Пятро Краўчанка  Фота АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Пятро Краўчанка Фота АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
У Японіі зьявіўся прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Наш былы пасол у гэтай краіне Пятро Краўчанка нечакана распачаў сваю палітычную гульню. Ён абвясьціў пра неабходнасьць зьяўленьня ў Беларусі “новай апазыцыі” і пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі. Аднак ні ўлада, ні апазыцыя яму не паверылі.

У нядзелю, 1 сьнежня, расейскія тэлеканалы распаўсюдзілі сэнсацыйную вестку: у Токіё зьнік беларускі пасол Пятро Краўчанка. Пасол, уласна, былы — ён ужо “сядзеў на валізах”, чакаючы вяртаньня дахаты. З кожнай гадзінай дадаваліся ўсё новыя і новыя дэталі: нібыта нехта бачыў, як Краўчанка ўваходзіў на тэрыторыю амэрыканскага пасольства, нібыта ён адмаўляецца ад кантактаў з МЗС…

2 сьнежня прэсавая служба МЗС Беларусі распаўсюдзіла заяву, у якой пацьвярджалася, што П.Краўчанка “ня выканаў распараджэньня Міністэрства замежных справаў і не вярнуўся дамоў, а зьнік разам з чэкавай кніжкай, ключамі ад пасольства ды іншымі матэрыяламі”. Выпадак беспрэцэдэнтны ў сусьветнай дыпляматыі. У вечаровых навінах АНТ Аляксандар Фядута сказаў, што калі гэта праўда, дык П.Краўчанка “зьдзейсьніў злачынства”. Калі яшчэ Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму паслу “шылі” крымінал?

Праўда, паводле “Газеты.ru”, у беларускім пасольстве ў Токіё паведамілі, што пасол нікуды не зьнікаў, а рыхтуецца да выезду на Бацькаўшчыну. Гэта пацьвердзіла і МЗС Японіі, дзе Краўчанка пабываў раніцай у панядзелак з дакладам пра складаньне паўнамоцтваў.

Але хтосьці быў зацікаўлены ў гэтым скандале. У панядзелак у інтэрвію радыё “Свабода” кіраўнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Хведар Котаў, камэнтуючы сытуацыю з Краўчанкам, з мэталам у голасе зазначыў: “У нашай краіне заўжды хапала пярэваратняў”. На наступны дзень у размове з карэспандэнтам “НН” ён адмаўляўся ад сваіх словаў. Зразумела: сытуацыя ж зьмянілася.

Міністэрства замежных справаў ад сваёй заявы не адмовілася. У новым афіцыйным паведамленьні МЗС абвесьціла, што пасол знайшоўся, але ў Беларусь ехаць ня хоча. Расейскія электронныя СМІ паведамілі, што Краўчанку на ягонай кватэры наведаў трэці сакратар пасольства Беларусі, са слоў якога стала вядома, што ён адмаўляецца “здаць дакумэнты пасольства і вярнуцца на радзіму”. Больш таго, сьцьвярджалася, што ня Краўчанка, а іншы беларускі дыплямат наведаў у панядзелак МЗС Японіі з камэнтарамі наконт статусу і паводзінаў Краўчанкі. У адным згодныя і радыё “Свабода”, і П.Латушка, і карэспандэнт ІТАР-ТАСС: ніякіх палітычных патрабаваньняў у Краўчанкі няма, а ўсе паведамленьні пра яго нібыта ўцёкі ён называе “палітычнай правакацыяй”. Сытуацыя заблытваецца, а П.Краўчанка маўчыць…

Канчатковы дыягназ

Неўзабаве замест Краўчанкі-злодзея расейскія СМІ пачынаюць ствараць вобраз Краўчанкі-хворага. Гаворка йдзе пра “перадынфарктны стан і вельмі высокі ціск”. Аднак спачатку было незразумела, якія лекары паставілі такі дыягназ. “Інтэрфакс” паведамляе, што Краўчанка быў на мэдаглядзе ў расейскіх кардыёлягаў у Токіё, прасіў даць яму даведку, што ён хворы і яму небясьпечна ляцець у Менск. Расейцы хваробы не знайшлі і даведку даць адмовіліся. На далейшае абсьледаваньне П.Краўчанка ня меў часу — яго чакаў шэраг пратакольных мерапрыемстваў. Тым часам, перадынфарктны стан Краўчанкі пацьвердзілі японскія мэдыкі, і гэтую даведку ён прадэманстраваў расейскім журналістам. Ім былы пасол сказаў, што першапачаткова плянаваў вярнуцца на радзіму ў канцы сьнежня, а цяпер думае, што гэта адбудзецца раней, нягледзячы на забарону японскіх мэдыкаў на авіяпералёты.

