Фэст у Сьвіры... Самасуд... Беспрацоўны мурын... Сымбалі Барані... Фантан у школе... Трагедыя праз гарэлку... Падарункі ад Бароўкі... Брак дактароў...

Фэст у Сьвіры

6 сьнежня ў мястэчку Сьвір на Мядзельшчыне адзначылі 550-годзьдзе мясцовай парафіі сьвятога Мікалая. Першы драўляны касьцёл пабудавалі тут у 1452 г. Праз два стагодзьдзі пачалося ўзьвядзеньне новага, мураванага, які асьвяцілі ў 1671 г. У 1909 г. пабудавалі новую бажніцу. За савецкім часам касьцёл зачынілі, а з пачатку 80-х у сьвятыні месьціўся філіял Смургонскага заводу аптычнага станкабудаваньня. Касьцёл “аджыў” у 1990 г.

На ўрачыстасьць сабраліся вернікі зь мястэчка і навакольных вёсак, прыехалі сьвятары зь Мядзельшчыны, Вільні, Польшчы. Імшу правіў дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідэяцэзіі Кірыла Клімовіч. У Сьвір прывезьлі блаславеньне ад Яна Паўла ІІ. А дзеці, якіх на сьвяце было дужа многа, атрымалі падарункі “ад сьвятога Мікалая”.

Алесь Высоцкі

Самасуд

У Аршанскі РАУС прыйшоў 30-гадовы мужчына ды прызнаўся, што забіў чалавека. На першым допыце ён паведаміў, што ягоную жонку згвалтавалі, калі тая вечарам вярталася дадому зь вясковага сьвята. Назвала пацярпелая й імя гвалтаўніка. Муж сустрэў таго ў бязьлюдным месцы, зьбіў да сьмерці, а цела схаваў у склепе закінутай вясковай хаты. Праз тыдзень забойца паведаміў жонцы пра самасуд, яна ж параіла ісьці ў міліцыю прызнавацца. Пасьля ўдакладненьня дэталяў злачынства адбудзецца суд. Хутчэй за ўсё, яшчэ адна сям’я з двума дзецьмі застанецца без кармільца.

Беспрацоўны мурын

У Аршанскім рэгіянальным цэнтры занятасьці насельніцтва стаў на ўлік мясцовы жыхар — ураджэнец адной з афрыканскіх краін. У 1995 г. ён скончыў бібліятэчнае аддзяленьне менскага Ўнівэрсытэту культуры. Ажаніўся з аршанскай дзяўчынай, атрымаў від на жыхарства. Але ўладкавацца на працу ня змог — няма вакансіяў. Цёмнаскуры аршанец зьбіраецца перакваліфікавацца ў майстра апрацоўчых работаў.

Сымбалі Барані

Сэсія Баранскага гарсавету (Аршаншчына) зацьвердзіла гарадзкую сымболіку. Места займела яе ўпершыню. Герб уяўляе сабой гішпанскі шчыт, у блакітным полі якога срэбны кавалерскі крыж, пад імі залатая злучына з выявай паляўнічага ражка. Сьцяг Барані — прастакутнае белае палотнішча з выявай гербу пасярод, у ніжняй частцы сьцяга — дзьве гарызантальныя паласы рознай шырыні залатога і блакітнага колераў. Зацьверджаная сымболіка блізкая да аршанскай. Ражок узяты з “малога” гербу Радзівілаў “Трубы”. Менавіта князь Крыштоф Радзівіл у 1598 г. “залажыў на гасьцінцы ад Барысава да Воршы места на Барані…”

Фантан у школе

Ворша колькі месяцаў была адным з самых буйных “безфантанных” гарадоў краіны. Ад апошняга фантану тут пазбавіліся сёлета ўвесну. Але ўжо ў верасьні зьявіўся новы — у фае СШ №18. Тамсама настаўнікі й вучні зрабілі цудоўную “альпійскую горку”. У 18-й школе існуе й адзіная ў Воршы беларускамоўная кляса.

Віктар Лютынскі, Ворша

Трагедыя праз гарэлку

У вёсцы Завельцы, што на Астравеччыне, 49-гадовы сын забіў бацьку. Абодва былі п’яныя.

