***

Дума забараніла выкарыстоўваць у дзяржаўных мовах суб’ектаў фэдэрацыі лацінскія літары. Найперш гэта закране жыхароў Татарстану, дзе пачаўся паступовы пераход на лацінку.

За праект закону “Аб унясеньні дапаўненьня ў трэці артыкул закону РФ “Аб мовах народаў РФ” прагаласавала пераважная большасьць парлямэнтароў — 336 дэпутатаў. Ад галасаваньня адмовіліся толькі фракцыі “Яблык” і СПС, палічыўшы, што закон накіраваны супраць народаў Расеі. Цяпер усе грамадзяне краіны могуць пісаць толькі кірыліцай, бо лацінка забароненая. Паводле меркаваньня расейскіх парлямэнтароў, “Наяўнасьць адзінай графічнай асновы пісьмовасьці моваў народаў Расеі дазваляе захаваць адзіную культурную і адукацыйную прастору РФ”. Між тым, віетнамцы, кітайцы, армяне, габрэі, што жывуць на тэрыторыі Расеі, карыстаюцца сваёй пісьмовасьцю, акрамя гэтага, у Карэліі з 1989 г. уведзеная лацінка. Падобна, што думская папраўка рабілася адмыслова “пад Татарстан”.

“Мы абаранілі права грамадзянаў на адукацыю і доступ да інфармацыі, — даводзіць старшыня думскага падкамітэту па праблемах моўнай палітыкі, нацменшасьцяў і карэнных нешматлікіх народаў Каадыр-аол Бічалдэй. — Так, калі Татарстан пяройдзе на лацінку, дык пісаць ёй будуць 2 млн. чалавек, што жывуць у рэспубліцы, а 4 млн. татараў за яе межамі рабіць гэтага ня змогуць”.

Затое Фандас Сафіулін, дэпутат ад “Рэгіёнаў Расеі”, мяркуе, што законапраект супярэчыць ратыфікаванай Расеяй канвэнцыі пра абарону правоў нацыянальных меншасьцяў, а таксама сямі артыкулам Канстытуцыі. Дума фактычна паставіла татараў перад выбарам — або захаваць для роднай мовы статус дзяржаўнай і вярнуцца да кірыліцы, або пісаць лацінкай і адмовіцца ад дзяржаўнага статусу.

Перайсьці на лацінку парлямэнт Татарстану вырашыў у верасьні 1999 г. Адбывацца гэта мусіла паступова, цягам 11 гадоў. Правапіс вырашылі зьмяніць таму, што расейская графіка ня цалкам адлюстроўвае асаблівасьці татарскае мовы — па некалькі гукаў пазначаюцца адной літарай. Але лацініца пачатку стагодзьдзя сучасным татарам ня дужа пасавала: мова за гэты час зьмянілася. Больш надаваўся сучасны турэцкі альфабэт, што дало расейскім законьнікам падставу зьвінаваціць татараў у “здрадзе” — незразумела толькі каму або чаму.

Расейская Дума не прыслухалася да рэзалюцыі асамблеі Міжнароднага ПЭН-клюбу, якая прайшла 17—24 верасьня ў Македоніі. У гэтым дакумэнце, прынятым з ініцыятывы беларускай дэлегацыі, выказвалася заклапочанасьць захадамі расейскіх уладаў, што маюцца забараніць лацінку ў краіне. Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭН-клюбу выказала “салідарнасьць і падтрымку навукоўцам і пісьменьнікам, якія змагаюцца за аднаўленьне лацінскага правапісу на тэрыторыі Рэспублікі Татарстан”. У рэзалюцыі быў зьмешчаны заклік да расейскіх уладаў “перагледзець моўнае заканадаўства ў Расейскай Фэдэрацыі, каб усе моўныя супольнасьці мелі аднолькавыя правы й магчымасьці захоўваць і разьвіваць сваю культуру”. ПЭН-клюб настойліва прасіў расейскі ўрад “забясьпечыць у Татарстане бесьперашкодны пераход на лацінскі альфабэт і разглядаць яго як крок да ўмацаваньня лінгвістычнага плюралізму, а не праяву сэпаратысцкіх тэндэнцыяў”.

Апроч Татарстану ў Расеі ёсьць яшчэ ахвотныя перайсьці на лацінскую графіку. Гаворка пра гэта йдзе ў Башкірыі, Якуціі, Туве, аднак канкрэтных дзеяньняў у гэтым кірунку там пакуль не рабілася. У самім Татарстане такія забароны могуць толькі кансалідаваць народ, павялічыць нацыянальную сьвядомасьць. І фэдэральныя ўлады нічога ня змогуць тут зрабіць — хіба што пачнуць караць за віншавальную паштоўку, напісаную лацінкай.

Франц Субель

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0