“Аляксандар Лукашэнка мае сёньня апошнюю магчымасьць захаваць сваю рэпутацыю як палітыка — рызыкнуць уладай і абвясьціць дэмакратычныя выбары ў парлямэнт, якія б прызналі незалежныя эўрапейскія назіральнікі. У адваротным выпадку яго скінуць з палітычнай сцэны як дыктатара”, — заявіў Вітаўтас Ландсбэргіс у гутарцы з карэспандэнтам “НН”.

Вітаўтас Ландсбэргіс
Вітаўтас Ландсбэргіс
Але, паводле ацэнкі літоўскага палітыка, галоўнае, што пастаўлена цяпер на карту, — не асабістая ўлада Лукашэнкі, а захаваньне беларускай дзяржаўнасьці; тыя ж сілы, што імкнуцца скінуць А.Лукашэнку любымі сродкамі, найменш рупяцца пра захаваньне незалежнасьці, якой “могуць лёгка ахвяраваць дзеля таго толькі, каб пазбыцца дыктатара”.

Паводле апошніх афіцыйных заяваў МЗС Літвы, краіна “пакуль не абмяркоўвае магчымасьці забараніць уезд аўтакратычнаму прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку і некалькім беларускім вышэйшым уладцам”. Літва згодная з прынцыповымі ацэнкамі становішча ў Беларусі й рэкамэндацыямі ў дачыненьнях зь ёй, якія даў Эўразьвяз, але не зацікаўленая ў яшчэ большай ізаляцыі суседняй краіны — паведаміла пры канцы мінулага тыдня агенцыі BNS кіраўнічка аддзелу друку МЗС Літвы Дайва Рымашаўскайтэ.

На тым тыдні Данія, што старшынюе цяпер у Эўразьвязе, прапанавала Літве зрабіць захады, каб абмежаваць эўрапейскія падарожжы кіраўнікоў Беларусі. У адказе Літва пазначыла, што дзеля агульнаэўрапейскае карысьці ня можа падтрымаць далейшае ізаляцыі Беларусі. Паводле афіцыйнай заявы МЗС Літвы, “істотныя пытаньні двухбаковых дачыненьняў Літвы і Беларусі, такія, як узмацненьне памежнага кантролю, барацьба са злачыннасьцю ды нелегальнай міграцыяй, маюць істотны ўплыў на ўсю эўрапейскую супольнасьць”.

Аднак Літва мае ўжо запрашэньне ў NATO і беларуска-літоўская мяжа неўзабаве станецца мяжой Эўразьвязу. Тады краіна, салідарызуючыся з Эўропай, вымушаная будзе перагледзець сваё стаўленьне да нашае дзяржавы. Таму вядучыя палітыкі Літвы цяпер абмяркоўваюць “беларускую сытуацыю”. На тым тыдні, спэцыяльна для “Нашай Нівы” і Беларускай службы радыё “Свабода”, сваімі меркаваньнямі падзяліўся В.Ландсбэргіс — падпісант Акту аб аднаўленьні незалежнасьці Літвы 11 сакавіка 1989 г., кіраўнік незалежнай Літвы ў 1990—92 г. Цяпер прафэсар Ландсбэргіс — парлямэнтар, прадстаўляе фракцыю партыі кансэрватараў у Сойме, працуе ў парлямэнцкіх камітэтах замежных і эўрапейскіх справаў, у парлямэнцкай камісіі па справах NATO.

На думку В.Ландсбэргіса, у Беларусі насьпела пільная неабходнасьць зьмяніць замежнапалітычны курс. А паколькі краіна кіруецца аўтарытарна, перад выбарам найперш стаіць прэзыдэнт Беларусі.

