Ушанаваньне слуцкіх паўстанцаў

30 лістапада сябры КХП-БНФ ушанавалі памяць удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну. Вялікая грамада наведала вёскі Грозаў, Семежава і мястэчка Вызну (цяпер Чырвоная Слабада), дзе колісь фармаваліся палкі Беларускай Народнай Арміі. Людзі прайшлі па вуліцах пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, сьпяваючы рэлігійныя ды вайсковыя гімны. Потым усклалі кветкі і вянкі каля крыжоў, усталяваных на месцах баёў і на магілах герояў, завязалі на крыжы ручнікі. У Слуцку прайшлі шэсьцем па цэнтральнай вуліцы і правялі мітынг насупраць будынку, у якім увосень 1920 г. праходзіў Зьезд Случчыны, дэлегаты якога вырашылі бараніць Беларусь ад расейскага нашэсьця. Тамтэйшыя жыхары далучаліся да шэсьцяў і мітынгаў, чыталі партыйныя выданьні.

Народнік

Карнавал бульбы

У Бабруйску адбыўся “Карнавал бульбы”, прысьвечаны галоўнай сельскагаспадарчай культуры краіны. Да ўдзельнікаў сьвята прыехалі супрацоўнікі Беларускага НДІ расьлінаводзтва з новымі сартамі бульбы. Карнавал пачаўся а 10-й раніцы і цягнуўся да позьняга вечару. На сталах было шмат бульбяных пірагоў, дранікаў і іншых звыклых страваў. Завяршылася сьвята бульбяным балем. Узяць удзел у ім меў магчымасьць кожны, але толькі ў карнавальным касьцюме. Налета ў Бабруйску плянуецца сапраўднае карнавальнае шэсьце ў гонар бульбы.

Віктар Качан, Бабруйск

Пісаць цёмна

У Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі эканомяць электрычнасьць. Штодня загадчыкі катэдраў наведваюць заняткі, правяраючы, ці не гарыць сьвятло ў аўдыторыях пасьля 10-й. Пісаць цёмна, але БДСГА вінаватая за электрычнасьць аж 108 млн. рублёў. Па гэтым паказьніку Акадэмія выйшла на першае месца сярод навучальных установаў краіны.

Ільля Заранок, Горкі

“Разам!” пад забаронай

Гарадзенскі гарвыканкам не зарэгістраваў незалежную газэту “Разам!”, матываваўшы адмову тым, што заснавальнік, прадпрымальнік Юры Лакціёнаў, цяпер вучыцца ў Гарадзенскім унівэрсытэце ды “ня мае досьведу працы ў якасьці журналіста і выдаўца”. Ю.Лакціёнаў зьбіраецца абскардзіць рашэньне ў аблвыканкаме. Газэта “Разам!” выходзіла незарэгістраваная ад сакавіка 2001 г. накладам 299 асобнікаў. На сёньня ўбачыла сьвет 11 нумароў. Пасьля закрыцьця “Пагоні” гарвыканкам не дазволіў зарэгістраваць у Горадні ніводнай грамадзка-палітычнай газэты.

Пагонявец

Сорак халасьцякоў

Цяпер у вёсках Лебядзянкаўскага сельсавету жыве каля сарака бабылёў. Сярэдні іх век — пад сорак гадоў. Асноўнай перашкодай для стварэньня сям’і яны называюць беднасьць.

Адважныя бялыніччане

На тэрыторыі Бялыніцкага раёну з пачатку году зарэгістравана 15 выпадкаў шаленства лісіцаў (па вобласьці — 79). Толькі за апошнія дзесяць дзён адважныя жыхары раёну злавілі й зьнішчылі 5 шалёных жывёлін.

Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы

Začyniajuć škołu milicyji

Na hetym tydni ū Baranavickaj škole milicyji pačnie pracavać likvidacyjnaja kamisija. Ministar unutranych spravaū U.Navumaū kaža, što ū tamtejšych kursantaū niama dobrych vykładčykaū: bolšaść — byłyja opery i ūčastkovyja biez pedahahičnaje adukacyji. Škoła milicyji naleta budzie rasfarmavanaja — kursantaū raskidajuć pa inšych navučalnych ustanovach MUS.

Źbiū dziaūčynu

Nieviadomy napaū na dźviuch dziaūčat, što ūviečary jšli pa baranavickaj vul.Praminskaha. Złačynca źdźior z plača adnoj sumku i źbiraūsia dać łataty, ale siabroūka pasprabavała zatrymać złodzieja. Mužčyna byū macniejšy j na horki jabłyk źbiū dziaūčynu dy ūciok. Taja trapiła ū špital z strasieńniem mazhoū i złamanym nosam.

Honki pa praspekcie

Vyrašyū chłopiec unačy pakatać dziaūčynu na mašynie. Uziaūšy chutkaść 150 km/h, jon paniośsia pa Savieckim praspekcie Baranavič. Dy nia daū rady kiravańniu, urezaūsia ū słup. Ad udaru mašyna vybuchnuła. Chłopiec zahinuū na miescy. Dziaūčyna pakalečyłasia, ale zastałasia žyvaja. Śviedki kažuć, što jana vylecieła praz łabavoje škło.

Rusłan Raviaka, Baranavičy

Падарункі для музэю

Фонды Гарадзенскага гістарычна-краязнаўчага музэю папоўніліся за кошт старых рэчаў, падараваных людзьмі. Так, Канстанцін Сіткевіч з Хвайнянаў аддаў у музэй медны ляк, пілу з самаробнай аправай для выпілоўкі кругу ды іншае. Клаўдзія Мелех з тае самае вёскі падаравала самаробныя шарсьцяныя андаракі, якія ў свой час выткала яе маці Барбара. Андаракі тыя зьберагліся ў матчыным куфры. Мікалай Мацута з Сухаўлянаў аддаў бронзавы падсьвечнік... Усе набыткі, якія зоймуць сваё месца ў залях музэю, цяжка зьлічыць.

Ільля Барысаў, Скідзель