***

За апошні год у краіне зьявілася некалькі новых беларускамоўных часопісаў. Сямейная “Дамініка”, глянцава-эстэцкая “Зямля N” ды абноўлены “Паміж”, які нагадвае ўкраінскі “Четвер” або польскі “Studium”. Ніводнае з гэтых выданьняў не прэтэндуе на “ўсёахопнасьць”, кожнае зь іх спэцыялізаванае. Сваім зьяўленьнем усе тры часопісы абавязаныя жанчынам.

На круглы стол у рэдакцыі “НН” сабраліся рэдактарка “Дамінікі” Крысьціна Вітушка і мэнэджэрка выданьня Аліна Стэфановіч, рэдактаркі “Паміж” Аля Сідаровіч і Эла Кулеш, адказная рэдактарка “Зямлі N” Лія Кісялёва. Апроч іх, у размове бяруць удзел рэдактар часопісу “Arche” Валеры Булгакаў, рэдактарка Інтэрнэт-рэсурсу “Літара.net” Аліса Бізяева, рэдактар “Спадчыны” Аляксей Хадыка, літаратар і выдавец Адам Глёбус, журналіст газэты “Навінкі” Андрусь Белавокі, выканаўчая сакратарка Беларускага ПЭН-цэнтру Вольга Калацкая.

“Дамініка”: трохі сэксу ўтраіх

“НН”: На якую аўдыторыю арыентуецца вашае выданьне?

К.Вітушка: Нішу, на якую прэтэндуе наш часопіс, яшчэ ніхто не займаў. Тое, што выдаецца сёньня ў Беларусі для маладых сем’яў, — збольшага перадрукаванае з расейскіх крыніцаў. Там няма адрасоў спэцыялістаў, да якіх трэба зьвяртацца з сваімі праблемамі. Мы ж зьбіраемся падаваць і такую інфармацыю.

А.Стэфановіч: Зазвычай студэнты, скончыўшы ўнівэрсытэт ды стварыўшы сям’ю, губляюць беларускі асяродак, перастаюць гаварыць на мове. Мы хочам, каб такі асяродак замяніў ім наш часопіс.

В.Булгакаў: Якога накладу спадзеяцеся дасягнуць?

К.Вітушка: Калі мы падлічылі, колькі трэба экзэмпляраў, каб кожная маладая сям’я чытала нас штомесяц, атрымалася 250 тысячаў. Наклад жа першага нумару — 299 асобнікаў, бо мы пакуль ня маем афіцыйнай рэгістрацыі.

А.Глёбус: Гэта пэрспэктыўны часопіс: ён закранае самую галоўную тэму. Бо кніжкі пра гадаваньне дзяцей прадаюцца найлепей.

К.Вітушка: Я чакала, што настаўнікі насьцярожана і варожа зрэагуюць на гэты нумар, дзе прапануюць дзеля ўзняцьця настрою займацца ці сэксам утраіх, ці мастурбацыяй. Але самыя натхнёныя водгукі былі менавіта ад настаўнікаў.

В.Булгакаў: Тут прагучалі амбітныя заявы пра 250 тысяч накладу. Але ці можа беларускамоўны часопіс такога дасягнуць?

А.Стэфановіч: Мы будзем зьмяшчаць інфармацыю, карысную людзям, якія жывуць тут. Падаваць канкрэтныя адрасы й тэлефоны цэнтраў, куды можна прыйсьці, прыкладам, з праблемай алергіі, падказваць, дзе шукаць разнастайныя паслугі ў Менску і іншых гарадох Беларусі і г.д. Гэтай інфармацыі нідзе больш ня знойдзеш.

В.Булгакаў: Культурніцкія выданьні, як правіла, існуюць на гранты. А часопіс кшталту вашага мусіць прыцягваць рэкляму. Як посьпехі ў гэтым кірунку?К.Вітушка: Людзі, якіх мы прасілі стаць рэклямадаўцамі, пагаджаліся вельмі ахвотна. І сёньня супрацоўніцтва зь імі тармозіцца толькі з прычыны адсутнасьці рэгістрацыі. На будучыню ў нас распрацаваная свая сыстэма, якім чынам кожная старонка будзе аплачвацца рэклямадаўцамі. Нам абяцаюць, што праз тры месяцы нас зарэгіструюць — тады можна будзе пабачыць вынікі.

А.Хадыка: Калі існаваў выдавецкі цэнтар пры Гуманітарным ліцэі, наклады выдадзеных ім казак Пэро, мадам дэ Сэгюр былі па 100 тыс. І гэта ўсё акуплялася, выдаўцы былі сур’ёзнымі капіталістамі. На вашым месцы я б абавязкова даваў у кожным нумары казкі — хай нават ня ўласна беларускія.

