20 лістапада а 19-й у менскім Доме вэтэранаў адбыўся канцэрт Віктара

Шалкевіча.

Сышлося блізу чатырох сотняў гледачоў і слухачоў. Багата было

моладзі. Пунктуальны Шалкевіч пачаў вечар, не чакаючы, пакуль публіка

зойме месцы адпаведна набытым (досыць танна) квіткам.

Хутка пачаліся і сьпевы. Напачатку новыя. "Раманс" з матывамі "Ганкі",

прыгожае "Маё каханьне", лірычна-патрыятычная "Песьня пра жаўрука",

сьцёбная "Баляда пра бамжа". Маэстра не перадаў лішняга і пачаў сьпяваць

вядомы рэпэртуар. "Гарадоцкі раманс" і ён жа на чэскай мове, "Шалёная",

"Ганка", "Песьня пра саксафаніста Сярожу".

Пасьля кожных дзьвюх-трох песень ішла прамова з байкамі, анэкдотамі і

камплімэнтамі на адрас гледачоў і свой таксама. Сёе-тое Шалкевіч ужо

распавядаў, напрыклад як езьдзіў па Беларусі з агітканцэртамі напярэдадні

выбараў.

Пры канцы гарадзенскі пан меў кветкі і пацалункі ад жанчынаў, якія

вачэй не адводзілі ад імпазантнай голенай галавы з барадой і жывымі вачыма.

Ад астатніх - воплескі "брава!" і ўспышкі фатакамэраў. Мо хіба на

сканчэньне лепш трохі болей лірыкі трэба было. А то песенькі пра горкае

сьвінячае жыцьцё і жлобскую нацыю абрыдлі сваёй рэалістычнасьцю.

Маэстра паабяцаў, што хутка можна будзе пабачыць ягоны новы альбом. А

пад канец наступнага году мусіць зьявіцца сапраўдная опэра з інтрыгоўным

зьместам.

Усевалад Сьцебурака, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0