***

14 лістапада пачаліся слуханьні па справе Віктара Рахманька, былога начальніка Беларускай чыгункі.Упершыню ў найноўшай гісторыі судзяць “сэнатара”.

З-за высокага статусу Віктара Рахманька першай інстанцыяй для яго зробіцца адразу Вярхоўны Суд. Сьледзтва па справе вялося амаль 10 месяцаў, матэрыялы справы налічваюць 39 тамоў.

Віктар Рахманькo
Віктар Рахманькo
Абвінавачванаму інкрымінуюць чатыры крадзяжы на суму больш за мільён рублёў, два эпізоды атрыманьня хабару на суму звыш 19 млн., пяць фактаў злоўжываньня службовым становішчам, што нанесла Беларускай чыгунцы страты, роўныя 242 млн. рублёў. Фігуруе нават незаконнае паляваньне ў 1999 г., калі Рахманько, на думку сьледзтва, застрэліў лася і дзіка. Яшчэ сэнатара вінавацяць у падлогу й падробцы дакумэнтаў. Па справе Рахманька праходзяць яшчэ 5 абвінавачваных, у асноўным супрацоўнікі Беларускай чыгункі.

Памочнік машыніста Рахманько

Віктар Рахманько нарадзіўся ў 1953 г. у Наваградку. Жанаты, мае траіх дзяцей. Скончыў Беларускі інстытут інжынэраў чыгуначнага транспарту. Пасьля арміі працаваў памочнікам машыніста цеплавоза Менскага лякаматыўнага дэпо. Наступнымі службовымі прыступкамі Рахманька былі месцы дзяжурнага па станцыі Баранавічы-Цэнтральныя, старшага інжынэра-графіста, цягніковага дыспэтчара аддзелу перавозак Баранавіцкага аддзяленьня БЧ, галоўнага інжынэра, начальніка станцыі Баранавічы-Цэнтральныя. Знаходзячыся на гэтай пасадзе, Рахманько прыйшоў у палітыку — зрабіўся дэпутатам Баранавіцкага гарсавету. У 1994 г. яго прызначылі начальнікам Баранавіцкага аддзяленьня БЧ. У 1996 г. Рахманько заняў таксама сэнатарскае крэсла, а ў кастрычніку 1998 г. зрабіўся начальнікам Беларускай чыгункі. Цікава, што незадоўга да ўзбуджэньня справы супраць Рахманька расейская генпракуратура зацікавілася сваім міністрам шляхоў зносінаў Мікалаем Аксёненкам. Мэдыі шмат казалі пра тое, што расейскага й беларускага чыгуначнікаў зьвязвае старое сяброўства і што Аксёненка мог нават дапамагчы прызначэньню Рахманька на пасаду кіраўніка БЧ. Сёлета ў студзені Пуцін зьняў Аксёненку.

Гісторыя справы

21 лістапада 2001 г. генэральны пракурор узбудзіў крымінальную справу супраць Рахманька. 5 сьнежня 2001 г. яму выставілі абвінавачаньне ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі ды крадзяжы маёмасьці ў асабліва вялікіх памерах. Гэткія цяжкія абвінавачаньні былі ўпершыню прад’яўленыя сэнатару. Адпаведна артыкулу 102 Канстытуцыі, ня трэба было нават згоды парлямэнту на затрыманьне дэпутата. На пасадзе Рахманька, зь якога ўзялі падпіску пра нявыезд, замяніў Васіль Гапееў.

У сярэдзіне сьнежня пракуратура даслала афіцыйны ліст у савет рэспублікі. У ім паведамлялася, што Віктар Рахманько выкарыстаў службовае становішча ў кастрычніку 1999 г., калі пасяліў свайго сына Юр’я ў нумары “люкс” гатэлю “Экспрэс” на Прывакзальнай плошчы ў Менску. Усе выдаткі за сына (каля 14 тысячаў даляраў), які на чыгунцы не працаваў, але жыў у гатэлі амаль два гады, несла чыгунка. Пракуратура сьцьвярджала, што Рахманько змовіўся са службовымі асобамі калгасу “Шлях Леніна” Баранавіцкага раёну. За кошт калгасу быў пакладзены асфальт да лецішча Рахманька, што каштавала калгасу амаль 8 з паловаю тысячаў даляраў. Старшыня калгасу Ўладзімер Арцянкоў сьцьвярджае, што пракладаў дарогу не да лецішча, а да вёскі Міхнаўшчына.

Наша чыгунка

Беларускую чыгунку стваралі яшчэ за царскай Расеяй, каб зьяднаць цэнтар мэтраполіі з Заходняй Эўропай найкарацейшым шляхам. Днём яе заснаваньня лічыцца 29 лістапада 1871 г., калі пачала дзейнічаць чыгуначная лінія Смаленск—Ворша—Менск—Берасьце. Праўда, першы ўчастак чыгункі пабудавалі ў 1851—62 г. як частку магістралі Санкт-Пецярбург—Варшава.

