Адначасова з гістарычным візытам Буша ў Вільню ў Літве афіцыйна распачалася прэзыдэнцкая кампанія.

Галасаваньне адбудзецца 22 сьнежня, у адзін дзень зь мясцовымі выбарамі, за два дні да Куцьці. Цяжка было знайсьці больш недарэчны час. Ужо цяпер у Літве, як у любой іншай эўрапейскай краіне, адчуваюцца блізкія Каляды. Пасьля 20-га сьнежня людзі занятыя перадсьвяточным клопатам. Рэкляма кандыдатаў губляецца сярод кідкіх перадкалядных анонсаў сьвяточных акцыяў і зьніжак. Апрача таго, усе перадвыбарчыя плякаты зробленыя паводле аднолькавага ўзору, бо існуе адпаведнае патрабаваньне Вышэйшай выбарчай камісіі. А кандыдатаў на гэтых стандартных плякатах як ніколі шмат.

Літоўскія мэдыі кпліва заўважаюць, што толькі паводле колькасьці кандыдатаў - а іх зарэгістравана 17 - сёлетнія выбары маглі б прэтэндаваць на месца ў кнізе рэкордаў. У 1993 г. Літва абірала паміж двума: Альгірдасам Бразаўскасам ад сацыял-дэмакратаў і Вітаўтасам Ландсбергісам ад кансэрватараў. На выбарах-97 кандыдатаў было ўжо сямёра. А сёлета - ажно 17. У Літве жартуюць: нельга называць літоўцаў "нацыяй, якая вымірае", журналісты пасьпяшаліся з высновамі пасьля вынікаў нядаўняга перапісу. Хай сабе нараджальнасьць невысокая, але якая прагрэсія палітычнай актыўнасьці! Ды 17 кандыдатаў - гэта не адзіны кур'ёз выбарчае кампаніі.

Брат на брата

За пасаду гэтым разам змагаюцца, не зважаючы ні на пар-тыйную прыналежнасьць (як стар--шыня Саюзу лібэралаў Лі-т-вы- (СЛЛ) Эўгеніюс Гентвілас і сябар СЛЛ журналіст Вітаўтас Мату-ля--ві-чус), ні на крэўнае сваяцтва - як той самы Матулявічус і ягоны родны брат Альгімантас.

Самая папулярная ў Літве - цяпер кіроўная партыя сацыял-дэмакратаў, але яе лідэр, прэм'ер А.Бразаўскас, у выбарах ня ўдзельнічае. Іншая буйная палітычная сіла Літвы - партыя кансэрватараў "Саюз Айчыны" - падтрымлівае кандыдатуру цяперашняга прэзыдэнта Валдаса Адамкуса, які мае найвышэйшы рэйтынг. Апрача В.Адамкуса, ёсьць яшчэ два кандыдаты, якія не жылі ў Літве да незалежнасьці. Адзін зь іх - колішні сябар і калега В.Адамкуса, амэрыканскі літовец, актыўны грамадзкі і палітычны дзяяч Казіс Бобяліс (парлямэнтар, лідэр партыі хрысьціянскіх дэмакратаў). Другі - аўстралійскі літовец, бізнэсовец Ёзас Пятрайціс.

Сярод кандыдатаў - лідэры многіх партыяў: лідэр сацыял-лібэралаў Артурас Паўлаўскас, лідэр лібэральных дэмакратаў Раландас Паксас, Казімера Прунскене, што кіруе саюзам Сялянскай партыі і партыі Новых дэмакратаў, кіраўнік партыі "Сацыял-дэмакратыя-2000" Рымантас Дагіс, кіраўнік Цэнтрысцкага саюзу Кястуціс Главяцкас.

Адамкус наперадзе

Вынікі апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў сьведчаць, што за В.Адамкуса гатовыя галасаваць 34,3% рэспандэнтаў. Пасьля В.Адамкуса найбольшую колькасьць галасоў маюць цяперашні старшыня Сойму А.Паўлаўскас - 10,6%, Р.Паксас - 6,6% і К.Прунскене - 4,8%. Рэйтынгі ўсіх траіх за мінулы месяц узьняліся. Праўда, К.Прунскене апярэдзіў вядучы гумарыстычнай перадачы Вітаўтас Шэрэнас - 6,6%, што сталася яшчэ адным кур'ёзам сёлетняй кампаніі - зрэшты, кур'ёзам сумным. Як зазначыў штотыднёвік "Siauries Atenai" ("Паўночныя Атэны") - адно з найбольш сур'ёзных выданьняў Літвы, - гісторыя з В.Шэрэнасам, прынамсі, дае падставы задумацца, колькі людзей у Літве асноўную інфармацыю атрымоўваюць толькі праз "Dviraciu zinios".