" Пятро Краўчанка нарадзіўся ў 1950 г. у Смалявічах. Выпускнік, выкладчык БДУ, кандыдат гістарычных навук. У 1985—90 г. працаваў загадчыкам аддзелу прапаганды й агітацыі, а пасьля — сакратаром Менскага гаркаму партыі. У 1990 г. ачоліў Міністэрства замежных справаў БССР ды працягваў ім кіраваць ужо ў незалежнай Беларусі — да 1994 г. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету ХІІ і ХІІІ скліканьня, у 1996 г. кіраваў парлямэнцкай камісіяй па міжнародных справах. Да прызначэньня 20 студзеня 1998 г. Надзвычайным і Паўнамоцным паслом у Японію П.Краўчанка пасьпеў папрацаваць старшым навуковым супрацоўнікам у Акадэміі навук, быў экспэртам Нацыянальнага цэнтру стратэгічных ініцыятываў Усход—Захад "

Скрадзены рукапіс

У аўторкавым інтэрвію радыё “Свабода” Краўчанка неспадзявана паведаміў пра свой магчымы ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 г., але паставіў яго ў залежнасьць ад стану здароўя ды “адпаведнай спрыяльнай палітычнай атмасфэры”.

Яшчэ ў нядзелю расейскія СМІ паведамілі, што ўвечары 30 лістапада Краўчанка наведаў амэрыканскае пасольства ў Токіё. Казалі, што ён будзе прасіць палітычнага прытулку. Аднак спачатку амэрыканскі бок, а потым і сам П.Краўчанка абверглі чуткі пра той візыт.

Зьявіліся розныя вэрсіі. Напрыклад, што амэрыканцы, добра ведаючы палітычныя “зыгзагі” Краўчанкі, адмовілі яму ў прытулку. Або — Краўчанка быў у пасольстве, але не прасіў палітычнага прытулку. Сам ён у аўторкавым інтэрвію радыё “Свабода” абвінаваціў у распаўсюдзе плётак блізкае да адміністрацыі А.Лукашэнкі агенцтва “Інтэрфакс-Захад” ды падаў сваю вэрсію паходжаньня гэтай “правакацыі”. У сярэдзіне лістапада ў яго зьнік дзёньнік амбасадара, дзе “былі розныя ацэнкі палітычных падзеяў, якія адбываюцца ў Беларусі”, а таксама рукапіс кнігі “Беларусь на пераломе — геапалітычны выбар Беларусі”, якая рыхтавалася да выданьня. У апошняй былі “вострыя палітычныя ацэнкі” дзейнасьці палітыкаў, у тым ліку і прэзыдэнта. Краўчанка дапускае, што “нехта зь імі мог азнаёміцца і вось выклікаць такі палітычны рэзананс”.

Хведар Котаў у размове з карэспандэнтам “НН” сказаў наступнае: “Тут няма ніякай палітыкі. Краўчанка ня едзе ў Беларусь па мэдычных і асабістых матывах, а не палітычных”.

Дык няўжо П.Краўчанку могуць пакараць за ягоную “пісьменьніцкую творчасьць”? Ці, можа, ёсьць нейкія іншыя прычыны? Ня выключана, што хтосьці мог “зьліць” яму інфармацыю, што ў Беларусі рыхтуецца яго арышт, узбуджана крымінальная справа, вось ён і запанікаваў… А мо П.Краўчанку проста не спадабаўся прапанаваны варыянт з працаўладкаваньнем. Паводле словаў прафэсара Адама Мальдзіса, Краўчанка мог стаць дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі. “Гэта прэстыжна. У той жа Польшчы намесьнік міністра культуры ўзначаліў Нацыянальную бібліятэку. Хаця я ня бачу прычыны зьмяняць ранейшага кіраўніка”, — кажа Мальдзіс. Уладзімер Глод у “Народнай волі” адзначае, што наўрад ці Краўчанка пагадзіўся б на такі варыянт, хоць у яго адна з найлепшых у Беларусі прыватных бібліятэк. Па іншай вэрсіі, Краўчанка мог бы ўзначаліць Скарынаўскі цэнтар ды пераўтварыць той у Інстытут Беларусі.

