29.11.2002 / 13:00

Гульня ў жыцьцё, як у тэатар

Гутарка з Ірынай Шаблоўскай, прафэсаркай БДУ і Гранадзкага ўнівэрсытэту.

Ірына Шаблоўская: У Менску няма ні гішпанскага кансуляту, ні пасольства. Мы наагул нібы не існуем для Гішпаніі як суб’ект міжнароднага права. Гішпанскія амбасады ёсьць у Маскве і ў Варшаве.

Ірына Шаблоўская— літаратуразнаўца, доктарка філялягічных навук, прафэсарка БДУ, спэцыялістка па славянскіх літаратурах. З 1999 г. да кастрычніка 2002 г. выкладала параўнаўчую гісторыю славянскіх літаратураў (кампаратывістыку) ва ўнівэрсытэце Гранады.  Фота Андрэя Лянкевіча
Ірына Шаблоўская— літаратуразнаўца, доктарка філялягічных навук, прафэсарка БДУ, спэцыялістка па славянскіх літаратурах. З 1999 г. да кастрычніка 2002 г. выкладала параўнаўчую гісторыю славянскіх літаратураў (кампаратывістыку) ва ўнівэрсытэце Гранады. Фота Андрэя Лянкевіча
У Польшчы прайсьці працэдуру прасьцей, але некаторыя моманты зручней вырашаць у Маскве… З Гішпаніяй у нас няма ніякіх афіцыйных кантактаў. Справамі Гішпаніі займаецца беларуская амбасада ў Францыі. Гэта проста сьмешна: каб атрымаць якую-небудзь паперку, трэба ехаць у Парыж! А калі ў мяне скончыцца дазвол на свабодны праезд у Гішпанію, давядзецца зноў прайсьці праз вар’яцкія выпрабаваньні ў Маскве.

“НН”: Што ведаюць у Гішпаніі пра Беларусь?

І.Ш.: Ведаюць Чарнобыль. Беларускія дзеці прыяжджаюць туды ўжо амаль 10 гадоў, дзякуючы грамадзкім фондам і насуперак чыноўнікам. Ініцыятары з гішпанскага боку сутыкаюцца зь вялікімі праблемамі: там няма нашай амбасады, няма кансуляту, Парыж — далёка...

А ўвогуле Беларусь ведаюць мала. Болей ведаюць Польшчу, бо зь ёй ёсьць кантакты на ўсіх узроўнях. Палякі выдзелілі мноства стыпэндыяў для гішпанцаў, якія вывучаюць польскую мову. У адказ гішпанцы выдзелілі стыпэндыі для палякаў. Падпісаныя двухбаковыя дамовы пра супрацоўніцтва, абмен выкладчыкамі паміж унівэрсытэтамі. У Гранадзе стала выкладаецца ня толькі польская мова, але й літаратура.

У адным унівэрсытэце — 20 беларусаў

“НН”: А беларускую вывучаюць?

І.Ш.: Ва ўнівэрсытэце, дзе я працавала, выкладаюць, акрамя расейскай, шэсьць славянскіх моваў: украінскую, польскую, чэскую, сэрбскую, славацкую, баўгарскую. Ужо адзін сэмэстар выкладалася і беларуская — пакуль як факультатыў. Вельмі ахвотна запісваюцца. Нават зь іншых факультэтаў — не зь філялягічнага. Праўда, ім было цяжэй, калі яны бачылі, што ў нас не лацінка, як у палякаў ці чэхаў… А ў філёлягаў-славістаў вялікая зацікаўленасьць, бо нашая мова захавала старажытныя лексычныя пласты. І выкладчыкі гістарычнай граматыкі й дыялекталёгіі кажуць, што безь беларускай мовы немагчыма абысьціся.

Зь пісьменьнікаў ведаюць Быкава, ягоны раман “Знак бяды”. Ведаюць Сьвятлану Алексіевіч: ейная “Чарнобыльская малітва” перакладзеная. А наагул перакладаў зь беларускай там мала. Як і зь іншых славянскіх моваў. У нас таксама небагата перакладаў з гішпанскай. Адно, што мяне цешыць, — ёсьць вершы Лёркі ў выдатным барадулінскім перастварэньні. Мая гішпанская асьпірантка нават узяла гэтыя пераклады тэмай для сваёй кандыдацкай працы.

“НН”: А ці шмат беларусаў у Гішпаніі?

І.Ш.: Ня ведаю, наколькі многа, але ёсьць. Найперш гэта тыя, хто прыехаў вучыцца. У Гранадзкім унівэрсытэце такіх чалавек 20 — на славістыцы, на факультэце мастацтваў, на юрыдычным, на гішпаністыцы. Трапляюцца і дзяўчаты, што павыходзілі замуж за гішпанцаў.

