Башура М. Паліваньне на мух... Беларуская міталёгія: Дапаможнік ... Белы А. Боскі вецер правінцыі... Біблія: Пяцікніжжа... Бурсаў А. Дзівін: Граняслоўі 1995–2002 г. ... Гніламёдаў У. Янка Купала: Жыцьцё й творчасьць...

Башура М. Паліваньне на мух (са шлянгу). – Масква–Санкт-Пецярбург: Неўскі Прастор, 2002. – 64 с.: іл. (Бібліятэка “Бум-Бам-Літу”)

Міхась Башура – адзін з “слупоў” творчага руху “Бум-Бам-Літ”, вядомы па асобных публікацыях ды па ўдзеле ў пэрформансах.

Беларуская міталёгія: Дапаможнік / Уклад. У.Васілевіч. – Менск: Унівэрсытэцкае, 2002. – 208 с.

Гэты даведнік – зьмястоўная крыніца інфармацыі пра выгляд ды функцыі шматлікіх багоў і мітычных істотаў беларускага паганскага пантэону. Матэрыялы кнігі добра сыстэматызаваныя й адмыслова падбіраліся з самых значных этнаграфічных дасьледаваньняў ад ХІХ ст. улучна (Кіркор, Нікіфароўскі, Сержпутоўскі, Федароўскі, Шпілеўскі, Шэйн і інш.). Кніга дазваляе яскрава ўявіць, якімі, паводле веры нашых продкаў, былі Пярун, Вялес, Ярыла й іншыя адказныя за дабрабыт, здароўе ды ўраджай асобы. Знайсьці кнігу можна ў буйных кнігарнях, кошт яе – блізу 4 тысячаў.

Белы А. Боскі вецер правінцыі: Вершы, эсэ. – Берасьце: Вежа, 2002. – 64 с.

У перакладзе на японскую мову “боскі вецер” азначае ня болей ня меней як “камікадзэ”. На кожнай старонцы чацьвёртага па ліку зборніка вершаў Аляксея Белага – да болю знаёмыя рэаліі сёньняшняй неўладкаванай Беларусі.

Біблія: Пяцікніжжа / Перакл. з лац. У.Чарняўскага. – Менск: Юніпак, 2002. – 250 с.

Пабачылі сьвет Старазапаветныя кнігі Роду, Выхаду, Сьвятарская, Лічбаў, Паўторанага Закону, перакладу якіх на беларускую мову ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі. Беларускамоўную Біблію можна прыдбаць у кнігарнях “Цэнтральная”, “Сьветач”, а таксама на выставе ТБМ.

Бурсаў А. Дзівін: Граняслоўі 1995–2002 г.: З захаваньнем art’аграфіі аўтара. – Менск, 2002. – 152 с.: іл.

Гэтая кніга дзівіць і насьцярожвае сваёю моваю. Словы тут – нібыта вострыя каменьчыкі на сьцяжыне, па якой ідзеш басанож. Нечакана шчыльнае суседзтва наватвораў, гістарызмаў, дыялектызмаў, прафэсіяналізмаў ды слэнгу падсьвечваецца рэзкім нэонавым сьвятлом гукавой гульні. Знайсьці “Дзівін” можна на выставах у ТБМ ды БНФ.

Гніламёдаў У. Янка Купала: Жыцьцё й творчасьць. – Менск: Беларуская навука, 2002. – 238 с.

Жыцьцяпіс і агляд-аналіз асноўных твораў паэта, выдадзены да 120-годзьдзя.

Дамейка І. Мае падарожжы / Перакл. з польск. мовы й камэнт. З.Сіцькі; Прадм. К.Цьвіркі. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2002. – 496 с.: іл. (Беларускі кнігазбор; Сэр. ІІ. Гісторыка-літаратурныя помнікі)

21-ы том “Беларускага кнігазбору” – чарговае ўнікальнае выданьне з “залатое бібліятэкі” Беларусі. Гэтая кніга яшчэ ў ХІХ ст. была перакладзеная з гішпанскай на мноства іншых моваў, але толькі цяпер у поўным аб’ёме зьявілася па-беларуску. Набыць яе можна ў большасьці менскіх кнігарняў.

Лозка А. Беларускі каляндар у славянскім і эўрапейскім сьвеце: Манаграфія. – Менск: БДПУ, 2002. – 120 с.

Накладам у 100 асобнікаў выйшла дасьледаваньне, дзе ўпершыню зробленая спроба рэканструяваць паганскі каляндар славянаў і вызначыць месца традыцыйнай спадчыны беларусаў у кантэксьце эўрапейскіх каляндарных абрадаў.

Мінскевіч С. Мінскія / Менскія санэты. – Менск: Логвінаў, 2002. – 64 с.

Санэты Сержа Мінскевіча – важкі аргумэнт на карысьць таго, што Менск не такі ўжо апаэтычны горад, як цьвердзяць многія. Знаёмыя будыніны, вуліцы, шараговыя й нешараговыя жыхары сталіцы набываюць у сьвятле паэтычнага ўяўленьня новае аблічча. Болей даведацца пра аўтара дазваляюць зьмешчаныя ў зборніку прадмова Інэсы Кур’ян ды “пасьлямова” Андрэя Хадановіча.

