***

На цыбульным полі ля Сланавіцаў пад Кракавам археолягі раскапалі гіганцкі нэкропаль, збудаваны шэсьць тысяч гадоў таму. Цяжка даць веры, што пад палеткамі хаваюцца гіганцкія дагістарычныя “піраміды”.

Зробленая археолягамі праца дазваляе ўявіць, як могільнік выглядаў у 1-й палове IV тыс. да н.э. Сваімі маштабамі ён уразіў бы ня толькі тагачаснага, але і сёньняшняга гледача.

Фота GAZETA.PL
На вялізнай пляцоўцы стаялі сем будынкаў, даўжынёй ад 40 да 120 м і вышынёй ня менш за 2—3 м кожны. Іхныя сьцены былі складзеныя са шчыльна падагнаных бярвёнаў. Дахі, відаць, таксама былі драўляныя. Толькі адно, найвялікшае збудаваньне было дадаткова прысыпанае зямлёй.

Польскія “піраміды” зусім не былі падобныя да эгіпецкіх: усе будынкі формай нагадвалі выцягнутыя трапэцыі з уваходам з усходняга, шырэйшага боку. За колькі мэтраў ад уваходу зьмяшчалася каменная магільная камора, складзеная з вапняковых глыбаў. У адной з магільняў яна была зробленая з цэльнай гранітнай брылы, прыцягнутай з Татраў (можна ўявіць сабе, якая гэта была праца: сродкам транспартаваньня брылы былі круглыя драўляныя калоды).

Магільні прастаялі гадоў сто, мо дзьвесьце. Потым дрэва струхлела і будынкі абрынуліся. Каб сланавіцкія збудаваньні былі ня з дрэва, яны і сёньня прыцягвалі б да сябе тысячы турыстаў.

Хто пахаваны ў Сланавіцах

Жыхары старажытнай Ангельшчыны ды Ірляндыі былі перакананыя, што іхныя мэгаліты ўзводзілі волаты для сваіх валадароў. Валатоўкамі называюць курганы і беларускія легенды. Аднак людзі, парэшткі якіх былі знойдзеныя ў польскіх “пірамідах”, мелі рост 160—165 см. У кожнай пірамідзе зазвычай знаходзілі адзін касьцяк — найчасьцей мужчыны 35—65 гадоў. Толькі ў адной “пірамідзе” былі знойдзеныя тры каменныя каморы — для бацькі, маці і дзіцяці. Абок мужчыны археолягі знайшлі мядзяны кінжал — рэч унікальную для тых часоў. На жаль, з прычыны высокай кіслотнасьці глебы людзкія парэшткі захаваліся вельмі кепска.

Археолягі мяркуюць, што ў Сланавіцах пахаваная цэлая дынастыя тагачасных мясцовых валадароў. Магчыма, гэта найбуйнейшы такі могільнік у Польшчы, а мо і ва ўсёй Усходняй Эўропе, своеасаблівая польская “Даліна фараонаў”.

Дарога ў Вырай

Старажытныя могільнікі ў Сланавіцах — даніна культу плоднасьці, які панаваў некалі ў Эўропе сярод земляробаў ды жывёлагадоўцаў і выяўляўся ў веры, што ўсё адраджаецца пасьля бачнае, вонкавае сьмерці. Як сонца ўзыходзіць і заходзіць, як нараджаюцца, гінуць і зноў нараджаюцца расьліны, так і людзі: лічылася, пасьля зямной сьмерці яны адраджаюцца для жыцьця ў іншым сьвеце. Вялікая магільня ў форме піраміды азначала дарогу, па якой нябожчык мусіў перайсьці ў сьвет продкаў.

Новаадкрытыя могільнікі ў Польшчы — з той самай сэрыі мэгалітычных збудаваньняў, што і знакаміты Карнак на поўдні Брэтані, дзе знаходзіцца алея з трох тысячаў каменных глыбаў, што і Стоўнхендж у Англіі або эгіпэцкія піраміды, але… на адну-дзьве тысячы год старэйшыя.

Масавыя пахаваньні, як кажа археоляг Мікола Крывальцэвіч, ёсьць і ў Беларусі — на тэрыторыі Краснасельскага археалягічнага комплексу ў Ваўкавыскім раёне. Там быў знойдзены велізарны могільнік — што праўда, не людзей, а парэшткаў забітай жывёлы (мяжа ІІІ—ІІ тыс. да н.э.).

Самыя ж раньнія чалавечыя пахаваньні на тэрыторыі Беларусі — адзіночныя. Ім “усяго” каля 4,5 тысячаў гадоў (датуюцца 2500—2300 г. да н.э.). Яны былі знойдзеныя на паўднёвым усходзе краіны (Гомельшчына, Рагачоўшчына) уздоўж Дняпра і Сажа. Яны “псыхалягічна” больш зразумелыя і блізкія нам, чым краснасельскія ці сланавіцкія: паводле словаў М.Крывальцэвіча, магілы тых часоў — знак шанаваньня ўжо не прыроды, а продкаў. “Дзядоў”, іншымі словамі.