К.Вітушка: Пакуль што ў нас будуць дзіцячыя старонкі зь беларускага фальклёру. З наступнага нумару пачнём друкаваць пералік беларускай дзіцячай літаратуры, якая ёсьць у менскіх кнігарнях: дзе, што, па якіх коштах, якім накладам выдадзена. Будзем супрацоўнічаць з выдавецтвамі, каб мець іхныя пляны выданьня беларускай дзіцячай літаратуры.

В.Булгакаў: Існыя літаратурныя часопісы часта дакараюць, што адны і тыя асобы друкуюцца ў іх з нумару ў нумар. Вельмі важна, каб ваш часопіс ня стаў асяродкавым, каб ня стаў органам нейкай групы, дзе пастаянна друкуюцца адны і тыя ж аўтары.

К.Вітушка: А мы якраз-такі хацелі б захаваць пэўную ілюзію асяродкавасьці. Ня ведаю, наколькі вы пастаянныя чытачы таго ж “Касмаполітэну”, але ў яго ёсьць свой асяродак. Пачынаеш чытаць часопіс штомесяц — і здаецца, што далучаешся да пэўнага асяродку людзей з пэўным сьветапоглядам. “Касмаполітэн” — часопіс, які стварае настрой: прачытаеш — і хочацца нешта рабіць, пайсьці скінуць пару кіляграмаў, купіць сабе што-небудзь.

Аліна Стэфановіч: Іхны ідэал, “Косма-дзяўчына” (альбо “дзяўчына ў стылі Косма”), — гэта ж таксама кланавасьць: маўляў, мы вось такія.

В.Булгакаў: Вашае выданьне — забаўляльнае. Навошта расейскамоўнаму чытачу напружваць свае мазгавыя зьвіліны, каб перапрацоўваць тэкст, напісаны на мове, якую ён штодня не карыстае?

К.Вітушка: Мне не здаецца, што мы моцна забаўляем людзей, калі прапануем ім паразважаць, скажам, пра выбар паміж кар’ерай і сям’ёй. Наўрад ці можна забаўляцца, калі чытаеш пра дзіцячыя хваробы. Асабліва калі на такую хваробу пакутуе тваё ўласнае дзіця.

А.Стэфановіч: І чаму мы так баімся забаўляльных выданьняў, музыкі? Тое, што мы спрабуем аддзяліць беларускае ад забаўляльнага, — вельмі штучна, ненатуральна. Таму ў людзей і ствараецца ўражаньне, што беларускае — гэта лапці, а пра сэкс утраіх па-беларуску ня можа быць. Чаму ня можа быць? Можа!

“Паміж”: Жыць тут і цяпер

А.Сідаровіч: Наш часопіс — камэрны праект: ён робіцца сёньняшнімі і былымі студэнтамі, вольнымі слухачамі аддзяленьня філязофіі й літаратуры Беларускага калегіюму, якое ачольвае Валянцін Акудовіч. Усе астатнія могуць зьявіцца выключна як героі інтэрвію, рэцэнзіяў.

“НН”: “Дамініка” абвясьціла, што іхная мэта — наклад у 250 тыс. асобнікаў. А ў вас якія мэты?

А.Сідаровіч: Мы робім часопіс, як нам хочацца, як мы гэта бачым. Калі чалавек, якому цікава перакласьці Гербэрта, прыносіць файны пераклад — мы яго друкуем. Калі чалавек піша ўласны тэкст і мы бачым, што гэта файна, — мы яго друкуем. Гэта часопіс нашага асяродку, вось і ўсё.

В.Булгакаў: Часопіс “Паміж” моцна прывязаны да Беларускага калегіюму. Але рэдактар яго ня сталая асоба — Валянцін Акудовіч, прыкладам, — а студэнткі й студэнты. Ці не адбудзецца абрыў традыцыі з наборам іншых студэнтаў? Ці тая група, якая сёньня робіць часопіс, будзе яго рабіць і надалей?

Э.Кулеш: Для нас галоўнае — жаданьне ствараць часопіс, а ня сам часопіс. Першы нумар рэдагаваў зусім іншы чалавек, другі нумар рабілі мы з Аляй. І мы ня ведаем, хто будзе рабіць трэці. Тэксты зьбіраюцца ў нас — напэўна, рабіць будзем мы. Але надалей мы не прагназуем — вось такая псыхалягічная формула “жыць тут і цяпер”. Калі прыйдуць студэнты, якія скажуць, што ім гэта не патрэбна і не цікава, дык і часопісу ня будзе.

“НН”: Чаму вы выбралі героем другога нумару Міхала Анемпадыстава?