Падарункі ад Бароўкі

Колісь Мар’ян Бароўка жыў у вёсцы Кумпяны Астравецкага раёну. Лёс склаўся так, што цяпер ён з жонкай і дачкой жыве ў Амэрыцы. На радзіму штогод прыяжджае адпачыць і… не з пустымі рукамі. Нядаўна ён прывёз для раённай больніцы прыборы інтэнсіўнай тэрапіі, аппарат для абсьледаваньня цяжарных жанчынаў і мноства аднаразовых мэдычных прыбораў.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Брак дактароў

У апошнія гады ў больніцах Крычаўшчыны цяжка з дактарамі. Так, на амаль 45 тыс. жыхароў ёсьць усяго адзін акуліст. Раёну патрабуецца 140 дактароў, а працуе толькі 78, пры гэтым 30% зь іх — пэнсійнага веку. Штогод на Крычаўшчыну прыяжджае некалькі дзясяткаў маладых спэцыялістаў. Але, адпрацаваўшы тры гады, яны звычайна ўцякаюць. Прычына — адсутнасьць жыльля. За дзесяць гадоў выканкам ня даў ніводнай кватэры для мэдычных работнікаў.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

“Тэракт” у больніцы

Днямі ў Бялынічах з патасам адсьвяткавалі 200-годзьдзе з дня адкрыцьця ў мястэчку больніцы. На ўрачыстасьцях прысутнічалі кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў і арганізацыяў, дэпутат палаты прадстаўнікоў У.Канаплёў, працаўнікі аблвыканкаму і абласнога ўпраўленьня аховы здароўя. А напярэдадні, прыкладна а 12-й дня, невядомыя асобы распырскалі ў прыбіральні паліклінікі балёнік з газам, што выкарыстоўваецца для самаабароны. За хвіліны ўдушлівае зьмесьціва балёніка распаўсюдзілася па ўсіх паверхах. Хворыя і мэдыкі пачалі моцна кашляць, задыхацца.

Давялося эвакуяваць людзей ды адчыняць усе вокны. Ніхто моцна не пацярпеў, акрамя, хіба што, аглядніц: ім давялося тыя вокны наноў заклейваць.

Ці плаціш за English?

Паміж бацькамі вучняў 2“Б” клясы бялыніцкай СШ №1 з аднаго боку, і дырэкцыяй школы ды кіраўніцтвам аддзелу адукацыі з другога, ушчаўся канфлікт. У школе зрабілі платнымі ўрокі ангельскае мовы. Раней грошай за навучаньне не спаганялі. Гэта лягічна, бо прадмет уведзены ў школьны кампанэнт, гадзіны працы настаўніка затарыфікаваныя. Дый у СШ №2 плаціць за вывучэньне замежнай мовы ня трэба. Абурыў бацькоў нават ня кошт — 2800 рублеў у месяц. Яны паспрабавалі разабрацца ў сытуацыі й на свой зварот атрымалі адказ: урокі ангельскай мовы пераносяцца на суботу з павелічэньнем аплаты, а дзеці тых, хто адмовіцца плаціць, пераводзяцца з “спэцыялізаванае” клясы ў звычайныя. Людзі падаліся шукаць рады ў райвыканкам. Паводле папярэдняе інфармацыі, канфлікт будзе вырашаны на карысьць бацькоў і дзетак.

Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы

Мерзнуць дзеці

У дзіцячым садку №4 раённага аддзелу адукацыі паставілі рэкорд. Так, цэлы дзень гадаванцаў утрымлівалі ў групах пры тэмпэратуры 6—9 градусаў. Дзякуй Богу, што яшчэ плюс... Дзяцей у групах небагата — толькі тыя бацькі, якім зусім няма куды ўладкаваць дзяцей, рызыкуюць прывесьці іх у садок.

“Ленінскі кліч”, Крычаў

Скралі літары

На тым тыдні ў Бабруйску ад злодзеяў пацярпелі два помнікі. Невядомыя скралі дзесяць літараў з каляровага мэталу, разьмешчаных на помніку воінам з мэмарыялу па вуліцы Менскай. Таксама ў чарговы раз зьнік надпіс на камяні-помніку “Ахвярам рэпрэсіяў”.

Віктар Качан, Бабруйск