У працяг артыкулу “Апазыцыю — ва ўрад” у нумары ад 22 лістапада хачу сказаць наступнае. Пытаньне, ці запросіць Лукашэнка лідэраў апазыцыі ва ўрад, абстрактнае, калі казаць пра лідэраў нацыянальнае дэмакратыі, якія ня лічаць, што ў Эўропу Беларусь пойдзе праз Расею. Такіх лідэраў Лукашэнка ва ўрад ніколі не запросіць.

Па-першае, ён разумее галоўную аксіёму аўтарытарнай улады і бачыць на прыкладзе Гарбачова: калі саступіць апанэнтам кавалачак тэрыторыі, тыя імгненна ператвораць яго ў пляцдарм для наступу. Прыклад з экс-старшынём міжнароднай парлямэнцкай камісіі Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня Краўчанкам ці віцэ-спікерам ВС-ХІІІ Новікавым, якія пайшлі на дыпляматычную службу, тут не пасуе: у гэтых — доўгая чынавенская вывучка. Ім звыкла прыхоўваць уласную пазыцыю, ці, лепш сказаць, у пэўны момант ня мець гэтай пазыцыі. А ўявіце сабе Юрася Беленькага, Вячаслава Сіўчыка ці Паўла Севярынца, якія б хавалі сваю пазыцыю. Ніякіх саступак — гэты ўнівэрсальны прынцып дыктатураў.

Па-другое, ці можаце вы ўявіць сабе два вось такія Лукашэнкавы тэлефанаваньні, адзін у Варшаву, другі ў Нямеччыну:

“Зянон Станіслававіч? Слухай, я вырашыў зьмяніць курс. Трэба ліквідаваць расейскія базы ў Вялейцы і ў Ганцавічах — ці выставіць за іх Маскве рахунак, каб “па-чэснаму”. Абсталяваць нармальную мяжу на Ўсходзе, і хай гэтыя 250 тысяч нелегалаў застануцца па той яе бок. У ценявым кабінэце БНФ вы з Заблоцкім тады падлічылі, што станоўчае сальда з Расеяй у нас з улікам транзыту можа быць колькі? 2 мільярды даляраў? А то мае тут дакладаюць, што толькі мільярд. Бачыш — усё, як ты прапаноўваў. Прашу тваёй дапамогі, карацей. У інтарэсах, як ты любіш казаць, Бацькаўшчыны. Даю любую пасаду і рабі, што палічыш патрэбным. А хочаш, увогуле пасады не бяры — парады давай. А праз два гады правядзём выбары. Так што бяры білет на першы ж авіярэйс, а пашпарт у амбасадзе ўжо выпісаны”.

“Васіль Уладзімеравіч? Галоўны рэдактар, які рассыпаў набор Вашай кнігі, сёньня звольнены. Скобелеў таксама больш не працуе ў Адміністрацыі прэзыдэнта, высьпятка далі й Сеўруку. Кнігі якіх маладых аўтараў, на Ваш погляд, мы павінны былі б датаваць у першую чаргу”?

Адмову ад такой прапановы Пазьняку прыйшлося б доўга тлумачыць нават самым адданым сваім прыхільнікам, а размова з Быкавым (пры любых выніках) магла б істотна зьмяніць стаўленьне інтэлігенцыі да Лукашэнкі.

Але Лукашэнка папросту ня здатны на неардынарныя крокі (калі гэта толькі не сілавы прыём).

І, па-трэцяе, сьведчу як чалавек, які добра ведаў Лукашэнку па Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня і назіраў у розных сытуацыях — спачатку як дэпутата, потым як прэзыдэнта (праўда, не размаўляў зь ім ужо гадоў сем, але ня думаю, каб нешта зьмянілася). Лукашэнка арганічна не ўспрымае Беларушчыны ў яе культурным, моўным і гістарычным сэнсе. Ён рэагуе на яе агрэсіўна-варожа — можна бясконца пералічваць зьедлівыя выказваньні і пра беларускую мову, і пра Аршанскую бітву, і пра бел-чырвона-белы сьцяг, і пра Незалежнасьць, і пра Віскулі. Ён лічыць беларусаў часткай расейскага народу (“мы единый народ”), а Беларусі не ўсьведамляе незалежнай краінай.

Калі б Адамкусу прапанавалі далучыць Расею да Літвы з гарантаванай пасадай прэзыдэнта новай дзяржавы, ён бы адмовіўся. Ён бы нават не зразумеў, пра што гаворка, яму хапае Літвы. Для Лукашэнкі ж галоўная пасада ў Маскве застаецца ідэяй фікс, і краіну Беларусь ён разглядае як прыступку да крэсла. У момант пагрозы згубіць гэтую пасаду інтарэсы яго і нацыянальнай апазыцыі ў дачыненьні да дзяржаўнасьці і беларускасьці могуць супасьці. Але выпадак з “Белтрансгазам” яшчэ раз пацьвярджае, што Лукашэнка ня можа “трымаць удар”.

