За 50 гадоў, падчас якіх антыбіётыкі актыўна ўжываюцца чалавекам (у якасьці лекаў і прафіляктычных дабавак да камбікорму для птушкі і свойскай жывёлы), мікраарганізмы навучыліся супрацьстаяць ім — выпрацавалі мэханізм прыстасоўваньня.

Хворы, які трапляе ў клініку, рызыкуе “падчапіць” шпітальныя штамы (віды) мікраарганізмаў, якія вызначаюцца ўстойлівасьцю да антыбіётыкаў. Яны могуць выклікаць цяжкія захворваньні ў людзей з аслабленай імуннай сыстэмай, імунадэфіцытам, а таксама ў тых, хто прымаў антыдэпрэсанты або мае патрэбу ў перасадцы касьцявога мозгу ці тканак.

Сёньня ў сьвеце выпускаецца больш за 500 разнастайных відаў антыбіётыкаў, і да многіх зь іх мікраарганізмы прыстасоўваюцца. Дзеля вывучэньня таго, як адаптуюцца хваробатворныя вірусы ды бактэрыі да лекаў, на базе Беларускага НДІ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі (БелНДІЭМ) ствараецца адмысловы Цэнтар каардынацыі навукова-прыкладных дасьледаваньняў у галіне ўстойлівасьці мікраарганізмаў да антыбіётыкаў. Як кажа старшая навуковая супрацоўніца лябараторыі клінічнай і экспэрымэнтальнай мікрабіялёгіі БелНДІЭМ Тацяна Ермакова, мікраарганізмы, устойлівыя да пэўных антыбіётыкаў, найчасьцей узьнікаюць з-за некантраляванага ўжываньня гэтага віду лекаў: “Ня трэба ўжываць антыбіётыкі прафіляктычна, як гэта робяць многія. Ня варта выкарыстоўваць іх і эмпірычна, як гэта прызвычаіліся раіць дактары: давайце, маўляў, паспрабуем гэтыя лекі, а не падыдуць — скарыстаем новыя. Такое ўжываньне і вядзе да зьяўленьня ўстойлівых мікраарганізмаў”.

Праблема ўстойлівасьці вірусаў і бактэрыяў да антыбіётыкаў існуе ва ўсім сьвеце. Дасьледаваньнямі ў гэтай галіне апякуецца Сусьветная арганізацыя аховы здароўя. Замежны досьвед будзе ўлічаны і пры стварэньні нашага Цэнтру. Дарэчы, самы блізкі з замежных цэнтраў, які вывучае ўстойлівасьць мікраарганізмаў да антыбіётыкаў, разьмяшчаецца ў Смаленску, пры тамтэйшай мэдычнай акадэміі. Зь ім і зь іншымі цэнтрамі ў СНД нашыя навукоўцы падтрымліваюць шчыльныя кантакты. У траўні 2003 г. яны плянуюць зладзіць міжнародную канфэрэнцыю. У ёй возьмуць удзел спэцыялісты з усяе Эўропы і ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0