Ня выключана, што прычынай усіх бедаў Пятра Кузьміча сталіся ягоныя прэзыдэнцкія амбіцыі, пра якія даведаліся ў Менску. І Краўчанку вырашылі скампрамэтаваць, выставіўшы злодзеем і здраднікам. Гэты эпізод біяграфіі можна было б выкарыстоўваць прапагандыстам падчас будучых выбараў.

Каньюнктурны нацыянал-камуніст

Уладзімер Палупанаў, былы калега П.Краўчанкі па МЗС і першы беларускі дыплямат-невяртанец, які цяпер жыве ў Парыжы, свайго шэфа ня бачыў ужо 5 гадоў: “Краўчанка — гэта трагічная асоба. Ён працаваў у структуры і выконваў тое, што яму загадвалі. Зь іншага боку, Краўчанка — заснавальнік Міністэрства замежных справаў незалежнай Беларусі. І мяне ён на працу браў як “беларускага хлопца”.

Менавіта пры Краўчанку Беларусяй быў зроблены першы крок у Эўропу — пададзеная заява ў Раду Эўропы. Некаторыя згадвалі, зь якім імпэтам П.Краўчанка, сакратар гаркаму партыі, у канцы 1980-х змагаўся з прыхільнікамі адраджэньня нацыянальнай сымболікі... А яшчэ Краўчанку закідалі тое, што ён занадта шмат на сябе браў. Ініцыяваў пошукі Крыжа Эўфрасіньні Полацкай, езьдзіў у амэрыканскую фундацыю Моргана, дамогся ўсталяваньня помніка Скарыну ў Празе, актыўна кантактаваў зь беларускай эміграцыяй. Адам Мальдзіс пэўны, што “перакананьні ў Краўчанкі засталіся ранейшымі” і зь яго мог бы атрымацца добры нацыянал-камуніст, накшталт Квасьнеўскага ў Польшчы альбо Бразаўскаса ў Літве.

Камэнтуючы прэзыдэнцкія амбіцыі П.Краўчанкі, Палупанаў гаворыць, што “ён далёка ня горшы за Лукашэнку як асоба і як палітык”. Краўчанка, маўляў, “мог бы быць прэзыдэнтам”, бо мае для гэтага “неабходны багаж — і інтэлектуальны, і адміністрацыйны”.

 Вячаслаў Кебіч Фота АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Вячаслаў Кебіч Фота АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Былы начальнік Краўчанкі ва ўрадзе Вячаслаў Кебіч даў яму кароткую характарыстыку: “Якім Пятро быў каньюнктурным чалавекам, такім і застаўся”.

Кіраваная акцыя ці “аўтаномны палёт”?

І ўсё ж як афіцыйныя зьвесткі, так і неафіцыйныя камэнтары пакідаюць адкрытымі пытаньні: ці сапраўды Пятро Краўчанка рашыўся на “аўтаномны палёт” або за ім стаіць нейкая ўплывовая сіла? Ці не выпадкова ён згадаў пра “новую апазыцыю”?

Паводле інфармацыі, якая цяпер “гуляе” ў апазыцыйных колах, пабачыўшы бездапаможнасьць большасьці апазыцыйных арганізацый і партый, заходнія спонсары апазыцыі зьмянілі тактыку.

Яны пакуль ня будуць дапамагаць апазыцыі — пачакаюць вынікаў мясцовых выбараў. Тых апазыцыянэраў, якія стануць дэпутатамі, яны й будуць падтрымліваць. Яны хочуць, каб апазыцыя ішла ва ўладу, набывала досьвед і аўтарытэт, каб зьяўляліся новыя лідэры, не заплямленыя старымі скандаламі. Таму ў П.Краўчанкі ёсьць шанец вярнуцца з палітычнага забыцьця.