“НН”: Яны аб’яднаныя ў якое-небудзь зямляцтва?

І.Ш.: На жаль, такога няма. Там я сустрэла дзьвюх дзяўчатак, якія вывучалі русістыку. Прапанавала ім прыгадаць, адкуль яны родам — яны з такім захапленьнем пачалі рабіць працы па беларускім фальклёры! У Гішпаніі гэта вельмі вітаюць.

“НН”: Раман Сэрвантэса “Дон Кіхот” прызнаны лепшай кнігай тысячагодзьдзя. Між тым, па-беларуску няма паўнавартаснага перакладу гэтай кнігі з мовы арыгіналу — толькі з расейскай.

І.Ш.: Безумоўна, гэта зьбядняе нашу культуру. Але цяпер, я бачыла ў Інтэрнэце паведамленьне — робіць пераклад Якуб Лапатка. Ён перакладае з арыгіналу, улічваючы тыя супольныя рэаліі, якія былі падобныя ў эўрапейскіх краінах — Гішпаніі і Беларусі. Было магдэбурскае права і іншыя зьявы, якіх не было ў Расеі. І таму перакладаць на беларускую мову — значна прасьцей, чым на расейскую, але трэба многа ведаць. Як гэты раман перакласьці на мову краіны, дзе не было рыцарства, а толькі агіяграфія? У нас няма беларуска-гішпанскага слоўніка. Я чула, што нейкі энтузіяст стварыў-такі яго. Але ён жыве ня ў Менску і дагэтуль свайго слоўніка ня выдаў.

Бык мае права забіць

“НН”: “Самая гішпанская” традыцыя ў нашым успрыманьні — карыда. Калі мы дамаўляліся на сустрэчу, вы казалі, што можаце патлумачыць, чаму цяпер не шкадуеце забітых там быкоў...

І.Ш.: Я цэлы год пражыла на пляцы дэ Тора, пляцы карыды. Атмасфэра сьмерці, якая атачае карыду, не надавала жаданьня пайсьці на яе. Але я вырашыла, што павінна зрабіць гэта, каб зразумець гішпанцаў. Раз мне падабаецца гэтая краіна, якая сьпявае і танчыць, якая любіць жыцьцё, я мушу зразумець і карыду!

Гішпанцы не шкадуюць быкоў, забітых на арэне. У нас іншая традыцыя: мы шкадуем коцікаў, зайчыкаў, парсючкоў. Аднак парсючкоў, трусікаў мы забіваем і ямо — і не жадаем ведаць жорсткую праўду. Чаму гішпанцы не шкадуюць быка на карыдзе? Бо быку даецца права забіць тарэадора. Тарэадор сьвядома ідзе на сьмерць. Вельмі часта бывае, што бык забівае яго. Быка ўсё адно заб’юць — на мяса. Але гішпанцы даюць яму магчымасьць годна, з гонарам пайсьці з жыцьця! Змагацца з тарэадорам і забіць яго. Карыда мае сваю філязофію — філязофію жорсткага жыцьця, жыцьця на арэне. Гэта такі старажытны рытуал. Традыцыя ідзе ў глыбіню на стагодзьдзі. Бацькі і продкі так рабілі — і сёньня так будуць рабіць!

“НН”: Нейкі жорсткі рытуал...

І.Ш.: Я прыняла карыду як частку іншай культуры, частку арганічную, упісаную ў гэтую культуру. Гэта ня жорсткасьць — больш добрых паміж сабой людзей я ня бачыла. Гэта ў нас я проста шарахаюся ад людзей — асабліва ў мэтро, бо ўвесь час памятаю пра “Нямігу”.

Днём адпачываюць, а ўначы гуляюць

“НН”: Што вам найбольш спадабалася ў Гішпаніі?

І.Ш.: Тое, як там жывуць людзі. Гэта розьніцца ад Амэрыкі, ад Канады… Гішпанцы вельмі ганарацца тым, што іхная мова займае чацьвёртае месца ў сьвеце па распаўсюджанасьці. Там поўна эмігрантаў. Але ўсё ж Гішпанія застаецца монанацыянальнай краінай. І там вельмі шануюць звычаі і традыцыі — так, як, можа быць, ніхто больш не шануе.

Я была ў Андалюсіі — там мноства ўсялякіх сьвятаў, і само жыцьцё ўспрымаецца як сьвята. Гэта характэрна для ўсёй Гішпаніі. Чалавек жыве дзеля таго, каб радавацца, наталяцца асалодай гэтага жыцьця. І працуе, і вучыцца — дзеля таго, каб жыць. Неяк гэта ўсё спалучаецца...

