Прачытаў у “НН” ад 29 лістапада артыкул Алеся Высоцкага “Балдук і Балдучыха”. Справа ў тым, што вельмі часта бываю ў тых цудоўных мясьцінах.

Амаль штолета начую на паўднёвым беразе возера Балдук, а на паўночным беразе, непадалёк ад возера, разьмясьцілася вёска Вайшкуны, гэта на мяжы Мядзельскага і Пастаўскага раёнаў. Сустракаючыся з жыхарамі гэтай вёскі, пачуў ад людзей адзін аповед пра возера.

Шмат хто чуў ці чытаў пра вядомую шатляндзкую пачвару Нэсы. Дык вось, напэўна, у яе зьявіўся канкурэнт, а можа, і родзіч. Жыхары вёскі Вайшкуны расказваюць, што мінулым летам бачылі гіганцкую незвычайную істоту, якая некалькі разоў уздымала над вадой сваю велізарную галаву. Відавочцы параўноўваюць яе з галавой дыназаўра ці агромністага зьмея. Некаторыя ўпэўнена сьцьвярджаюць, што гэта зьмей, які мае даўжыню каля сямі мэтраў і жыве ў глыбокіх норах на дне возера. У яго паробленыя падземныя хады, па якіх ён перапаўзае з Балдука ў суседнія азёры гэтай групы. Але яму больш падабаецца роднае возера, бо там ёсьць дзе разгуляцца. І хаця гэта возера ня вельмі вялікае па плошчы – 2,0 км на 0,7 км, але затое глыбіня там проста шалёная – 39,7 мэтраў, прытым вялікая глыбіня назіраецца па ўсёй даўжыні возера.

Вельмі доўга ня могуць заснуць вандроўнікі, калі пачуюць гэты аповед. А раніцой зь вялікай асьцярогай падыходзяць да возера. Сапраўды, таямнічыя гукі даносяцца адтуль цэлую ноч, але мне не давялося бачыць пачвару на свае вочы.Бярнард Бярнард Пакульніцкі, Буйкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0