А.Сідаровіч: Ён падараваў Беларусі “Народны альбом”. М.Анемпадыстаў разьняволіў нас, навучыў сьмяяцца, пашырыўшы межы сьмешнага да падзеяў міжваеннай гісторыі. У гэтай рамантычнай традыцыі ён нашчадак Уладзімера Караткевіча. Але пасьля гучнага посьпеху “Народнага альбому” ў 1997 г. на Міхала нібыта забыліся, што добра мяне засмучала, пакуль я не наважылася на гутарку сама. Таму і запрасілі яго.

“Зямля N”: Далікатэсны часопіс

Л.Кісялёва: Нашае выданьне прызначаецца “разбэшчанаму” чытачу — які ведае, што ёсьць 15—20 высокаарганізаваных асобаў, якія нешта пішуць, ствараюць. Наш чытач ужо азнаёміўся з шэдэўрамі сусьветнай літаратуры і думкі ў перакладзе на матчыну мову. І ён пачынае круціць носам: “Калі вы такія разумныя, чаму ў вас выданьні на газэтнай паперы? Чаму ў вас такая кепская склейка?” Так зьявілася ідэя зрабіць інтэлектуальны часопіс на высокім паліграфічным і дызайнэрскім узроўні. Хтосьці павінен наталяць прагу спажыўца здаровай рэгулярнай ежай, інтэлектуальнай “чаркай і шкваркай”. Але раз на год (у ідэале — два разы на год) можа выходзіць і такі часопіс, як “Зямля N”, — кшталту далікатэсу.

“НН”: Вашае выданьне яшчэ больш элітарнае, чым “Паміж”?

Л.Кісялёва: Надварот, яно дастаткова дэмакратычнае: інтэлектуальнае, але без снабізму. І, паколькі яно прыгожае, можа прыцягнуць увагу часткі аўдыторыі, якая звычайна адварочваецца ад беларускіх выданьняў, бо яны ня надта прывабна выглядаюць.

“НН”: Чаму эміграцыя была абраная тэмай нумару?

Л.Кісялёва: У нашым часопісе ёсьць такія словы: “Эміграцыя — гэта сьмерць”. Калі эміграцыя — гэта сьмерць, дык і сьмерць — гэта эміграцыя. Так атрымліваецца, што тэма збольшага чапляе ўсіх.

“НН”: Ці можа выйсьці нумар вашага часопісу, прысьвечаны “герою нашага часу”? Аўтары выданьня “Паміж” выбралі М.Анемпадыстава...

Л.Кісялёва: Мы распрацоўвалі такі праект — прысьвяціць цэлы нумар Сяргею Верацілу.

Адам Глёбус: “Зямля N” — культурны часопіс. Не літаратурны! Гэты часопіс — твор мастацтва, самакаштоўная рэч.

Л.Кісялёва: Так, у нас не літаратурны часопіс. Калі мы вызначалі рэдакцыйную пазыцыю, мы вырашылі, што прыгожага пісьменства на старонкі нашага часопіса не дапусьцім.

“НН”: Вы ня бачыце пэрспэктываў для новых літаратурных часопісаў?

Л.Кісялёва: Мы лічым, што ў літаратараў ёсьць пэўная колькасьць выданьняў, і яны могуць друкавацца там. У нас могуць друкавацца ўсе астатнія. Праўда, кожны раз, калі бачыш нешта вартаснае, даводзіцца рабіць выключэньне. Але гэтыя людзі выступаюць у нас ня ў якасьці літаратараў.

В.Булгакаў: Ці мае шанцы на разьвіцьцё часопіс, які выдаецца ў такім паліграфічным афармленьні і на выданьне аднаго нумару якога патрэбныя вялікія грошы?

Л.Кісялёва: Не такія ўжо і вялікія… Мы хочам павялічыць наклад — для пачатку хаця б да тысячы асобнікаў. Хацелі б (ізноў жа — для пачатку) выходзіць два разы на год.

Кожная з прадстаўнічак новых беларускіх часопісаў чымсьці падобная да свайго выданьня. Крысьціна Вітушка і Аліна Стэфановіч — такія сабе сямейныя маладзіцы, заклапочаныя дзецьмі й мужамі, алергіямі й цырульнямі. Або прынамсі хацелі такімі падацца. “Жанчына-вамп” Лія Кісялёва бесьперастанку выходзіла папаліць разам з Адамам Глёбусам, саркастычна адказвала на пытаньні й закіды. Аля Сідаровіч і Эла Кулеш паліць не хадзілі — пілі гарбату ды разважалі пра літаратуру й філязофію. Словам, імідж адпавядае выданьням. Значыць, людзі на сваім месцы.

Гутарка зладжаная дзякуючы дапамозе Беларускага ПЭН-цэнтру. Поўны тэкст будзе надрукаваны ў часопісе “Arche”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0