1927 год. З дазволу Масквы ўрад БССР выдзеліў чатыром пісьменьнікам пяць пуцёвак у Карлавы Вары. Паехалі Янка Купала з жонкаю, Цішка Гартны (Зьміцер Жылуновіч) ды два Міхасі — Чарот і Зарэцкі.

Заходнебеларускі друк аднатаваў праезд Купалы праз Варшаву. “Bieіaruskaja Krynica” не палічыла нават патрэбным дадаць, што ён вандруе не адзін. У той час вырвацца з “краіны саветаў” ужо было цяжка. Выпускалі за мяжу толькі самых надзейных, “нагрузіўшы” якім-небудзь заданьнем. Гэтыя мусілі ў чэскіх эміграцыйных асяродках распавядаць пра посьпехі беларусізацыі. Аднак хвацкі даклад Цішкі Гартнага быў літаральна перакулены адным-адзіным пытаньнем: “Дзе Аляхновіч?”

Місія Ўльянава

Пісьменьнікі ў Празе
Пісьменьнікі ў Празе
Купала, Гартны ды Чарот ехалі ў Чэхію другі раз. Упершыню яны былі там у 1925 г. — “у камандзіроўцы”, як піша Энцыкляпэдычны даведнік “Янка Купала”. Спачатку ў Чэхію выправіліся партыйныя Гартны й Чарот, якія мусілі, згодна з пастановай ЦК КП(б)Б ад 11 жніўня 1925 г., паслужыць справе “разлажэньня і драбленьня” беларускае эміграцыі. Ім было рэкамэндавана чытаць “даклады на тэму: “Адраджэньне беларускай культуры”, “Беларуская літаратура” і г.д.”, а “выступленьняў на палітычныя тэмы не рабіць”. Пісьменьнікаў прыставілі асыстэнтамі да савецкага аташэ ў Варшаве Аляксандра Ўльянава. Той меў больш адказную місію: схіліць Урад БНР да прызнаньня бальшавіцкага Менску адзіным цэнтрам беларускага нацыянальнага адраджэньня й паспрыяць перадачы “паўнамоцтваў БНР Ураду БССР у форме дэклярацыі” (пастанова ЦК ЦК(б)Б ад 14 жніўня 1925 г.). Зрабіць гэта трэ было да Ўсебеларускай палітычнай канфэрэнцыі, якую зьбіраў у Бэрліне прэм’ер-міністар Аляксандар Цьвікевіч. Туды бальшавіцкія эмісары мусілі ехаць праз Прагу.

Дзесьці там да іх далучыўся і Купала. Пасьля яго зьяўленьня ў місіі адбылося пераразьмеркаваньне роляў: Ульянаў і Жылуновіч палітыкавалі, а Купала й Чарот ажыцьцяўлялі “культурную праграму”. Амаль тое ж было і ў Бэрліне. Ёсьць зьвесткі, што Купала хацеў засьцерагчы Цьвікевіча ад пераезду ў БССР, казаў яму: “Пакуль вы тут, лягчэй нам”. Але прэм’ер-міністра БНР даймала безграшоўе і вабілі бальшавіцкія абяцанкі.

Канфэрэнцыя адбылася 12—16 кастрычніка. Бальшавікі здолелі выканаць толькі частку свайго пляну — раздрабіць эміграцыю. Ліквідаваць БНР не далі рады.

Чаму Купала маўчаў

І вось Купала, Гартны й Чарот ізноў едуць праз Варшаву ў Чэхію. Гэтым разам — у Карлавы Вары, гэтым разам — з маладзейшым Зарэцкім. Як яны бавілі час, як лячыліся на знакамітым курорце, заходнебеларускія газэты не пісалі. На зваротным шляху пісьменьнікі прыпыніліся ў Празе. І ведама ж, не маглі не спаткацца зь беларускай калёніяй.

Пра гэтую сустрэчу 30 верасьня 1927 г. пісала “Bieіaruskaja Krynica”. Артыкул зваўся “Менскія госьці ў Празе”:

“Дня 14-га верасьня с. г. найвялікшы наш пясьняр Янка Купала прыехаў з Карлавых Вараў (Карлсбаду) у Прагу. Разам зь ім прыехалі ў Прагу пясьняр Чарот і пісьменьнікі: Зарэцкі, Цішка Гартны. Паэтыцкае творства Янкі Купалы чэскім кругом знанае і добра ацэненае. У часе ягонае бытнасьці ў Празе найвялікшыя чэскія штодзёньнікі зьмясьцілі фатаграфіі Купалы з шырокімі прыпіскамі.

