Бізнэсовец Зьміцер Дайнэка выкупіў альбом “Partyzone” і задарма раздаў слухачам.

У суботу 7 сьнежня БМА ладзіла “Вольныя танцы”, што аб’ядналі ў сабе адразу тры падзеі: першы за год канцэрт “Крамы”, прэзэнтацыю альбому сёлетніх пераможцаў “Басовішча” — гурту “Partyzone” плюс вяртаньне на сцэну “Імпэту” з новымі песьнямі. Такім чынам, набыўшы адзін квіток у “Акварыюм”, можна было паслухаць тры сольныя канцэрты розных па стылю камандаў.

Імпэт
Імпэт
Прыхільнікі “Імпэту” так і не пачулі колішні гіт гурту — “Зусім няпроста”, а ўсе астатнія песьні зьмешаліся ў нейкую гукавую (з-за апаратуры) і моўную кашу (беларуска-расейска-ангельскія тэксты каманды было досыць цяжка разабраць). Адну з песьняў вакалістка Дана прысьвяціла “Музыкальной газете” — дагэтуль ніхто, здаецца, песень пэрыядычным выданьням не прысьвячаў. Але з-за невыразнага гуку ў залі было досыць цяжка зразумець ідэю тае кампазыцыі.

З выхадам “Крамы” заля заварушылася — пасьля леташняе прэзэнтацыі дыску “Хавайся ў бульбу!” бачыць музыкаў на сцэне не даводзілася. Публіка, ссумаваўшыся па “Краме”, “адрывалася” пад старыя гіты кшталту “Сьветлага анёла” або “Што дапаможа нам”. Новых песень Варашкевіч не сьпяваў. “А хто прыдумаў, што гурт павінен выпускаць па альбоме ў год і пасьля яго прэзэнтацыі ўжо рыхтаваць наступны? Гэта бязглузьдіца — мы будзем граць і запісваць што жадаем і калі жадаем”, - сказаў ён карэспандэнту “НН” пасьля канцэрту.

І ўсё ж вечарына задумвалася пад экстрэмальны гурт “Partyzone”. Хлопцы прэзэнтавалі альбом “Трэба рабіць”. Падчас іх выступу адзін з гледачоў — бізнэсовец Зьміцер Дайнека выкупіў усе наяўныя (каля шасьці дзясяткаў) касэты з новым альбомам і раздаў слухачам. “Слухайце толькі беларускае. Гэта краіна будзе нашай”, -- сказаў Дайнека, калі яго выклікалі на сцэну.

Сяргей Будкін