Ненадавец А. Сілаю слова: Чорная й белая магія. – Менск: Беларусь, 2002. – 350 с.

У новай кнізе дасьледніка беларускае міталёгіі й вуснай народнай творчасьці пададзены матэрыял, які прыадчыняе дзьверы ў таямнічы й небясьпечны сьвет чараўнікоў, варажбітоў ды знахароў. Вера ў надзвычайную моц слова сталася аб’ектам аналізу. Вынікі яго аўтар выклаў у захапляльнай форме, падмацаваўшы вялікаю колькасьцю прыкладаў уласна слоўнае магіі.

У “Кнігарні пісьменьніка” кніга каштуе каля 4 тыс.

Рэфармацыя і залаты век Беларусі: Матэрыялы навук.-практ. канфэр.; Менск, 1 чэрв. 2002 г. / МГА “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”; Уклад. С.Акінчыц. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2002. – 96 с.

Матэрыялы зборніка асьвятляюць пытаньні гісторыі, сучаснасьці й пэрспэктываў рэфармацыйнага руху ў Беларусі. Удзел у канфэрэнцыі бралі Адам Мальдзіс, Анатоль Грыцкевіч, Алег Трусаў, Уладзімер Конан, Павал Севярынец ды іншыя навукоўцы й прыхільнікі пратэстантызму. Знайсьці кнігу можна на выставе ва ўправе БНФ.

150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. і прадм. З.Санька, І.Саверчанка. – Вільня: Наша Будучыня, 2002. – 238 с.: іл.

Выйшла з друку густоўна аздобленае, прыбранае ў цьвёрдую вокладку перавыданьне ці не найбольш папулярнай у пачатку 1990-х кнігі па гісторыі Беларусі. Першае выданьне “100 пытаньняў і адказаў” зьявілася ў 1993 г. Новае выданьне больш падрабязна асьвятляе пэрыяд бальшавіцкага панаваньня ў Беларусі, у прыватнасьці – вызвольны рух, усталяваньне й функцыянаваньне таталітарнае сыстэмы, рэфармаваньне беларускае мовы.

Толкін Дж.Р.Р. Хобіт, або Вандроўка туды й назад / Перакл. з ангельск. К.Курчанковай і Д.Магілёўцава. – Менск, 2002. – 264 с.

Сусьветнавядомая Пунцовая кніга Заходняга Краю па–беларуску.

Тры грацыі: Галасы здаля й зблізу: Зборнік паэзіі. – Санкт-Пецярбург, 2002. – 110 с.

Зборнічак “жаночае” паэзіі ўключае творы трох аўтарак: Ніны Мацяш (вянок санэтаў “Бабіна лета ў Белаазерску”), Аўгіньні Кавалюк (нізка вершаў “Повязь”) ды Антаніны Хатэнкі (“Птушыны шлях”). Пытайцеся на кніжнай выставе ў ТБМ.

Чаропка В. Уладары Вялікага княства. – 2–е выд., дапоўн. – Менск: Беларусь, 2002. – 608 с.

Расповед пра жыцьцё й дзеі Кастуся Астроскага, Мікалая Радзівіла Рудога, Лява Сапегі, Яна Хадкевіча, Януша Радзівіла ды іншых выбітных постацяў беларускае мінуўшчыны. Першае выданьне “Ўладароў” зьявілася ў 1996 г. і сустрэтае было надзвычай прыхільна. Шукайце ў “Акадэмкнізе”, “Цэнтральнай”, “Сьветачы”, “Кнігарні пісьменьніка”. Цана – каля 6 тысячаў.

Календарь 5763: Справочник / Иудейское религиозное объединение. – Менск: Энцыкляпэдыкс, 2002. – 168 с.: іл.

Выхад з друку гэтага кішэннага даведніка засьведчыў пачатак новага 5763 г. ад стварэньня сьвету. У зборніку апроч юдэйскага календара-штодзёньніка зьмешчаныя сьвятарныя тэксты, малітвы, апісаньні габрэйскіх звычаяў ды іншая інфармацыя, каштоўная для беларускіх габрэяў, якія трымаюцца сваёй веры й захоўваюць нацыянальныя адметнасьці.

Литературная классика в диалоге культур: Тезисы к Междунар. научн. конфер., посвящённой 120-летию Я.Купалы и Я.Коласа; Москва, 23 окт. 2002 г. – Масква: Картгеацэнтар, 2002. – 100 с.

З ініцыятывы маскоўскага беларуса Аляксея Каўкі пры Інстытуце сусьветнай літаратуры Расейскай акадэміі навук адбылася Міжнародная канфэрэнцыя, на якой творчая спадчына сёлетніх беларускіх юбіляраў разглядалася ў сьвятле міжлітаратурных сувязяў ды ўплываў. Наклад кнігі – 100 асобнікаў.

Падрыхтавала Тацяна Вабішчэвіч