***

Аб тым, што ёсьць такія людзі — габрэі, я даведаўся ў пачатковай школе. Невядома з чыёй падачы ўся нашая кляса неяк пачала абмяркоўваць адну захапляльную тэму: аказваецца, Жэня Вігдорчык, Міша Розін, Дзіма Мэндэльсон і Міша Ёфэ — габрэі.

Мы, “звычайныя”, колькі дзён потым падыходзілі да іх і распытвалі, ці сапраўды яны габрэі і што гэта такое. Мы тады для сябе запомнілі: габрэі бываюць добрыя і дрэнныя. Добрыя — гэта як ціхмяны Розін і свойскі Вігдорчык, а дрэнныя — гэта як Ёфэ (Мэндэльсон вечна бегаў дзесьці і ня ўлічваўся).

Ёфэ быў самым маленькім і хваравітым нават у параўнаньні зь дзяўчынкамі, яго да трэцяй клясы за ручку ў школу прыводзілі бацькі. Нягледзячы на пэўнае спачуваньне да Мішы — немаўлём мэдсястра ў раддоме атруціла яго так, што ён ледзьве выжыў, — нашая кляса яго не любіла, бо ён вечна вішчаў і лаяўся са сваёй суседкай, а таксама на ўсё, што мог, скардзіўся настаўніцы. Гэтая нелюбоў да Мішы перарасла ў цкаваньне. Захоплены агульным азартам, я аднойчы запісаў для сябе на прамакатцы вершык “Если в кране нет воды”, а ў канцы прыпісаў яшчэ пару строф асабіста супраць Мішы. І забыўся паперку ў парце. На наступным уроку ў клясу ўварвалася настаўніца і, трасучы ў паветры маёй прамакаткай, зараўла: “Хто гэта напісаў, устаць, а то я ўсё адно даведаюся.” Я ўстаў. Настаўніца павалакла мяне адразу да дырэктара — гэта быў самы вядомы і значны на той час габрэй у горадзе, кіраўнік найлепшай школы вобласьці.

Спадар Мясьнікаў моўчкі выслухаў настаўніцу (у сваёй прамове яна закранала ня столькі маю асобу, колькі свой інтэрнацыяналізм, а таксама мэты перабудовы). Калі яна сышла, дырэктар прачытаў вершы і спытаў: “А што, ня любіце таго Мішы?” — “Ня любім”, — скрозь сьлёзы прапішчаў я. “А супраць габрэяў ты што маеш?” — “Ня ведаю!” Праз хвіліну ён мяне адпусьціў са словамі “Больш так не рабі”.

Наступнай маёй ахвярай быў Вігдорчык. Неяк на пустым калідоры, каля прыбіральні, мы зь ім сустрэліся сам-насам, і ён назваў мяне крыўднай мянушкай. Я даў яму па твары. Ён даў мне таксама, так што мы больш не сябравалі.

Потым была сутычка з Розіным. Мы штурхаліся на лесьвіцы, і я піхнуў яго так, што ён усёй галавой уехаў у агромністы жывот тоўстай настаўніцы. Тая схапіла яго за кучаравыя валасы і хвіліны дзьве тузала туды-сюды, пакуль Міша не пачырванеў. У мяне аж душа зайшлася, як я ўявіў, што мне зараз ад яго будзе. Розін счакаў, пакуль выйдзем са школы, і адвёў мяне ўбок. Гледзячы з-пад паўпрыкрытых павекаў на мае ногі, ён сказаў: “Не хачу з табой цяпер разьбірацца. Вось прыйду ў школу пасьля лета, ужо тады я табе дам. Я папрашу бацьку, каб ён навучыў мяне дзюдо”. Усё лета мяне перасьледаваў прывід Мішы, але наступным верасьнем выявілася, што Розіны зьехалі ў Ізраіль назаўсёды.

Мэндэльсон пратрымаўся ў нас даўжэй за ўсіх (Ёфэ і Вігдорчык таксама зьехалі). Неяк я сварыўся зь ім на фізкультуры, паволі стукаючы каржакаватага Дзіму ў грудзі, як раптам ззаду на мяне скочыў яго сябар Лёша і ўдарыў нагамі ў сьпіну. Я наляцеў каленам на сьцяну і потым гадзіну ня мог хадзіць.

У студэнцкія гады я пацярпеў ад габрэйства сам, прычым вельмі нечакана. Я стаўся носьбітам чыста сэміцкага твару (такіх шмат на Пагарыньні, адкуль маці): гарбаты вялікі нос і ўцягнутыя шчокі. Цяпер я паўсюдна заўважаў пільныя позіркі на мой профіль, усьмешкі і паўзы ў размовах, калі згадваліся габрэі. Альбо наўпростыя пытаньні: “А якое дзявочае прозьвішча Вашае маці?” Зрэшты, гэта мела адзін плюс. Наш прафэсар Рыер успрымаў мяне надзіва станоўча і мала таго што ня выгнаў зь ліку бакалаўраў за пропускі, а яшчэ прапанаваў пісаць у яго дыплёмную і потым дысэртацыю.

Цяпер, наеўшы круглыя шчокі сямейнага дзядзі, сваё ўласнае габрэйства я пакрысе пачынаю губляць і ўспрымаю гэта хутчэй абыякава, чым з радасьцю. Але нядаўна праблема антысэмітызму загучала ў новай якасьці. Мне на вочы папалася дзікая зьвестка пра аднаго чалавека, які можа выявіцца маім продкам. Нейкі стары аршанец Біцюкоў трапіў у паліцэйскую хроніку пачатку ХХ ст., бо падчас габрэйскага пагрому, ледзьве ўзьняўшыся з ложка, дакульгаў да месца бойкі і, ужо ня маючы сілаў забіваць, задавальняўся тым, што калупаўся мыліцай у мазгах мерцьвякоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0