"Dviraciu zinios" ("Навіны ровараў") - папулярная вечаровая перадача, толькі зь якой В.Шэрэнас і вядомы. Гэта гумарыстычныя штодзённыя навіны на незалежным літоўскім канале LNK, перадача даволі легкадумная і павярхоўная, бадай, бульварнага кірунку. У сьпісе кандыдатаў В.Шэрэнас і прадстаўлены як "вядоўца тэлеперадачы", ніякая партыя яго кандыдатуру не падтрымлівае. Ніякага досьведу палітычнае працы В.Шэрэнас ня мае, яго перадвыбарная праграма досыць цьмяная. Затое ён - штовечары на тэлеэкране, у перадачы, якую ахвотна глядзяць і абмяркоўваюць па ўсёй Літве, яго кандыдатуру падтрымлівае найтаньнейшая ў краіне скандальная буль-варная газэта "Vaka-rines naujenos" ("Вечаровыя навіны").

Бальшыня кандыдатаў ня мае нават тэарэтычных шанцаў быць абранымі. Чаму ж іх гэтак шмат? Адна з прычынаў - нескладанасьць працэдуры рэгістрацыі. Ахвотным стацца кан-дыдатам у кіраў-нікі Літвы трэба падаць у Вышэйшую выбарчую камісію заклад ў 5,5 тыс. літаў (каля 1,6 тыс. даляраў), які вяртаецца пасьля падачы сабраных 20 тыс. подпісаў, неабходных для рэгістрацыі. Нават на выбарах у літоўскае раённае самакіраваньне кандыдаты рызыкуюць больш.

Непапулярны кандыдат

Невялікае зьніжэньне рэйтынгу В.Адамкуса тлумачаць ягонай занятасьцю перад сустрэчай у Празе і візытам прэзыдэнта ЗША ў Літву, а таксама па-дзе-ньнем папулярнасьці Партыі кан--сэр--ватараў, якая падтрымлівае яго кандыдатуру. Аднак папулярнасьць партыі - зусім не гарантыя посьпеху для кандыдата. Самая папулярная партыя ў Літве - сацыял-дэмакраты. І менавіта яе кандыдат, Віценіс Андрукайціс, паводле апошняга рэйтынгу, апынуўся на 13-м месцы па сваёй папулярнасьці. Сацыял-дэмакраты сабраліся на тэрміновы сход і пастанавілі адклікаць кандыдатуру В.Андрукайціса, але ён сам на гэты сход не зьявіўся - паехаў на сустрэчу з выбаршчыкамі. А.Бразаў-скас адмовіўся даваць інтэрвію наконт гэтага і толькі неахвотна адказаў журналістам, што гэта ўсё "ўнутрыпартыйныя справы". Мэдыі ж паведамілі, што сацыял-дэмакраты болей не падтрымліваюць В.Андрукайціса. Але ніякай афіцыйнай заявы партыя пакуль не зрабіла. Рэклямныя плякаты Андрукайціса з подпісам А.Бразаўскаса "пад-трымліваю" засталіся некранутыя. А выбаршчыкі канчаткова заблыталіся: калі адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў - не кандыдат ад гэтай партыі, дык каго ён прадстаўляе? А калі -А.---Бра-заўскас па-ранейшаму пад---трымлівае В.Андрукайціса, дык чаму адкрыта пра гэта не заяўляе?

Ня так трымаўся

У Літве кожны ведае - вельмі шмат пра гэта пішацца і гаворыцца, - што прэзыдэнт абавязаны, паводле Канстытуцыі, займацца толькі замежнай палітыкай, аховай краю і часткова заканадаўчымі ініцыятывамі - таму на абяцанкі кандыдатаў "навесьці парадак", "павялічыць пэнсіі і заробкі" людзі глядзяць скептычна альбо проста не зважаюць. Абіраючы прэзыдэнта, літоўцы абіраюць імідж сваёй краіны ў сьвеце ды кірунак замежнае палітыкі. Таму зусім мала ўзьняўся рэйтынг Артураса Паўлаўскаса - літоўцам не спадабаліся ягоныя паводзіны падчас апошняе паездкі ў Маскву, дзе ён "не трымаўся з належнай годнасьцю" (А.Паўлаўскас на мінулых выбарах ішоў амаль нароўні з В.Адамкусам).

