06.12.2002 / 13:00

Проста Прушынскі

Аляксандар Прушынскі 10 гадоў таму прыехаў з Канады ў Беларусь, каб стаць яе прэзыдэнтам.

Аляксандар Прушынскі Фота АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Аляксандар Прушынскі Фота АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Ён кажа, што ведае, як здабыць для краіны 5 млрд. даляраў. Аднак і апазыцыя, і ўлада аднолькава падазрона глядзяць на экстравагантнага палітыка.

Прушынскага нават хацелі забіць — падклалі бомбу-электрабрытву ў паштовую скрынку. Прынамсі, так кажа сам Прушынскі. За мяжой ён двойчы быў жанаты, тут узяў шлюб у трэці раз. “Маладая сям’я” чакае дзіця. Калі яно народзіцца, тату стукне 69 гадоў. Карэспандэнт “НН” гутарыць з графам Аляксандрам Прушынскім.

“НН”: Як жывецца ў Беларусі былому эмігранту?

А.П.: Выдатна. Мая канадзкая пэнсія ў пяць разоў большая за беларускі сярэдні заробак. Але самае галоўнае — я жыву на Радзіме. Гэтага не зразумее той, хто ніколі ня жыў на чужыне. Для мяне дом — гэта Рагозьніца на Гарадзеншчыне, дзе маёнтак майго дзеда. Цяпер у маёнтку — праўленьне калгасу. Я ежджу туды калі хачу і адчуваю сябе свабодным чалавекам. У мяне ёсьць жонка, сын, цяпер чакаем яшчэ адно дзіця. Я, напэўна, самы стары тата ў краіне. Мне было 66, калі нарадзіўся сын, і будзе 69, калі народзіцца другое дзіця.

“НН”: Ці цяжка вярнуцца на Бацькаўшчыну з чужыны?

А.П.: Я чалавек дынамічны. Калісьці паехаў з Польшчы ў Канаду, а адтуль вярнуўся ў Беларусь. Але цяпер лічу, што вярнуўся позна — у 1992 г., а трэ было прыехаць на год раней. Гэта мая памылка.

“НН”: Чаму ў Беларусь вярнуліся толькі адзінкі? У Прыбалтыку, ва Ўкраіну прыехала шмат эмігрантаў, якія бяруць актыўны ўдзел у палітычным і эканамічным жыцьці.

А.П.: Гэта вельмі дрэнна, што вярнулася мала людзей. Вось у Польшчу толькі з Англіі вярнуліся 6 тысяч маладых людзей, якія там нарадзіліся, атрымалі адукацыю. Першы год яны яшчэ курсавалі між Варшавай і Лёнданам, а пасьля засталіся. Для Польшчы гэтыя людзі — капітал. Што б я зрабіў цяпер? Я б запрасіў у Беларусь “рускіх” з Латвіі, можа якую тысячу чалавек. Альбо маладых беларусаў з усяго сьвету і асабліва з Польшчы. Гэта дынамічныя людзі. Чаму ЗША — дынамічная краіна? Бо эмігранты — самыя дынамічныя людзі й нашчадкі дынамічных людзей.

Трэ было браць дзяржаву

“НН”: У 1994 г. Вы спрабавалі балятавацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Чаму Вы наважыліся на такі крок?

А.П.: Гэтая ідэя ўзьнікла ў 1991 г. Я меў ужо прыклад канадца Тымінскага ў Польшчы. Аднаму канадзкаму ўкраінцу-мільянэру, свайму знаёмцу, я парадзіў балятавацца на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны. А пасьля й сам захапіўся такой ідэяй, усё абдумаў. Нарэшце, вырашыў вярнуцца, але было б лепш, каб прыехаў раней, у траўні—жніўні 1991-га.

“НН”: Якія ў Вас былі першыя ўражаньні ад Беларусі?

А.П.: Ведаеце, я прывык. У тым ліку і да бруду, які быў і ёсьць паўсюль. Але ўсё паціху мяняецца. Калісьці паліцы ў крамах былі пустыя, а цяпер, як маеш грошы, купляй што хочаш.

“НН”: Зь якімі палітыкамі Вы тады сустракаліся?

