудрыцкi

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру