Пяць гадоў адсутнічаў у роднай вёсачцы Шотава Наўгародзкай вобласьці 23-гадовы Міхаіл Фёдараў. Увесь гэты час афіцыйна хлопец праходзіў службу ў расейскім войску, куды быў прызваны 20 лістапада 1997 г. Ён не застаўся на звыштэрміновую, не служыў кантрактнікам. Проста 29 ліпеня 1999 г. адзін з афіцэраў 503-га мотастралковага палка, дысьлякаванага ва Ўладзікаўказе, здаў малодшага сяржанта Фёдарава “ў арэнду” мясцовым бізнэсоўцам.

— Было во як, — расказвае Міхаіл. — Прывёў ён мяне на КПП нашай часьці і сказаў, што на некалькі дзён я накіроўваюся працаваць вось да гэтага асэтына. Такая дамоўленасьць паміж ім і камандаваньнем часьці. Гэта цяпер гучыць дзіка, але калі паўтара зь лішкам году назіраеш, што кожнага дня праз КПП на работы да “новых асэтынаў” выводзяць салдацікаў, — ня дзівішся.

Якая ўжо там была дамоўленасьць, цяпер ведае адзін Бог. Паводле некаторых зьвестак, за пару рабочых салдацкіх рук “прадавец” атрымлівае ва Ўладзікаўказе ад 100 да 500 расейскіх рублёў (ад 6 да 30 тыс. беларускіх) за суткі. Цана залежыць ад кваліфікацыі вайскоўца-падзёньніка. Калі ў яго будаўнічая ці нейкая іншая патрэбная пакупніку прафэсія, даюць і больш. Могуць узяць адразу на тыдзень, на два. Калі гаспадар трапіцца добры ці спэцыяліст каштоўны, дык ня толькі ежу і пасьцель атрымае салдат, але й грошы. У Міхаіла Фёдарава дэфіцытнай прафэсіі не было.

У арандаванага вайскоўца адабралі вайсковы білет, зьмясьцілі ў асабняк з высокім плотам, дзе трымалі пад нядрэмнай аховай. Так, прызнаваўся Міхаіл, было не заўсёды. Чаму? Вазьму грэх на душу і выкажу здагадку, што не адчуваў сябе Фёдараў тыя некалькі цёплых летніх дзён ні рабом, ні палоньнікам. “Дэмбэлю” сьвяціла пэрспэктыва зарабіць грашанят перад адпраўкай “на цывільняк”, хай сабе і на чорных работах. Дый у гаспадарскім хляве ня горай, чым у душнай казарме.

Але здарылася неспадзяванка. Калі ўсе работы ў арандатара ва Ўладзікаўказе былі выкананыя, паводле слоў Фёдарава, яго пасадзілі ў крытую аўтамашыну (“З камандзірам мы дамовіліся”) і жнівеньскім вечарам з гораду вывезьлі. Як пазьней высьветлілася — у Дагестан. Так пачалася трохгадовая паўночнакаўкаская адысэя малодшага сяржанта Фёдарава.

— На мне проста вырашылі зарабіць, — выказвае меркаваньне Міхаіл. — Але не адразу гэта да мяне дайшло, як і тое, што са мной ніхто больш раіцца пра работу ня будзе. Лёгка сказаць “раб”, але гэтае слова мае на ўвазе прыніжэньні, зьбіцьцё. А тут нічога і не было спачатку: “Міша, дапамажы! Міша, зрабі!” І абяцанкі! Ужо абяцаць яны майстры...

Як і большасьць расейскіх “рабоў”, ён быў пазбаўлены якой бы там ні было магчымасьці зьвязацца з астатнім сьветам. Качаваў па гарах і вёсках Дагестану, Чачэніі, Паўночнай Асетыі. Пашанцавала толькі сёлета, калі яго перапрадалі ў Кабардзіна-Балкарыю, у паселішча Верхні Куркужын. Гаспадары трапіліся добрыя: удзень Фёдараў пасьвіў коз у гарах, а вечарамі быў вольны. Тады і ўдалося яму адправіць у Вялікі Ноўгарад ліст пра сябе дэпутату Дзярждумы Яўгену Зелянову, Герою Расеі, палкоўніку-“аўганцу”, пра якога шмат чуў яшчэ ва Ўладзікаўказе.

— Мы адразу падключылі да працы дэпутата Дзярждумы ад Кабардзіна-Балкарыі Ўладзімера Сохава, у якога па чыстым супадзеньні жонка аказалася родам з гэтай вёскі, — расказаў памочнік дэпутата Аляксандар Уласаў. — Гэта вельмі дапамагло, калі давялося вывозіць Міхаіла зь Верхняга Куркужына.

Што да ваеннай пракуратуры гарнізону Ўладзікаўказу, куды даставілі Фёдарава, дык там высьветлілася, што ён ужо амаль тры гады знаходзіцца ў фэдэральным вышуку як дэзэрцір. Становішча Міхайлава ўскладнялася ня толькі адсутнасьцю дакумэнтаў, але і тым, што 503-і полк да таго часу быў расфармаваны, людзі, якія ведалі былога салдата, разьехаліся. Давесьці, што за тры месяцы да дэмабілізацыі камандзіры аддзяленьняў (якім і быў малодшы сяржант Фёдараў улетку 1999-га) з войска не бягуць, было цяжка. Праўда, работнікі пракуратуры ва ўсім разабраліся і да крымінальнай адказнасьці “дэзэрціра” вырашылі не прыцягваць. Дэмабілізаваўся Міхаіл 11 лістапада, якраз у дзень, калі яму споўнілася 23 гады.

Сам Фёдараў на ўсю гэтую гісторыю рэагуе сёньня вельмі спакойна, калі не сказаць — затарможана: “Усякія гаспадары былі — і благія, і добрыя. Там у іх звычайная рэч, што нашы салдацікі на гаспадарках парабкуюць. З гэтага толькі тут зьдзіўляюцца”. З усіх жаданьняў, якія засталіся пасьля пяцігадовай службы ў войску, самае гарачае — зьезьдзіць у Пензу, дзе, паводле ягоных зьвестак, служыць у міліцыі той самы афіцэр 503-га палка, які прадаў Міхаіла ў рабства. “Я разумею, што нічога даказаць не змагу, — кажа Міхаіл. — Але хоць гляну на яго”.

Генадзь Раўкін, "Известия"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0