Таму чакаць, што ён запросіць “адраджэнцаў” для ўмацаваньня нейкіх беларускіх, нацыянальных каштоўнасьцяў — наіўна.

Але Лукашэнку можа замяніць нехта іншы (зусім ня зь ліку цяперашніх лідэраў апазыцыі). І вось гэты іншы, можа, сапраўды зробіць такую прапанову — хоць бы таму, што будзе разумець тое, чаго не разумелі ні Кебіч, ні Лукашэнка: з апанэнтамі варта дамаўляцца. А дзеля гэтага трэба падзяліцца хоць часткай улады.

Так існуюць практычна ўсе эўрапейскія ўрады і няблага кіруюць краінамі, і прэзыдэнты-прэм’еры пры гэтым пачуваюць сябе камфортна. У такой сытуацыі дзеячам апазыцыі, верагодна, давядзецца сыходіць не з партыйных, а зь дзяржаўных інтарэсаў.

Мой калега Юры Дракахруст ня бачыць пасады для Анатоля Лябедзькі ці Вінцука Вячоркі. Не пагаджуся — Лябедзька мог бы прадстаўляць Беларусь у нейкай міжнароднай арганізацыі (быў жа пры Кебічу—Шушкевічу амбасадарам у Нямеччыне Пётра Садоўскі, ніяк не выяўляючы на гэтай пасадзе сябе як дэпутат Апазыцыі БНФ). Праўда, ня ведаю, у якой ступені Лябедзька валодае замежнымі мовамі. А вось што да Вячоркі, дык цяжка знайсьці лепшага кандыдата на пасаду міністра адукацыі. І ня толькі паводле якасьцяў мовазнаўцы, але і з прычыны ўсьведамленьня Вячоркам прыярытэтаў сыстэмы адукацыі ў сучасным эўрапэйскім кантэксьце.

Наагул, ёсьць дзьве сфэры дзейнасьці, на якія цяперашнія апазыцыянэры маглі б пагадзіцца пры любым прэзыдэнце, хоць бы нават і пры Лукашэнку: гэта адукацыя і культура, уключна з кнігавыдавецтвам (не называю СМІ — не прапануюць). Існуе пашыранае меркаваньне, што Кебіч прапаноўваў аддаць адукацыю і культуру Пазьняку. Ён гэтага не рабіў, але праз камісіі Вярхоўнага Савету апазыцыя БНФ дзякуючы намаганьням дэпутатаў Гілевіча, Баршчэўскага, Трусава, Цумарава, Вярцінскага, Голубева правяла рэформы, якія спрыялі выхаваньню цяперашняга пакаленьня ў беларускім духу. Гэтыя сфэры — лёсавызначальныя для нацыі, і ісьці працаваць у Міністэрства адукацыі, культуры, Дзяржкамвыд трэба, нягледзячы на тое, што фінансаваньне гэтых галінаў будзе мінімальным.

А вось на што абсалютна могуць не зважаць прэтэндэнты на пасады, дык гэта на папрокі за ўдзел ва ўрадзе. Ізноў жа не пагаджуся з Дракахрустам, які кажа, што гэта “перакрэсьліць іх як палітыкаў”. Гэта ў ЗША, у Нямеччыне, у Чэхіі рэпутацыя вызначае палітычную будучыню. У Беларусі яна нічога не вызначае і важыць вельмі мала. Хто сёньня прыгадвае, што ў 1994 г. Лябедзька быў “дарадцам Лукашэнкі” (так у афіцыйным тэлефонным даведніку), ягоным прадстаўніком у ВС і дамагаўся прыняцьця законаў пра “вэртыкаль”, блякаваў законапраект выбараў па зьмешанай прапарцыйна-мажарытарнай сыстэме (г.зн. з партыйнымі сьпісамі, што на выбарах 1995 г. гарантавала б БНФ мінімум 20 мандатаў)? Сёньня Лябедзька — прызнаны лідэр аб’яднанай апазыцыі. Ва ўрадзе Лукашэнкі быў Сасноў, у МЗС працаваў Саньнікаў, ды што казаць — прэм’ерам быў адзін зь “пяцёркі” кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах ад апазыцыі Чыгір. А другі — Казлоўскі — быў міністрам пры Кебічу. А Ганчарык — чальцом Бюро ЦК КПБ пры Сакалову. Домаш быў губэрнатарам пры Кебічу. Вось толькі Калякін вышэй за сакратара райкаму КПБ не пасьпеў. Сярод цяперашніх лідэраў апазыцыі цяжка знайсьці чалавека, які не працаваў у тых, каго апазыцыя лічыла альбо лічыць сваім галоўным ворагам.

Сяргей Навумчык, Прага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0