Кампэнсацыя ўкладаў... Валютная лібэралізацыя... Страйкам — па запазычанасьці... Новы рынак у Гомлі... Крыніца” — першая...

Кампэнсацыя ўкладаў

3 сьнежня працоўная група палаты прадстаўнікоў пачала разглядаць законапраект “Аб пакрыцьці банкаўскіх укладаў фізычных асобаў”. Яго мэта — забясьпечыць кампэнсацыю тым, хто страціць грошы, пакладзеныя на рахунак. Цалкам кампэнсуюць уклады да 2 тыс. даляраў, а да 5 тыс. даляраў — у межах 80%. Займацца гэтым будзе Рэзэрвовая карпарацыя, у якую ўвойдуць усе банкі краіны.

Валютная лібэралізацыя

Нацыянальны банк да 1 студзеня 2004 г. дазволіў прадпрымальнікам купляць наяўную замежную валюту за безнаяўныя рублі, каб набываць тавары за мяжой. Пералічваць рублі можна з разьліковага рахунку прадпрымальніка. Пры гэтым ня трэба адкрываць адмысловы рахунак для захоўваньня замежнай валюты, дэкляраваць мэтавае выкарыстаньне ды тэрмін захоўваньня валюты. Набываць яе можна ў касах банку.

Страйкам — па запазычанасьці

29 лістапада працаўнікі гомельскага Камбінату будаўнічых канструкцыяў спынілі працу, бо ім чатыры месяцы не плацілі грошай. Міністэрства архітэктуры й будаўніцтва, якому падпарадкоўваецца камбінат, паабяцала ўзяць крэдыт на 122 тыс. даляраў пад 10% гадавых, каб аддаць запазычанасьць. 2 сьнежня застрайкавалі некалькі цэхаў “Магілёўдрэва”, бо ім ня выплацілі заробкаў за верасень.

Новы рынак у Гомлі

1 сьнежня ў Гомлі адчыніўся новы рынак “Прудкоўскі”. Гэта комплекс з 16 галерэяў, 5 прадуктовых павільёнаў ды разнастайных крамаў агульнай плошчай 6 га. Фірма “Сабіна”, якой належыць рынак, зьменшыла арэндную плату за сьнежань-люты на 10—15%, каб гандляры маглі крыху скінуць цэны ды прыцягнуць пакупнікоў.

“Крыніца” — першая

2 сьнежня ў Маскве прайшоў конкурс “Піва, напоі ды мінэральныя воды”, у якім удзельнічалі больш за 100 кампаніяў з СНД. Нашая “Крыніца” — абсалютная пераможца. “Цэвіта” атрымала гран-пры ў намінацыі сухіх напояў, распушчальная гарбата “Ціпсі” — залаты мэдаль. “Портэр” заняў першае месца сярод цёмных гатункаў піва, “Менск” — сярод сьветлых.

Цэмэнт на бібліятэку

24-павярховы гмах Нацыянальнай бібліятэкі збудуюць на ваўкавыскім цэмэнце. На тым тыдні АТ “Краснасельскбудматэрыялы” атрымала замову на пастаўку 6 тыс. т цэмэнту маркі “500”. Замову выканаюць цягам трох месяцаў. Ваўкавыскі цэмэнт дужа трывалы — яго выкарыстоўвалі падчас будаўніцтва Асуанскай плаціны ды менскага мэтро. Маскоўская Астанкінкая вежа не абвалілася пасьля пажару дзякуючы цэмэнту з-пад Ваўкавыску, зь якога яна зробленая.

Ліфты для інвалідаў

“Магілёўліфтмаш” распачаў сэрыйную вытворчасьць ліфтаў для інвалідаў. Дзьверы ў тых ліфтах шырэйшыя, чым у звычайных, — каб вольна праходзілі інвалідныя вазкі. Кнопкі кіраваньня разьмешчаныя нізка — іх можна націскаць седзячы. Гэтыя ліфты плянуюць прадаваць нават за мяжу.

А.К.