Сёньня эксплюатацыйная працягласьць Беларускай чыгункі складае 5,5 тыс. кілямэтраў. У адміністрацыйным пляне яна складаецца з 6 аддзяленьняў (унітарных прадпрыемстваў): Менскага, Баранавіцкага, Берасьцейскага, Гомельскага, Магілёўскага ды Віцебскага. Яны яднаюць 384 буйныя й малыя станцыі.

На чыгунцы працуюць больш за 110 тыс. чалавек. Па рэйках перавозяць 90% грузаў ды 60% пасажыраў. За шэсьць месяцаў гэтага году грузазварот склаў 16473,7 млн. тона-кілямэтраў — гэта на 11,3% больш, чым летась. А вось пасажыраў у першым паўгодзьдзі чыгунка мела на 14,2% меней, чым летась: паказьнік пасажырскіх перавозак склаў 7186,3 млн. пасажыра-кілямэтраў. За першую палову 2002 г. чыгунка зарабіла 553,2 млрд. рублёў. Зь іх 485,4 млрд. (87,7%) — прыбыткі ад перавозак, 67,2 млрд. рублёў (12,3%) — ад падсобна-дапаможнай дзейнасьці.

Хто наварыць на перавозках

Перавозкі па Беларусі — стратная справа. Сёлета за першае паўгодзьдзе страты склалі 88,5 млрд. рублёў. Найбольш згубілі на прыгарадных цягніках — прыбыткі пакрылі толькі 35,8% выдаткаў. Нятанна абыходзіцца й будаўніцтва галоўнага корпусу новага вакзалу ў цэнтры Менску. За першыя шэсьць месяцаў на яго патрацілі 2 млрд. 672 млн. рублёў (большую частку сумы — мільярд 780 млн. — сплаціла чыгунка).

Зарабляе чыгунка на міжнародных перавозках, у першую чаргу на ўсходнім напрамку. Але й тут ня ўсё гладка. Зь ліпеня на Беларускай чыгунцы на экспартна-імпартныя перавозкі грузаў дзейнічае унутрырасейскі тарыф. Гэта азначае, што створаныя роўныя ўмовы для беларускіх ды расейскіх кампаніяў, паралельна са зьніжэньнем коштаў на грузаперавозкі па чыгунцы. Гэткае зьніжэньне выгаднае ў першую чаргу расейскаму боку, якому будзе лягчэй канкураваць зь іншымі, у тым ліку беларускімі таварамі на нашым рынку.

Маркетынгавыя дасьледаваньні, праведзеныя Беларускай чыгункай, абяцаюць зьніжэньне кошту перавозак, у асноўным на тэрыторыі Расеі (калі тавар вязуць зь Беларусі туды ці ў Беларусь адтуль). На 50—60% зьменшацца кошты транспартаваньня для нафтапрадуктаў, цэмэнту, бульбы, солі тэхнічнай; на 40—50% для вырабаў і лому чорных мэталаў; на 30—40% для ўгнаеньняў, керамічнай пліткі; на 15—30% для вугалю, лесаматэрыялаў, хлебных ды зерневых грузаў; на 10—40% для большасьці астатніх грузаў. Кошт перавозак па тэрыторыі Беларусі з Расеі ці ў Расею зьнізіцца ня так моцна: для цукру, цэглы, керамічнай пліткі й жалезабэтонных вырабаў на 10—40%, а для астатніх грузаў прыкладна на 10—20%.

На першы погляд здаецца, што беларусы знаходзяцца ў больш выгадных умовах, але ж гэтыя лічбы зьніжак ператворацца ў рэальныя грошы толькі тады, калі беларускі тавар сапраўды паедзе ў Расею. Насамрэч апошнім часам беларускі экспарт у краіны па-за СНД расьце, а ў краіны СНД, у тым ліку ў Расею, падае. Сёлета за сем месяцаў адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй склала 835 млн. даляраў. Увогуле, фінансавыя адносіны Беларускай чыгункі й расейскага Міністэрства шляхоў зносін даволі заблытаныя.

Паводле меркаваньняў экспэртаў, чыгуначныя перавозкі — адна зь нешматлікіх сфэраў, у якой Расея мае запазычанасьць перад Беларусяй. Называецца нават прыкладная лічба той запазычанасьці — 10 млн. даляраў. Але кіраўніцтва БЧ сьцьвярджае, што нічога гэтага няма, бо дзейнічае сыстэма ўзаемазалікаў. Удасканальвалі яе менавіта Рахманько й Аксёненка.

Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0