***

Пятнаццаць “зялёных” за двухдаляравую купюру

Зьбіраньне даляраў у нас — не нумізматыка і не баністыка. У Беларусі, як і ў многіх іншых краінах, гэта сталася сродкам хоць неяк зьберагчы свае грошы ад інфляцыі. Ніводзін беларус не надумаецца прыдбаць зялёную “пяцёрку” , “дзясятку”, “дваццатку” ці “сотку” проста дзеля таго, каб была. Выключэньне можа быць зробленае хіба для аднае купюры — двухдаляравай.

фота www.pomexport.com
Гэта вельмі рэдкая банкнота друкавалася ў ЗША апошнім разам у 1976 г., да 200-годзьдзя краіны. Наклад быў вельмі абмежаваны, таму нават многія амэрыканцы ніколі ня бачылі гэткай купюры і нават не падазраюць пра ейнае існаваньне.

На 2-даляровай банкноце выяўлены трэці амэрыканскі прэзыдэнт Томас Джэфэрсан (1743—1826) і рэпрадукцыя карціны “Абвяшчэньне незалежнасьці ЗША”. Як сьведчаць знаўцы, на купюры канца ХІХ ст. былі партрэты вынаходцаў Морзэ і Фултана. Потым амэрыканскія ўлады вырашылі не парушаць традыцыі і вярнуцца да звыклых прэзыдэнцкіх выяваў.

Сярод бізнэсоўцаў шмат забабонных людзей, якія лічаць, што 2-даляравікі прыносяць удачу і посьпех у справах. Ня дзіва, што рэдкія банкноты карыстаюцца падвышаным попытам. Такі “талісман” можна прыдбаць у Менску за 15 даляраў — у 7,5 разу даражэй за намінал. Бліжэйшым часам іх цана можа падняцца: як паведамляе “Вестник московского бухгалтера”, у Маскве гэтыя банкноты каштуюць ужо да 100 даляраў.

Адам Воршыч