А.П.: Найперш я пазнаёміўся з Станіславам Шушкевічам. Потым сустрэўся зь Зянонам Пазьняком. Мы зь ім размаўлялі па-польску. Я казаў: “Бярыце дзяржаву!” Я ня ведаў, што яны былі такія слабыя. Трэ было ў той час браць дзяржаву! А яны саступілі. Зьбіралі подпісы за правядзеньне рэфэрэндуму па пытаньнях роспуску парлямэнту і правядзеньня датэрміновых выбараў. Парлямэнт адмовіў апазыцыі. І тут трэба было сказаць “Не!” і зноў дамагацца сваёй мэты. Але Пазьняк на гэта не пайшоў…

“НН”: Як ён да Вас ставіўся?

А.П.: У той час больш-менш добра. Але я тады ня быў ягоным канкурэнтам. А пра пазьнейшыя адносіны наагул не хачу гаварыць… Калі я зрабіўся кандыдатам у прэзыдэнты, ён убачыў ува мне праціўніка. А калі б тады была створаная кааліцыя з Шушкевіча, Пазьняка і мяне — мы б перамаглі. Але як зрабіць кааліцыю, калі Пазьняк ня хоча з вамі гаварыць?

“НН”: А Шушкевіч?

А.П.: Ён вельмі добры чалавек, але не палітык. У той сытуацыі трэ было за шаблю і — наперад. А ён “не туды і не сюды”. Я вельмі паважаю спадара Станіслава, але Пазьняк і зь ім не хацеў гаварыць. І што? Цяпер сядзіць у Варшаве.

Даляры для Лукашэнкі

“НН”: Ці чакалі Вы, што ў 1994 г. на выбарах пераможа Аляксандар Лукашэнка?

А.П.: Калі Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, я хацеў яму дапамагчы. Прасіў зь ім сустрэчы. Калі прыйшоў, мне прапанавалі гаварыць зь ягоным памочнікам, але я адмовіўся. Я хацеў яму распавесьці, як атрымаць буйныя грошы для Беларусі (5 млрд. даляраў). Ня хоча — ня трэба.

“НН”: Вы з Лукашэнкам яшчэ сустракаліся?

А.П.: Я быў на пахаваньні Пімена Панчанкі. Лукашэнка таксама прыйшоў, і не было вольнага месца ў першым шэрагу. Я саступіў яму, бо калі ён прэзыдэнт, дык мусіць быць у першым шэрагу. А пасьля даў яму візытку і папрасіў аб сустрэчы. Цікава, што празь нейкі час мне хтось патэлефанаваў: “Вы граф Прушынскі? Я хачу ехаць у Канаду”. — “А што вы там будзеце рабіць?”, — спытаў я яго. Напэўна, гэта нейкі кадэбіст тэлефанаваў.

Аляксандар Рыгоравіч шмат гадоў думаў, што стане прэзыдэнтам Расеі. І ўся “інтэграцыя” яму была патрэбная для гэтага. Ельцын урэшце зрабіў яму падарунак: сышоў і пакінуў дзяржаву Пуціну. Што цяпер рабіць Лукашэнку? Ён надакучыў і Расеі, і Захаду, дый сваім падначаленым. Я ня ведаю, колькі месяцаў ён можа так працягнуць. Калі Расея даведаецца, што ёсьць хто-небудзь лепшы для іх, я бачу невясёлыя для яго пэрспэктывы.

Эліта ня тая

“НН”: Ці ёсьць цяпер у Беларусі нацыянальная эліта?

А.П.: Нацыянальная эліта заўсёды ёсьць. Брат маёй прабабкі сказаў: “Кожная краіна цэніцца ня колькасьцю людзей, а колькасьцю эліты”. А ў нас эліта ня тая, што трэба. Каб у нас была сапраўдная эліта, сёньня Лукашэнка ня быў бы прэзыдэнтам. Прадстаўнікі нашай эліты лічаць, што яны беларусы, але іх цяжка назваць вялікімі беларусамі… Многія апазыцыйныя лідэры не знаёмыя зь перадавой палітычнай думкай сьвету. Ня ведаючы яе, цяжка вылучаць уласныя ідэі. Эліта мусіць працаваць над сабой і працаваць над маладым пакаленьнем. Каб маладое пакаленьне ведала больш, чым ведае цяпер.

“НН”: Ці адносіце Вы сябе да нацыянальнае эліты?