На жаль, здарылася, што наш пясьняр прыехаў у сталіцу Чэхаславакіі дзеля шуканьня надломленага здароўя. Худы, вечна задуманы і замкнуты ў сабе, толькі вочы вялікія і страшныя, замыкаючыя ў сабе ўвесь боль учарашняе і сяньняшняе Беларусі, даюць знаць аб жыцьці творчае думкі. Здароўе і іншыя абставіны не дазволілі выступіць Купалу з дакладам перад грамадзянствам.

Вялікі штодзёньнік праскі “Narodni Osvobodzeni” ў дапісе пад фатаграфіяю выразна сьцьвярджаець замкнутасьць Янкі Купалы.

Апрача “Nar.Osvob.”, фатаграфію зьмясьціла таксама газэта “Lidove Listy” і іншыя”.

Абарвём цытату, каб зьвярнуць увагу чытачоў на Купалаву “вечную задуманасьць і замкнутасьць у сабе”. Ня толькі хваробаю яна тлумачыцца. Дый ня так хваробаю, як, па-першае, натураю Купалы і, па-другое, новымі палітычнымі абставінамі ў БССР. Хваравіты выгляд Купалы дазваляў яму ўнікаць публічных выступаў і нават размоваў. Вось жа ў 1925 г. у той самай Празе Купала й Чарот актыўна кантактавалі з эмігрантамі, бралі ўдзел у літаратурнай вечарыне, а праз два гады Купала маўчыць, пазьбягае кантактаў. Як і камунікабэльны Чарот. Ні адзін, ні другі з дакладамі не выступаюць. І ня толькі таму, што аднаму зь іх хвароба не дазваляе. Не дазваляе партыя. Дый пра што ім дакладаць? Пра зьнікненьне Францішка Аляхновіча? Аб працэсе Юркі Лістапада?

Ролі былі загадзя разьмеркаваныя партбюракратамі. Гаварыць мусіў “надзейны” Жылуновіч — сябра КП(б)Б з моманту заснаваньня.

Праскі карэспандэнт “Bieіaruskaje Krynicy” сканчаў свой допіс гэтак:

“Афіцыяльна з дакладам выступаў у Празе Жылуновіч (Цішка Гартны), які сваімі славамі, ня хочачы, нямала насьмяшыў слухачоў. Двойчы ў Празе быў Чарот, быў праф. Пічэта, але ніхто зь іх не пакінуў прыкрага ўражаньня, як гэта зрабіў Жылуновіч, аб дакладзе якога напішам у наступных нумарох”.

“Мы яго ўсунулі”

Наступная публікацыя, прысьвечаная ўжо выключна дакладу Жылуновіча, зьявілася ў “Bieіaruskaj Krynicy” аж 4 лістапада 1927 г., калі Купала ды ягоныя спадарожнікі былі ўжо ў Менску. (Між першаю й другою праскімі карэспандэнцыямі ў “Bieіaruskaj Krynicy” віленская левая газэта “Наша праца”, тэхнічным рэдактарам якой быў Антон Луцкевіч, надрукавала гутарку з Купалам, што запыняўся ў Варшаве на зваротным шляху.)

Другі допіс праскага карэспандэнта “Bieіaruskaje Krynicy” мае загаловак “У справе Фр.Аляхновіча (З прычыны дакладу Жылуновіча ў Празе Чэскай)”. Як вынікае з гэтае карэспандэнцыі, Цішка Гартны з ускладзеным на яго абавязкам ня справіўся.

Трэба думаць, што Гартны пачаў з бадзёрага рапарту аб посьпехах БССР у гаспадарчым і культурным будаўніцтве, але ў прысутных было на думцы адно: дзе падзеўся Францішак Аляхновіч, якога ўлады БССР у канцы 1926 г. запрасілі зь Вільні ў Менск на Акадэмічную канфэрэнцыю ў пытаньнях беларускага правапісу?

Газэта піша: “...тав. Жылуновіч... думаў, што едзе куды-небудзь у Мазыршчыну і там што скажа — тое сьвята. Прага — ня тое. Трэба, сапраўды, быць роўным разьвіцьцём таварышу Жылуновічу, каб не спадзявацца абурэньня з боку праскіх Беларусаў-патрыётаў з прычыны заявы Жылуновіча аб лёсе найвялікшага нашага драматурга, аўтара паўтара дзясятку працаў — Францішка Аляхновіча ў Менску.