Нельга выключаць і “расейскага фактару”. Калі Крэмль зьбіраецца пазбавіцца Лукашэнкі, то, зразумела, рыхтуе яму “пераемніка”. У такім выпадку выбары адбудуцца значна раней 2006 г. Тады заява Краўчанкі набывае зусім іншы сэнс. Дый у СМІ прайшла інфармацыя, што з прызначэньнем на пасаду пасла ў Японіі П.Краўчанку калісьці дапамаглі маскоўскія сябры…

Выпадкова ці не, але “справа Краўчанкі” пачала раскручвацца адразу пасьля таго, як А.Лукашэнка нібы жартам сказаў, што будзе балятавацца на трэці тэрмін і “пераемнік яму не патрэбны”.

У інтэрвію радыё “Свабода” Краўчанка дае, фактычна, свае праграмныя тэзысы: “Трэба весьці гаворку пра новую апазыцыю, пра стварэньне новай апазыцыі. Гэта не азначае, што апазыцыя ў Беларусі добрая ці дрэнная. Але ідзе час палітычных падзеяў, мяняюцца палітычныя кірункі і палітычныя партыі, зьяўляюцца новыя людзі. Я сёньня ня стаў бы гаварыць, што шукаю нейкіх кантактаў з апазыцыяй. Я, па сутнасьці, дзейнічаю сёньня ў рэжыме аўтаномнага палёту”.

Калі былы пасол сапраўды наважыўся на “аўтаномны палёт”, яму ўдалося правесьці, зь мінімальным укладаньнем сродкаў, выдатную піяр-акцыю. Для Краўчанкі гэта важна, бо ці ня згубіцца ён сярод чынавенства, вярнуўшыся ў Беларусь, ці не забудуцца пра яго СМІ? А цяпер пра былога пасла яшчэ доўга будуць пісаць газэты, адсоўваючы на другі плян генэрала Фралова, якога расейскамоўная недзяржаўная прэса ўжо абвясьціла была “лідэрам апазыцыі”.

Краўчанка — харызматычны апякун і сябар таленавітых людзей. Будучы міністрам, ён неяк зь вялізным букетам кветак зьявіўся на дзень нараджэньня паэта Анатоля Сыса. А ягоная фраза “Дзяржаўнасьць мовы непазьбежная, як сьмерць” стала крылатым выразам яшчэ за часоў БССР.

Гэтае інтэрвію Пятро Краўчанка даваў “НН” у 1996 г., калі быў старшынём камісіі міжнародных справаў ВС.

Сяргей Ёрш

“НН” ад 15 красавіка 1996 г.

“НН”: Вы прафэсійны палітык ад пачатку. Маеце вялікі палітычны капітал ня толькі ў Беларусі, але й за мяжой. Вашыя кантакты зь беларускай дыяспарай атрымалі шырокі розгалас… Якой Вам бачыцца Ваша палітычная будучыня?

П.К.: Маю будучыню вызначаюць лёс, падзеі, народ. Я перакананы, што, нягледзячы на розныя формы інтэграцыі, нягледзячы на тое што нам, магчыма, давядзецца прайсьці праз этап канфэдэрацыі ці фэдэрацыі, мы ўсё ж будзем сувэрэннай дзяржавай. Яшчэ ў 92-м годзе я сказаў, што нам давядзецца прайсьці праз этап канфэдэрацыі. Не таму, што я зацікаўлены ў гэтым. Я сказаў гэта ў Нью-Ёрку эміграцыі. Спачатку ідзе адна хваля — хваля адраджэньня, станаўленьня дзяржаўнасьці. Потым хваля ідзе ў іншы бок…

“НН”: А наступная хваля?

П.К.: Я думаю, што гэта будзе хваля нацыянальнага ўздыму. Таму, вяртаючыся да Вашага пытаньня… ня ведаю, які мой лёс. Адзінае магу сказаць, што я быў, ёсьць і застануся на сваіх пазыцыях. Я палітык, я ўлічваю рэаліі палітычнага жыцьця і неабходнасьць эканамічнай інтэграцыі з Расеяй, я перакананы, што тут у нас няма альтэрнатывы. Трэба ўлічваць і рэаліі таго, што адбылося цяпер, але спакойна, нармальна працаваць дзеля будучыні Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0