Толькі ад нас залежыць

Колішні кіраўнік Літвы мяркуе, што “Аляксандар Лукашэнка мае сёньня апошнюю магчымасьць захаваць сваю рэпутацыю як палітыка — рызыкнуць уладай і абвясьціць дэмакратычныя выбары ў парлямэнт, якія б прызналі незалежныя эўрапейскія назіральнікі. У адваротным выпадку яго скінуць з палітычнай сцэны як дыктатара”. Але, паводле ацэнкі літоўскага палітыка, на карту ставіцца цяпер не асабістая ўлада Лукашэнкі, а захаваньне беларускай дзяржаўнасьці; тыя ж сілы, што імкнуцца скінуць А.Лукашэнку любымі сродкамі, найменш рупяцца пра захаваньне незалежнасьці, якой “могуць лёгка ахвяраваць дзеля таго толькі, каб пазбыцца дыктатара”.

Паводле меркаваньня В.Ландсбэргіса, “палітычныя рэаліі цяперашняй Беларусі такія, што захаваньне дзяржаўнасьці залежыць ад саміх беларусаў, ніхто іншы пра гэта рупіцца ня будзе. І, магчыма, ад таго, ці здолее кіраўнік Беларусі ўвайсьці ў гісторыю як рашучы палітык. Палітык, здольны зрабіць выбар дзеля захаваньня сваёй нацыянальнай дзяржавы. І адарвацца ад тае лініі, якая вядзе да зьнікненьня Беларусі — зьнікненьня па адной губэрні, ці адразу шасьцю губэрнямі, ці яшчэ якім іншым шляхам. Гэта можа быць даволі блізкая будучыня. У заходнім друку многа мадэлююць розных варыянтаў, якім чынам А.Лукашэнка можа быць адхілены ад улады. На Захадзе разважаюць пра розныя мадэлі нэўтралізацыі беларускага дыктатара дзеля тае сумнеўнае дэмакратыі, якая існуе ў Расеі. Гэтая дэмакратыя як нейкае збавеньне павінна, маўляў, прыйсьці ў Беларусь, калі тая пазбудзецца сваёй дзяржаўнасьці. Словам, нацыянальнай дзяржаўнасьцю можа быць заплачана за дэмакратычную мадэль прэзыдэнта Пуціна”.

Лукашэнку трэба рызыкнуць

В.Ландсбэргіс прыгадаў пра сталыя кантакты партыі літоўскіх кансэрватараў “Саюз Айчыны” і Беларускага народнага фронту: “У кастрычніку ў Вільні была супольная канфэрэнцыя “Саюзу Айчыны” і БНФ. Мы прынялі заяву пра будучыню Беларусі, у якой пазначана, што выбар паміж двума варыянтамі аўтарытарызму — памылковы шлях, бо абіраць варта паміж аўтарытарызмам і дэмакратыяй. Тут і мой подпіс ёсьць, і подпіс Вінцука Вячоркі. Важна, што ў Беларусі існуе палітычная сіла, якая так разважае. Яшчэ больш істотна, каб беларуская апазыцыя цьвёрда трымалася таго, што Беларусь мусіць застацца нацыянальнай незалежнай дзяржавай. Беларусь знаходзіцца ў Эўропе, і для яе натуральна быць эўрапейскай дзяржавай”.

Другая рэзалюцыя згаданае канфэрэнцыі была прынятая адносна мяжы Эўразьвязу. Для Літвы пытаньні супольнае беларуска-літоўскае мяжы, якая цягнецца амаль на 700 км, надзвычай істотныя. Літва мусіць падтрымліваць з намі суседзкія дачыненьні й адначасова мацаваць сваю мяжу як краіна, што атрымала запрашэньне ў NATO й імкнецца далучыцца да Эўразьвязу. На думку В.Ландсбэргіса, Беларусь атрымае “магчымасьць выдатна выкарыстаць сваё ўнікальнае геапалітычнае становішча між Расеяй і Эўразьвязам” і мець “ролю эўрапейскай значнасьці”, калі захавае сваю дзяржаўнасьць.

В.Ландсбэргіс нагадаў: “Тое, што Літва будзе заўсёды імкнуцца да дыялёгу са сваёй блізкай суседкай, можа тлумачыцца значнасьцю Беларусі і яе здольнасьцю адстойваць сваю дзяржаўнасьць, але ніякім чынам не ўратуе спадара Лукашэнку. Ужо яму быў дадзены знак, што давядзецца рабіць выбар. Калі ён хоча скарыстацца з гэтае магчымасьці, мае быць вельмі рашучым і гатовым змагацца. Інакш — ня мае будучыні. Вядома, абраўшы дэмакратычны шлях, Лукашэнка рызыкуе прайграць выбары. Але лепш такім чынам страціць уладу і застацца ў палітыцы, чым быць проста адлучаным як дыктатар.

Няясна, ці ўсьведамляе А.Лукашэнка, што пасьля страты незалежнасьці ягоны лёс будзе ў руках Масквы. Калі тая вырашыць, што ён не патрэбны, — пазбавіць улады. Тады пасьля Лукашэнкі не застанецца нават сур’ёзнае згадкі — якая была б, калі б ён павярнуў Беларусь да Эўропы і рызыкнуў на выбарах згубіць сваю ўладу. Дый гэта не абавязкова азначае зьнікненьне з палітычнай арэны. Ён жа мае пэўны ўплыў. І прыхільнікаў мае.

Літва, як і Польшча, не зьбіраецца разрываць цалкам сувязі зь Беларусяй. Аднак гэта ня выратуе спадара Лукашэнку. Ён зайшоў надта далёка. Тое, што адбылося ў Празе, можна разглядаць як “дабро” на адлучэньне А.Лукашэнкі ад улады. І Масква адвярнулася ад яго: каб Расея заступілася за беларускага прэзыдэнта, Эўропа абышлася б зь ім мякчэй. Прага сталася сыгналам, што ніхто ў Эўропе ня будзе плакаць, калі спадар Лукашэнка будзе скінуты альбо раптам сур’ёзна захварэе.

Бо такі, які ён ёсьць цяпер, — ён пэрсона нон грата. Аднак Лукашэнка мае шанец зьмяніцца. Ці стае яму палітычнае мудрасьці й здольнасьці парупіцца пра будучыню сваёй краіны, паводле ягоных ранейшых учынкаў цяжка меркаваць. Выбар давядзецца рабіць хутка, часу вельмі мала. Існаваньне ў якасьці пэрсоны нон грата не пакідае А.Лукашэнку ніякіх пэрспэктываў. Пэрсона мусіць зьмяніцца. Альбо сам А.Лукашэнка гэта зробіць, альбо гэтая пэрсона будзе зьмененая іншымі”.

Апазыцыя магла б працягнуць руку

Маючы ўласны досьвед апазыцыйнай дзейнасьці, В.Ландсбэргіс выказаўся пра магчымасьці беларускай апазыцыі: “Можа быць, апазыцыя здолела б пераступіць сваю канфрантацыю з Лукашэнкам і працягнуць яму руку дзеля захаваньня беларускай незалeжнасьці. Я выдатна ведаю: існуе вельмі шмат крыўдаў — перасьледы праз суд журналістаў і г.д. Нехта скажа, што я раю немагчымае. Але ў Беларусі прызвычаіліся глядзець на канфрантацыю да Лукашэнкі як на адзіна магчымы шлях. І, можа быць, дамінуе такая ўстаноўка, што Лукашэнка мусіць быць адхілены ад кіраваньня краінай любым коштам, любой ахвярай, зь любой будучыняй для Беларусі. Але варта пралічыць, што будзе далей. Калі й далей толькі кепскае, яшчэ горшае, дык мо той пэрыяд, пакуль яшчэ ёсьць магчымасьць выбару, можна выкарыстаць для пошуку іншых шляхоў”.

Гутарыла Тацяна Поклад, Вільня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0