На пытаньне прыйшоўшых на даклад Жылуновіча, што зрабілі з Фр.Аляхновічам? — тав.Жылуновіч адказаў: “Ня ведаю!” Тады сарваўся адзін з прысутных студэнтаў і востра сказаў: “Калі Пушкіна высылалі, то Лермантаў ведаў, калі Максіма Горкага выдалілі з Акадэміі, то Чэхаў і Бунін нешта рабілі, а калі Фр. Аляхновіча асудзілі, то Цішка Гартны кажа: “Ня ведаю!” Ганьба!”

Той беларускі студэнт крыху памыліўся. Калі царскі ўрад не зацьвердзіў абраньня Максіма Горкага ў акадэмікі, з Акадэміі на знак пратэсту выйшлі Чэхаў і Караленка. Але гэта неістотна. Істотна тое, што пісьменьнікі мелі сьмеласьць пратэставаць супраць сваволі ўладаў”.

Пасьля рэплікі студэнта Жылуновічу не было чым крыць. Прыціснуты да сьценкі, ён вымушаны быў сказаць: “Ну, мы яго ўсунулі...”

Паколькі публіка ў Заходняй Беларусі ня ведала савецкае фені, “Bieіaruskaja Krynica” надрукавала слова “ўсунулі” курсывам, пазначыла яго зорачкаю ды прыпісала: “Паводле дадатковых вестак з Прагі, прысланых у Рэдакцыю, мае гэта значыць, што запрошанага ў Менск Фр.Аляхновіча засудзілі на 10 гадоў катаргі ў Салоўках”.

Сказ “Ну, мы яго ўсунулі...” быў у выступе Жылуновіча вызначальны. Карэспандэнт паведамляе: “Гэта былі апошнія словы яго. Гэтымі славамі кончыўся “даклад”. Місія не ўдалася! Беларусь не забудзе крыўды з боку Радавай улады праз прысуд над Фр.Аляхновічам”.

Шкада, што карэспандэнт не паведаміў, як паводзілі сябе Купала, Чарот і Зарэцкі. Ці былі яны на “дакладзе”? Калі й былі, дык, мабыць, мудра маўчалі. “Адлуп” атрымаў адзін Жылуновіч.

І яшчэ адно пытаньне: хто паведаміў пра 10-гадовы тэрмін для Аляхновіча?

Галадзед і Салямон

Кожная гісторыя, а нават здарэньне, мае свой працяг. Дзеячы беларускае культуры ў БССР яшчэ мелі сьмеласьць што-колечы рабіць дзеля вызваленьня калегаў. Асабліва Максім Гарэцкі. Ён ня ўмеў хаваць галавы ў пясок. У 1929 г., падчас партыйнае чысткі, на адкрытым сходзе ячэйкі КП(б)Б у Народным камісарыяце асьветы ён, беспартыйны, будзе заступацца за Цішку Гартнага. Гарэцкі афіцыйна хадайнічаў і за Аляхновіча. Аднак ягоныя захады ня мелі пазытыўных наступстваў. Тады Гарэцкі зладзіў калектыўнае хадайніцтва. Падпісанае Янкам Купалам, Якубам Коласам, Зьмітраком Бядулем, Вацлавам Ластоўскім, Сьцяпанам Некрашэвічам, Язэпам Дылам, Уладзіславам Галубком, Фляр’янам Ждановічам, Міхайлам Грамыкам ды самім Гарэцкім, яно 10 сьнежня 1927 г. было пададзена старшыні Рады народных камісараў Мікалаю Галадзеду. Той перадаў хадайніцтва ў ЦК КП(б)Б, і ўжо празь дзень (12 сьнежня) яго разгледзелі на паседжаньні Бюро ЦК. Партыйны арэапаг прыняў “салямонава рашэньне”: хадайніцтва за аднаго драматурга, актора й рэжысэра адхіліў, а другому — Уладзіславу Галубку — надаў званьне народнага артыста Беларусі.

Справа Аляхновіча рэзка аддзяліла беларускую дыяспару ад Менску. Верасьнёўскі (1927 г.) правал Гартнага ў Празе быў апошнім выступам менскага эмісара перад эмігрантамі. Увесну 1928 г. Гартны зноў паехаў у Прагу — каб зладзіць кампанію салідарнасьці зь дзеячамі Беларускае работніцка-сялянскае грамады, якія апынуліся на лаве падсудных. Былы старшыня ўраду БССР сустракаўся з чэскімі журналістамі й грамадзкімі дзеячамі, а вось беларускіх эмігрантаў ён абмінуў — таму ў справаздачы ЦК КП(б)Б пра іх не згадаў.

Анатоль Сідарэвіч