А традыцыйныя сьвяты? Ну чаму, скажыце, трэба цягаць па горадзе з раніцы да вечара “трона” — вялікі памост, на якім стаіць абраз з таго ці іншага храму? Прычым носяць па загадзя абумоўленым маршруце і дакладным раскладзе — можна набыць спэцыяльна выдадзеную кніжачку з раскладам, дзе і калі будзе праходзіць працэсія. І нясуць спэцыяльна апранутыя мужчыны гэты памост па вузкіх вулачках. Разьлічана да сантымэтра, дзе прайсьці, дзе спыніцца. А навокал поўна народу — ідзе ўся парафія. І задаешся пытаньнем: “Дзеля чаго?” Ёсьць людзі, якія лічаць, што гэта ўсё састарэла, што гэтага ня трэба рабіць. Але робяць у працяг традыцыі. У нейкім сэнсе, так ствараецца тэатар жыцьця. Вось так хадзілі продкі — і мы пройдзем! Гэта такая гульня ў жыцьцё, як у тэатар!

“НН”: Штодзённы карнавал?

І.Ш.: Можа быць! Праўда, што тычыцца рэлігійных сьвятаў, там крыху іншае. Але вось гэты карнавал жыцьця ў “сьвецкіх” сьвятах вельмі адчувальны.

Напрыклад, кожны горад і нават ягоная частка (як у нас Серабранка, Малінаўка) мае свае фіесты. Што, напрыклад, азначала фіеста ў нашым раёне? Побач у нас Пляза дэ Тора — пляц, дзе звычайна адбывалася карыда. У пятніцу сьвята тут, у суботу — за 300 мэтраў справа, а ў нядзелю — яшчэ за 500 мэтраў ад гэтага месца. Усё ў межах аднаго кілямэтра!

Вакол сцэны зьбіраюцца людзі. Выходзіць аркестар, гітарыст пачынае граць — і зьяўляюцца дзяўчаты. Гэта ўсё на ўзроўні самадзейнасьці, але яны не пачаткоўцы, яны вучацца — ходзяць на курсы флямэнка, вучацца сьпяваць. Усё перадаецца ад бабулі да ўнучкі — праз куфар, дзе шыкоўныя нацыянальныя строі ляжаць... І дзяўчаты танцуюць, сьпяваюць. А людзі сядзяць, слухаюць. Нехта прыходзіць, нехта сыходзіць — усё ж доўжыцца тры гадзіны. Сьвята потым працягваецца ўсю ноч — у розных варыянтах.

На дыскатэках сьпяваюць фальклёр

“НН”: А на вялікае сьвята вы траплялі?

І.Ш.: Так, у Гранадзе фіеста цягнецца сем дзён. Днём адпачываюць, а ўначы гуляюць. У гэтай краіне горача, таму днём там асабліва не паходзіш... За горадам ёсьць спэцыяльнае месца, дзе звычайна адбываецца вялізарны кірмаш, памерам з нашыя Ждановічы. На гэтым месцы гішпанцы ставяць павільёны — “касэты”. Тут можна замовіць абед, калектыўна пагуляць. І дзяўчаты танчаць — усе апранутыя ў нацыянальныя строі. І нават маленечкія, якія яшчэ сядзяць у вазочках, — ужо ў пантофельках для флямэнка, у нацыянальных строях...

Яны ведаюць словы ўсіх сваіх народных песень і сьпяваюць іх на дыскатэках, куды ходзяць нават сталыя людзі. Для нас гэта дзікунства! У нас на дыскатэках толькі моладзь. У Гішпаніі там танчаць сямейныя пары рознага веку. І гучыць у большасьці гішпанская музыка, гішпанскія словы. Яны танчаць пасадобль, сэрвільянас, сальса (лацінас), фанданга — і сьпяваюць. Вось гэта культура! Вось гэта той фон, аснова, зь якой уздымаецца чалавек. Чалавек, які разумее, хто ён, і ганарыцца ўсім гэтым. І ў гэтым моц чалавека!

Яны мяне пераканалі, што самае галоўнае — нацыянальная ідэя. Але яна павінна быць вось так распаўсюджаная ў традыцыях, у культуры, ва ўсім, што тычыцца чалавека і яго псыхалёгіі. Як прарасла гэтая ідэя праз усё жыцьцё гішпанцаў — гэта проста неверагодна!

Гутарыў Аркадзь Шанскі

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру