Другі поўнафарматны альбом ад самага пасьпяховага ангельскамоўнага праекту зь Беларусі. Адаслаўшы другога вакаліста рэклямаваць «Вэлкам», прадусары запрасілі двух новых удзельнікаў, у выніку «Atlantica» перастала нагадваць «Modern Talking».

Іх альбом гучыць досыць прыстойна. Апакаліптычны пачатак пераходзіць у цудоўную гітарную баляду «Flowers» (грае Сяргей Анцішын). Загалоўная «Urbanoid» з прэтэнзіяй на ўзорны электра‑поп. Яны зусім не глядзяць у бок Расеі, аўтарытэты для іх, відаць з усяго, Дэвід Боўі пачатку 80‑х, Kraftwerk, піянэр тэхна DJ Bobo і, натуральна, «дэпешы».

Звычайна, калі беларускія поп‑артысты бяруцца за стварэньне ангельскамоўных гітоў, выходзіць зусім ужо ніякавата: «беларускасьць» выдаюць найперш пустыя безгустоўныя аранжыроўкі. «Atlantica» пазыцыянуе сябе па‑за заімшэлай беларускай эстрадай і ўсімі сіламі намагаецца паказаць сваю «эўрапейскасьць» (зводзілі матэрыял на ангельскай студыі). Няхай не заўжды атрымліваецца — шэраваты голас вакаліста і тупаваты біт у некаторых трэках надта ўжо напружваюць, але ёсьць і цікавыя прыдумкі (як француская вэрсія «Alpha et Omega»). «Atlantica» выконвае поп‑музыку для заможных і адукаваных, але не для сьвядомых і прасунутых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?