Прунскене і замежныя спэцслужбы

Важнай часткай іміджу выбаршчыкі лічаць і рэпутацыю кандыдата. Заўважна зьнізіліся рэйтынгі тых, каго апошнім часам злавілі на падманах. Так, вышэйшая выбарчая камісія патрабуе ад К.Прунскене, каб уся яе перадвыбарная рэкляма абавязкова ўтрымлівала паведамленьне: "супрацоўнічала з КГБ". Бо ў Літве існуе такая пастанова: кандыдат у прэзыдэнты, які су-працоўнічаў з замежнымі спэц-службамі, абавязаны нагадваць пра гэта ў кожнай сваёй рэкляме і паведаміць у заяве аб рэгістрацыі. Хоць К.Прунскене зьбіраецца аспрэчыць абвінавачаньні ў су-дзе, які мае адбыцца ў сярэдзі-не сьнежня.

Аўстралійскі бізнэсовец

Адметнасьцю выбараў у Літве сталіся гісторыі з двайным грама-дзянствам кандыдатаў - тых, хто да незалежнасьці жыў па-за межамі краіны. Так, скандал вакол амэрыканскага грамадзянства К.Бобяліса зьбіў ягоны рэйтынг на 4% - удвая. Кандыдат часта казаў, што даўно адмовіўся ад грамадзянства ЗША. Але нечакана выявілася, што ён зрабіў гэта толькі сёлета ў кастрычніку. Паводле рэйтынгу кандыдатаў, ён быў на другім месцы, а цяпер апынуўся на сёмым.

Яшчэ адзін кандыдат, 45-гадовы Ё.Пятрайціс, да апошняга моманту меў ня толькі літоўскае, але яшчэ і аўстралійскае грама-дзянства, хоць жыў і займаўся бізнэсам у Літве ўжо болей за 10 гадоў. Ё.Пятрайціс ледзьве па-сьпеў апошняга дня рэгістрацыі адмовіцца ад аўстралійскага грамадзянства, а прэса тым часам шырока камэнтавала гэтую гісторыю. Калі спачатку ён запомніўся большасьці літоўцаў тым, што "малады" і "абяцае ствараць міні-калгасы", дык цяпер першае, што кажуць, узгадаўшы ягонае імя: "А-а, гэты аўстралійскі бізнэсовец..."

Сымпатызант Лукашэнкі

Адзін з кандыдатаў - парлямэнтар Юліюс Весялка - па-дзівіў Літву сваімі выступамі ў абарону Лукашэнкі. Ён пратэставаў, калі Сойм падтрымаў пазыцыю Эўразьвязу адносна апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Ю.Весялка тады заявіў, што Літва мусіць прызнаць выбары ў Беларусі легітымнымі, бо гэта былі "самыя сапраўдныя дэмакратычныя выбары". Паводле апошняга апытаньня, рэйтынг гэтага кандыдата за кастрычнік вырас ад 1,9% да 2,1%, цяпер Весялка займае 11-ае месца. Ягоная кандыдатура была зацьверджаная ў апошні дзень рэгістрацыі. Камісія знайшла ў ягоных выбарчых лістах болей за 5 тыс. подпісаў неіснуючых людзей. Але, згодна з законам, Весялка быў зарэгістраваны: ён набраў 22,9 тыс. сапраўдных подпісаў. "Я ім заўсёды казаў - лепш меней, але запаўняйце сумленна, - адказаў Ю.Весялка, калі ў яго запытыліся, як ён ацэньвае падробку подпісаў. - Гэта ж ня я падрабляў.".

Вораг Літвы - вораг ЗША

Найбольш непакоіць аналітыкаў пагроза другога туру выбараў. Для краіны гэта азначае лішнія выдаткі, безь якіх хацелася б абысьціся. Аналітыкі прадказваюць, што цяпер рэйтынг В.Адамкуса можа ўзьняцца, з улікам ягонай бездакорнай рэпутацыі і значнага посьпеху замежнай палітыкі, у тым часе як фінансавы цяжар далучэньня да NATO выбаршчыкі яшчэ не па-сь-пеюць адчуць. В.Адамкус выканаў прынамсі адно сваё перадвыбарнае абяцаньне - ад-крыць Літве шлях у Эўразьвяз і далучыць да NATO. А навошта літоўцам NATO, добра патрапіў растлумачыць Дж.Буш падчас свайго выступу на Ратушавым пляцы ў Вільні: "Цяпер кожны, хто абірае сваім ворагам Літву, абірае сабе ў ворагі й Амэрыку".

Наперадзе другі этап перадвыбарнай кампаніі, калі пачнуцца выступы і дэбаты на публічным тэлеканале і дзяржаўным радыё. Усе кандыдаты маюць роўны этэрны час - 50 хвілінаў. Выступы кандыдатаў пераважна будуць у выглядзе дэбатаў, толькі вядучы-гумарыст В.Шэрэнас ска-ры-стаецца з свайго часу на тэлевізіі адмысловым чынам - наладзіць уласную агі-тацыйную перадачу.

Тацяна Поклад, Вільня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0