Відовішчы рэчаіснасьці на тэлеканалах.

Жыхарка Беларусі на нежылым востраве ў Паўднёва-Кітайскім моры - гучыць незвычайна.

Калі ж улічыць, што гэта не каштавала ёй шалёных грошай, а наадварот - вабіць неблагім прыбыткам, сытуацыя робіцца яшчэ цікавейшай. Як ужо зразумеў чытач, такое можа здарыцца толькі на тэлебачаньні. А дакладней - у расейскай праграме "Апошні герой" на канале АНТ, куды й трапіла беларуска Ксеня.

Трэба жыць на вялікай крызе ў Паўночна-Ледавітым акіяне, каб не паддацца ўплыву "reality show", якія абрынуліся на гледача з тэлеканалаў. Cотні тысячаў людзей сталіся сапраўднымі фанамі жыцьця "за шклом", "апошніх герояў" ды "трэціх лішніх". Шоў рэальнага жыцьця - зьява ня новая. Яе карані сягаюць у сярэдзіну мінулага стагодзьдзя, калі амэрыканскі канал CBS запусьціў праграму "Wanted" ("У вышуку"), якая рэгулярна зьяўлялася ў этэры з кастрычніка 1955-га да студзеня 1956 г. Аўтар выбіраў якую-небудзь крымінальную справу й сам яе расьсьледаваў: з дапамогай інтэрвію, якія ён браў у родных падазронага альбо ў афіцыйных асобаў, што вялі справу, ён часта выходзіў на сьлед злачынцы й рэальна дапамагаў cьледзтву. Пра-грама ўмэнт падвысіла рэйтынг каналу. Пасьля адбыўся выбух папулярнасьці такога кшта--л-ту перадач - як у Амэрыцы, так і ў Эўропе. Шырока разрэклямаваная расейская праграма "За шклом" - аналяг брытанскага шоў "Big Brother" ("Вялікі Брат"), якое атрымала сваю назву з раману Джорджа Оруэла "1984".

Шоў набывалі й набываюць самыя розныя формы. Калі раней усё было адносна бясшкодна і абмяжоўвалася назіраньнем за жыцьцём якойсьці сям'і, што згадзілася на такі экспэрымэнт, дык апошнім часам праграмы становяцца больш разнастайныя. Адзін з апошніх праектаў тэлеканалу "Fox" - "Temptation Is-land" ("Востраў спакусаў"), дзе правяраюцца пачуцьці маладых людзей. Выбраныя для ўдзелу ў перадачы пары разьдзяляюць, дзяўчыну селяць у абсталяваны лягер разам з 13 прыгожымі моцнымі мужчынамі, а хлопца, адпаведна, пакідаюць сам-насам з 13 пекнымі дзяўчатамі. Калі кагосьці зь іх удасца спакусіць - гульня прайграная. Перадача выклікала шырокі рэзананс і пратэсты, а некаторыя кампаніі нават адмовіліся ставіць рэкляму ў "супярэчлівае й агіднае" шоў. Чаму гэтыя перадачы такія папулярныя?

На розум адразу прыходзяць дзьве прычыны: грошы й слава. Менавіта грошы

прымушаюць людзей есьці жукоў альбо даваць нырца ў акіян. Прыкладам, пераможца амэрыканскай праграмы "Survivor" ("Ацалелы") атрымлівае мільён даляраў. Імкненьне да вядомасьці таксама адыгрывае немалую ролю. Але ніхто ня можа даць гарантыю, што імёны герояў "reality show" ня будуць забытыя праз год ці два.

Калі матывацыя ўдзельнікаў больш-менш паддаецца рацыянальнаму тлумачэньню, дык прычыны, зь якіх мільёны гледачоў ва ўсім сьвеце не адрываюцца ад экрану падчас такіх перадачаў, ляжаць нашмат глыбей. Жаданьне падгледзець жыцьцё іншых, прыўзьняць заслон чужых таямніцаў існуе ў падсьвядомасьці чалавека. Ідэя стаць Вялікім Братам, які з вышыні назірае за сваімі падначаленымі, апанавала розумы гледачоў. Замест сямейнай вячэры ці сяброўскай размовы людзі аддаюць перавагу тэлебачаньню, якое тран-сьлюе тое самае "рэальнае жыцьцё". І часам гледачы самі не разумеюць, у якім сьвеце жывуць. Але ў сапраўднасьці пануе непераможны закон: калі чагосьці зашмат, яно перастае быць запатрабаваным. І можа надысьці час, калі тое, што раней выклікала шалёную цікавасьць, будзе ўспрымацца як

звычайная руціна. А пакуль рэжысэры жыцьцяў удала выкарыстоўваюць момант і

прапануюць сваім гледачам новыя й новыя варыянты задавальненьня іхнай

патрэбы ў падгляданьні. Праўда, шукаць наступныя абалонкі ім ро-біцца ўсё цяжэй.

Ян Мацур

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0