А.П.: Вядома. Але я размаўляю па-расейску, хоць і разумею беларускую мову. Навучыўся расейскай, бо насельніцтва пераважна гаворыць на ёй. Калі ты хочаш атрымаць дзяржаву, мусіш гаварыць зь людзьмі на зразумелай ім мове. Такая склалася сытуацыя.

Ганчарык замяшаўся

“НН”: Якую пазыцыю Вы занялі ў часе леташніх прэзыдэнцкіх выбараў?

А.П.: Я пайшоў да Ганчарыка. Сказаў: “Абяцайце 100 даляраў кожнаму выбаршчыку, а я, калі стану вашым міністрам замежных справаў, гэта ўсё зраблю. І скажыце, што граф Прушынскі абяцае”. Ён вельмі замяшаўся. У яго была дрэнная рэкляма, і ў любым выпадку Ганчарык прайграваў Лукашэнку.

Сёньня ў апазыцыі няма праграмы, якая спадабалася б народу. Ёсьць праграмы ў генэрала Грыба, Нікіценкі. Яны добрыя людзі, але ў праграмах пішуць пра тое, што ёсьць у нашай краіне дрэннага. А нам ня трэба казаць, якая ёсьць хвароба, мусім гаварыць пра тое, што трэба рабіць, каб аздаравіць Беларусь.

Няма ўплывовай недзяржаўнай прэсы. У пачатку 1980-х у Польшчы была падпольная прэса. Штотыднёва выходзіла галоўная нелегальная газэта накладам у 200 тысячаў асобнікаў.

Прэм’ер Лі нам дапаможа

“НН”: Лукашэнка, калі абіраўся, абяцаў “запусьціць заводы”. А Вы што б зрабілі?

А.П.: Бальшыня заводаў краіны працуе на састарэлым абсталяваньні. Якія яны пасьля гэтага канкурэнты на рынку? Можна сьмела напісаць: “Музэй “Трактарны завод”… Чыноўнік — не гаспадар. А нам на прадпрыемствах патрэбныя гаспадары. Ёсьць некалькі выйсьцяў. Альбо ставіць умову дырэктару: якія даеш вынікі, такі будзе і заробак. Іншы выхад — прыватызацыя прадпрыемстваў.

Патрэбны спэцыялісты, якія вучыліся на Захадзе. Ёсьць краіна Сынгапур з 5 мільёнамі насельніцтва. За 20—30 гадоў прэм’ер Лі падняў там узровень вытворчасьці ў 25 разоў! І азіяцкі эканамічны крызыс не закрануў Сынгапуру. Чаму цяпер эканамічна падняўся Кітай? Кітайскае кіраўніцтва запрасіла да сябе былога сынгапурскага прэм’ера як дарадцу. І што перашкаджае тое самае зрабіць Лукашэнку?

Што датычыць вёскі, дык я чуў, што ў Польшчы цяпер аднавіліся 50 ці 80 калгасаў. Польскія калгасы працуюць у рыначнай эканоміцы. А нам трэба стаць на дзьвюх нагах у сельскай гаспадарцы: на лепшых калгасах і фэрмэрах. Думаю, што ў Беларусі будзе больш фэрмэраў, чым калгасаў.

Малітва Прушынскага

“НН”: Якой Вы бачыце сваю палітычную будучыню ў Беларусі?

А.П.: Адамкус у Літве стаў прэзыдэнтам у 74 гады. З кожным днём я ўсё больш і лепш ведаю, што рабіць. Я гатовы. Галоўнае — рэфармаваць падатковую сыстэму, зьменшыўшы колькасьць падаткаў да чатырох. Я ведаю, як прыцягнуць мільярды даляраў інвэстыцый у краіну і ня трапіць пад чыйсьці ўплыў. Мы павінны атрымаць грошы і быць свабоднымі. А яшчэ я — аптыміст. Нядаўна пачуў ад унучкі аднаго ўплывовага чалавека: “Едзьце ў Амэрыку, у нас тут няма будучыні”. Каб я ня верыў, што ў нас ёсьць будучыня, ня жыў бы тут.

Я малюся так: “Усёмагутны! Калі ў цябе няма лепшага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі, я гатовы! Але прашу, дапамажы мне быць добрым прэзыдэнтам. Дрэнных прэзыдэнтаў у сьвеце хапае і безь мяне…”

Гутарыў Алег Тачоны

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру