***

15 лiстапада ўрад пастанавiў прадаць свой пакет акцыяў кампанii “Слаўнафта”, які складае 10,83%. Iнтрыга ў тым, што на пазамiнулым тыднi расейскi ўрад аб’явiў, што прадае свае 74,95% акцыяў гэтага прадпрыемства. Расейцы прызначылi аўкцыён на 18 сьнежня, а беларускiя таргi пачнуцца 22 лiстапада. Здаецца, што ўрад мае патэнцыйнага пакупніка на сваю частку акцыяў “Слаўнафты”

Анатомiя “Слаўнафты”

ААТ “Нафтагазавая кампанiя “Слаўнафта” было зарэгiстравана 26 жнiўня 1994 г., яшчэ за прэм’ерствам Вячаслава Кебiча. Да яго стварэньня падштурхнуў крызыс: у 1991—93 г. празь беларускiя нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы праходзіла 12—13 млн. тонаў нафты штогод замест колішніх 33 млн. Каб ня даць Мазырскаму НПЗ зачынiцца, яго было вырашана акцыянаваць, дзеля чаго й дамовiлiся з расейцамi стварыць “Слаўнафту”.

Было выпушчана 4.754.238.000 акцыяў коштам у 0,1 капейкі кожная. Усяго ў “Слаўнафты” 5307 акцыянэраў, але толькi чатыры зь iх маюць пакеты, большыя за 5%. Гэта Мiнiстэрства маёмасных адносiнаў РФ (55,27%), Расейскi фонд фэдэральнай маёмасьцi (19,68%), Мiндзяржмаёмасьць Беларусi (10,83%) і ЗАТ “Дэпазытарна-клiрынгавая кампанiя” (“ДКК”) (12,92%). Апошняя існуе фактычна толькi для таго, каб трымаць адзiным трастам акцыi “Цюменскай нафтавай кампанii”, “Сiбнафты” ды структураў, блiзкiх да былога прэзыдэнта “Слаўнафты” Мiхаіла Гуцарыева. Яна дапамагае ўплываць на палiтыку “Слаўнафты” кампанiям, якiя паасобку не маглi б гэтага рабiць.

“Слаўнафта” — вэртыкальна iнтэграваная кампанiя. Гэта азначае, што яна сама здабывае, перарабляе й прадае сваю нафту. Летась прадпрыемства здабыло 13.529.300 тонаў нафты, што на 3,6% (473 тыс. тонаў) перавышае заплянаваны ўзровень здабычы й на 10,3% (1.258.100 тонаў) — колькасьць нафты, здабытай у 2000 г. Кампанiя валодае 4296 нафтавымi сьвiдравiнамi, 286 зь якiх пачалі выкарыстоўвацца летась. “Слаўнафта” мае 542 аўтабэнзакалёнкi, 18 зь iх — у Беларусi. Кампанiя займаецца ня толькi нафтай, але й газам, якога, праўда, здабывае няшмат. Чысты прыбытак “Слаўнафты” за 2001 г. склаў каля 113 млн. даляраў. Кампанія мае 42,58% акцыяў Мазырскага НПЗ. 41,2% (2.493.800 тонаў) усёй нафты, якая прыходзiць на завод для перапрацоўкi, — прадукт “Слаўнафты”.

Расейскi гешэфт

18 сьнежня расейская дзяржава прадасьць свае 74,95% акцыяў “Слаўнафты”. Гэта будзе найбуйнейшы гешэфт за ўсю гiсторыю расейскай прыватызацыi. Раней такім лічыўся продаж 23% акцыяў “Сувязьiнвэсту” (1997 г.) за 1,8 млрд. даляраў.

Стартавая цана пакету акцыяў “Слаўнафты” складае 1,7 млрд. даляраў. Насамрэч ён каштуе 1,3 млрд., аднак урад вырашыў “накiнуць”, бо з малатка йдзе кантрольны пакет. Аўкцыён будзе адкрытым — пры канцы аўкцыяніст выгукне “Прададзена!” ды грукне малатком. Кожная заяўка ўдзельнiка аўкцыёну будзе каштаваць яму дадатковых 20 млн. даляраў.

Магчыма, “Слаўнафту” прададуць за 2—3 млрд. даляраў. Але й гэтыя лiчбы выглядаюць мiзэрнымi ў параўнаньнi з 17,3 млрд. даляраў, якiя Расеi трэба адшукаць, каб сплацiць налета запазычанасьць Захаду. Менавiта гэта прымусiла расейскi ўрад выпусьцiць з рук сваю апошнюю буйную нафтавую кампанiю.

Беларуская неспадзяванка

Жаданьне беларускага ўраду прадаць свой пакет акцыяў “Слаўнафты” (10,83%) было нечаканым. Стартавая цана пакету — 200 млн. даляраў. Яна перавысiла самыя сьмелыя меркаваньнi (100—120 млн. даляраў).

Прадаваць акцыi будуць празь Беларускую фондава-валютную бiржу. Гэта першы гешэфт такога маштабу ў яе гiсторыi. БФВБ пакуль ня кажа, як менавіта ён адбудзецца. Вядома толькі, што ахвотныя купіць акцыі мусяць пералiчыць задатак 630 млн. расейскiх рублёў (каля 20 млн. даляраў) — на рахунак Фонду дяржмаёмасьцi Мiнiстэрства эканомiкi. Задатак на расейскім аўкцыёне меншы — 450 млн. рублёў (каля 14 млн. даляраў). Гэта, як і высокая стартавая цана, сьведчыць, што ўрад пэўны ў наяўнасьці патэнцыйнага пакупнiка. Наўрад цi дзяржава рызыкуе: занадта вялiкiмi будуць страты, калi акцыi ніхто ня купіць. Натуральна выглядае і жаданьне пазбыцца тых акцыяў: новы ўладальнiк “Слаўнафты”, магутная расейская карпарацыя, і бяз выкупу беларускiх акцыяў будзе мець поўны кантроль над прадпрыемствам.

