29.11.2002 / 13:00

Літвіна

Пакуль айчынныя літаратары ўзнагароджваюць гісторыкаў, міжнародная супольнасьць скіравала свой погляд на нашых журналістаў.

Так, прэмію “Залатое пяро Свабоды”, заснаваную Сусьветнай асацыяцыяй газэтаў (САГ), атрымае Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ). Рашэньне пра гэта прыняла 26 лістапада Рада САГ — арганізацыі, якая яднае 18 тыс. газэтаў з 100 краінаў.

Жанна Літвіна Фота Анатоля Клешчука
Жанна Літвіна Фота Анатоля Клешчука
У заяве САГ згадваецца, што гэта другі выпадак, калі ўзнагарода даецца не асобнаму журналісту, а цэлай арганізацыі. У 1969 г. “Пяро” атрымала чэхаславацкая прэса. Прэмія даецца раз на год. Сёлета яе атрымаў Джэфры Н’ярота з Зымбабвэ.

Цырымонія ўганараваньня БАЖ адбудзецца ў чэрвені 2003 г. у Дубліне — падчас Сусьветнага кангрэсу газэтаў і Сусьветнага форуму рэдактараў.

Пачэсную навіну Жанна Літвіна, прэзыдэнтка БАЖу, стрэла ў Бэрліне. У складзе дэлегацыі беларускай апазыцыі (акрамя яе, А.Бяляцкі, В.Вячорка, А.Дабравольскі, А. Лябедзька) яна знаходзіцца там па запрашэньні нямецкага боку.

А.Ш.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру