***

Нават не спадзяваўся, што дажыву да часоў, калi зь вялiкiм задавальненьнем буду слухаць выступленьнi А.Лукашэнкi.

Апошнiя два ну вельмi ўжо мне спадабалiся. I думкi правiльныя, i словы ў тэму, а запалу – дык на дзесяцёх хопiць. Вось толькi шкада, што за правiльнымi cловамi не адбываецца нiякiх правiльных дзеяньняў. Штосьцi накшталт таптаньня на месцы атрымліваецца. Адна нага быццам бы ходзiць у адзiн бок, у другi, у трэцi… а другая цьвёрда стаiць на адным i тым жа месцы, пакрысе ўрастаючы ў балота. Яшчэ крыху – i можна ўжо ня торгацца, нiчога не дапаможа.

А.Лукашэнка ня ведае паразаў як палітык, усе свае паядынкі ён выйграваў: і з Кебічам, і з Пазьняком, апазыцыяй увогуле. У барацьбе ён як рыба ў вадзе, жыве ёй і ў ёй. А апагеем усяго яго жыцьця будзе той момант, калі ён пераможа галоўнага свайго ворага – самога сябе. Тады ён стане сапраўдным дзяржаватворнікам. Тады будуць паважаць яго, яго краіну, яго народ. І ня будуць зьдзекавацца “дружаственныя” тэлеканалы з акцэнту прэзыдэнта суседняй дзяржавы.

“Перамагчы сябе” – шмат чаго ўтрымліваецца ў гэтых словах... Гэта дэмакратычныя пераўтварэньні ў краіне, гэта ўсталяваньне сяброўскіх адносін з краінамі Захаду – яны галоўныя патэнцыйныя інвэстары нашае заняпалае эканомікі. Гэта й напаўненьне рэальным зьместам дэклярацыяў пра нашу мову, аднаўленьне гістарычных сымбаляў. Дый ці толькі гэта, але гэта найгалоўнейшае. З гэтым будзе стабільная эканоміка, якая разьвіваецца, будуць спартовыя дасягненьні, будзе гонар за сваю краіну ў нашых людзей.

Не хачу быць пэсымістам, але здаецца мне, што галоўнаму свайму ворагу А.Лукашэнка ўсё ж прайграе. Ня хопіць у яго сілаў. Хаця апошнія выступленьні, вяртаюся да пачатку размовы, трохі абнадзейваюць...

Вітаўт І., Гомель

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0