Беларускi бок нiколi ня меў важкага ўплыву ў “Слаўнафце”. Расейцы чатыры разы зьмянялi кiраўнiцтва кампанii, а Менск нават ня мог выкарыстаць дэкляраванае яму ў часе стварэньня “Слаўнафты” права вэта. Прадаваць беларускія акцыі, як i расейскiя, будуць адзiным пакетам, а не па частках — каб фiнальная цана была большай. Пакупнiк павiнен канчаткова разьлiчыцца яшчэ сёлета, да 31 сьнежня.

Цiкава, што беларусы ня выставiлi свае акцыi на продаж аб’яднаным пакетам разам з расейскiмi, як хацела кiраўнiцтва “Слаўнафты”. Патэнцыйна гэта магло б падагрэць iнтарэс да гешэфту, але беларусам давялося б дзялiць грошы з расейцамi.

Ласыя на “Слаўнафту”

Ёсьць некалькi буйных кампанiяў, якiя жадаюць набыць акцыi “Слаўнафты”. Іх можа зацікавіць і беларускi пакет.

“Сургутнафтагаз” — адзiная кампанiя, што мае вялiкiя вольныя сродкi — амаль 4 млрд. даляраў. “Сургутнафтагазу” не стае нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, яго цiкавяць заводы, якiя кантралюе “Слаўнафта”, у тым лiку Мазырскi НПЗ. 18 лiстапада Ўладзiмер Багданаў, кiраўнiк “Сургутнафтагазу”, тэрмiнова прыляцеў у Менск на перамовы. Для вiзыту былi й iншыя падставы — кампанія цiкавiцца акцыянаваньнем “Нафтану”, “Палiмiру” ды “Азоту”. Летась “Сургутнафтагаз” паставiў у Беларусь 8 млн. тонаў нафты. Ён — самы рэальны прэтэндэнт на наш пакет, але з гледзішча нацыянальных беларускiх iнтарэсаў — найменш пажаданы. Багданаў моцна залежыць ад Крамля, якi праз альянс “Сургутнафтагазу” са “Слаўнафтай” ды праз “Газпрам” будзе навязваць нам сваю палiтыку.

“Сiбнафта” (Раман Абрамовiч і Алег Дзерыпаска) ужо нефармальна кантралюе “Слаўнафту” праз ЗАТ “ДКК”, але сродкаў, каб набыць кампанiю, ня мае. Таму вырашыла ўзяць крэдыт у кампанii “Юкас”, якая сама купляць акцыі ня будзе, абмежаваўшыся працэнтамі з крэдыту. Адмыслова для ўдзелу ў аўкцыёне “Сiбнафта” стварыла даччыную кампанiю “Фiн-Трэйд”, якая атрымала 1,7 млрд. даляраў.

“Цюменская нафтавая кампанiя” (“ЦНК”), якой кiруе Вiктар Вексельберг, таксама ня мае досыць грошай, таму ўсяляк спрабуе зьбiць цану на акцыi “Слаўнафты”. “ЦНК” дамаглася выхаду здабыўчай кампанiі “Вар’еганнафта” з складу “Слаўнафты”. Хоць страта прадпрыемства, якое здабывала для кампаніі 9% нафты штогод, ня дужа адбiлася на стартавым кошце, “ЦНК” спадзяецца, што з-за гэтага ён ня дужа вырасьце падчас аўкцыёну. Яшчэ ў канцы кастрычнiка “ЦНК” выкiнула на замежныя рынкi свае аблiгацыi агульным коштам 400 млн.даляраў, а яе партнэр “Альфа-банк” выпусьцiў 5 лiстапада эўрааблiгацыi на 175 млн. даляраў.

“Лукойл” мо выкарыстае на аўкцыёне тыя 1,2 млрд. даляраў, якiя ён атрымаў за продаж сваёй долi ў азэрбайджанскiм праекце “Азэры-Чыраг-Гюнэшлi”. Але ня варта чакаць, што кампанія кiне ўсе сiлы на набыцьцё “Слаўнафты”: яе кiраўнiцтва больш зацiкаўленае ў распрацоўцы касьпiйскiх радовiшчаў.

“Раснафта” паспрабуе ўзяць пакет акцыяў у хаўрусе з “Газпрамам”, “Мiжпрамбанкам” ды некаторымi замежнымi кампанiямi.

Хто набудзе нашую частку акцыяў “Слаўнафты”, можна толькі прагназаваць. А вось на якую патрэбу пойдуць атрыманыя за іх грошы, сказаць няцяжка: яны дазволяць краiне разьлiчыцца з запазычанасьцямі “Газпраму”. Тэндэнцыя сплачваць запазычанасьці не грашыма, а дзяржаўнай маёмасьцю вiдавочная. Апошнi прыклад — размарожваньне прыватызацыi “Белтрансгазу” ў зьвязку з тымi самымi запазычанасьцямi. Вось толькi акцыi ва ўраду скончацца нашмат хутчэй, чым газ у Расеi. Чым будзем плацiць, як прадамо апошнюю?

Алесь Кудрыцкi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0