У верасьні Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў правёў апытаньне з мэтай вызначыць стаўленьне беларусаў да Эўразьвязу. Больш за 53% апытаных згодныя прагаласаваць “за” далучэньне да эўрапейскага саюзу, 8% — рашуча “супраць”, а астатнія ня бралі б удзелу ў галасаваньні ці ня здолелі б адказаць на пытаньне.

Мроіць не забароніш, васпане, скажа інфармаваны й дасьведчаны чытач. Але менш чым за два гады мы межавацьмем з Эўразьвязам. Лукашэнка не вечны, а гэтае суседзтва нам дадзена калі не назаўжды, дык надоўга.

Галоўная страва на стале

Апантаны эўфарыяй ад хуткае інтэграцыі ў Зьвяз, удзельнік прэс-канфэрэнцыі дэпутатаў польскага Сойму ў Эўрапарлямэнце, распавядаючы пра стравы, якія падаваліся на адным з прыёмаў, зазначыў, што дэсэрты былі вугорскія й кіпрскія, але галоўныя стравы — польскія! Ды раптам дадаў: “Так, панове, мы, палякі, — галоўная страва на стале ЭЗ”! Гэтае нечаканае параўнаньне вельмі слушнае. Зь дзесяці краінаў, якія павінны далучыцца да Зьвязу ў 2004 г., Польшча зь ейнымі 50-цю парлямэнтарамі будзе самым уплывовым гульцом, роўным Гішпаніі. Наступнай па значнасьці сярод “нэафітаў” стане Румынія, што ўвойдзе ў Зьвяз у 2007-м (33 дэпутаты).

Патасу ў прамовах польскіх палітыкаў ды газэтных артыкулах цяпер паменела. Палякаў больш цікавяць надзённыя пытаньні (фінансавыя, праўныя ўмовы далучэньня да ЭЗ, квоты на вытворчасьць прадукцыі), цяжкія перамовы на заключным этапе інтэграцыі. Цікавіць таксама, ці мусяць новыя сябры плаціць адразу 100% сяброўскіх складак або атрымаюць у першыя гады палёгку. Прадстаўнікі нацыянальных элітаў краін-кандыдатак пабойваюцца “апынуцца ў ценю”, таму ўзважваюць кожную драбніцу ў пагадненьнях з Брусэлем.

“За” і “супраць”

Паводле зьвестак “Эўрабаромэтру” (сацыялагічнай службы ЭЗ), 61% грамадзянаў трынаццаці краінаў-кандыдатаў (разам з Турэччынай) лічаць, што “Эўразьвяз — гэта добра”. У тых гаспадарствах, якія сутыкнуліся з эканамічнымі цяжкасьцямі на шляху да Эўропы, абсалютная бальшыня кажа ЭЗ “так” (78% у Румыніі, 68% у Баўгарыі, 65% у Турэччыне). Грамадзяне ж тых дзяржаваў, што больш-менш адпавядаюць “эўрастандартам”, зь меншай ахвотай ідуць у ЭЗ (Польшча — 52%, Літва — 48%, Чэхія — 43%, Эстонія — 32%).

Турэцкае пытаньне

“Далучэньне Турэччыны — канец Эўропы?” — артыкулы з такiм загалоўкам зьявіліся на пачатку лiстапада ў заходнiх выданьнях. Там камэнтавалася выказваньне Валеры Жыскар д’Эстэна (былога прэзыдэнта Францыі й старшыні групы па падрыхтоўцы Эўраканстытуцыі) пра тое, што Турэччыне “няма месца ў пашыраным Зьвязе”. Бо 95% насельнікаў краіны і яе сталіца знаходзяцца па-за Эўропай.

Эўракамісія — выканаўчы й часткова заканадаўчы орган — зазначае, што нацыі, якія маюць далучыцца да новай панэўрапейскай супольнасьці, павінны адпавядаць т.зв. “капэнгагенскім крытэрам” — дасягнуць пэўных эканамічных паказьнікаў ды забясьпечыць дэмакратычныя свабоды для грамадзянаў. “Эўракраты” падкрэсьліваюць у кожным дакладзе, што Турэччына дасягнула прагрэсу (напрыклад, скасавала смяротную кару), але пытаньне з курдзкай меньшасьцю застаецца. Дый існуе небясьпека масавае некантраляванае міграцыі туркаў у іншыя дзяржавы Зьвязу пасьля далучэньня краіны да ЭЗ. З іншага боку, эўрапейская эліта баіцца, што расчараваныя адмовай Захаду турэцкія выбаршчыкі галасавацьмуць за “ісламскіх экстрэмістаў”. Таму гэтую краіну, якая падала заяву на далучэньне да ЭЗ яшчэ ў 1987 г., трымаюць у “перадпакоі” ЭЗ, прапускаючы без чаргі шчасьлівейшых канкурэнтаў.

Між тым, з канфэсійнымі разыходжваньнямі Зьвяз сутыкаўся і раней. У Эўрапейскую супольнасьць вугалю й сталі, створаную ў 1951 г., спачатку ўваходзілі шэсьць дзяржаваў зь пераважна каталіцкім насельніцтвам. Такое “праватыканскае” аб’яднаньне выклікала недавер у пратэстанцкіх Вялікай Брытаніі й Даніі. Яны далучыліся да гэтай зоны вольнага гандлю толькі ў 1973 г. Потым у супольнасьць увайшла праваслаўная Грэцыя (1981). Таму становішча Турцыі не безнадзейнае, тым больш што турэцкая меншасьць Кіпру ўжо ў 2004 г. атрымае “эўрапрапіску” разам з грэкамі-кіпрыётамі.

Дзе край Эўропы

Калі я знаёмлюся з заходнімі эўрапэйцамі, яны часьцяком пытаюцца: “Ваша краіна – кандыдат на ўступ да Эўропы”? У іхным разуменьні Эўропа атаясамліваецца з Хаўрусам. Наш улюбёны лёзунг “Беларусь — цэнтар Эўропы” можа справакаваць там усьмешкі на тварах. У заходніх мэдыях тэрміны “Эўропа Пятнаццаці” ці папросту “Эўропа” сталіся стопрацэнтовымі адпаведнікамі Зьвязу. Пашырэньне на ўсход дазваляе ЭЗ амаль легітымізаваць манаполію на ўжываньне гэтага брэнду.

А што, станецца з намі, Украінай, Балканамі? Ня трэба быць Настрадамусам, каб прадбачыць: калі адзін неўраўнаважаны палітык нечакана пачынае выказваць Брусэлю знакі прыхільнасьці, гэта не азначае, што ЭЗ імгненна папаўзе да яго на каленях, каб толькі не дапусьціць адкрыцьця “неабсяжнай” беларускай мяжы для нелегальных уцекачоў ды наркадылераў. Пасьля далучэньня новых чальцоў Зьвяз будзе межаваць ня толькі зь Беларусяй, але й з “эўрапейскім парахавым склепам” — Балканамі. Дый мігранты для ЭЗ ня новая праблема: цэлыя караблі іх кіруюцца з Паўночнай Афрыкі й Альбаніі. Таму Лукашэнкавы пагрозы справакуюць хіба ўзмацненьне візавага кантролю ў дачыненьні да простых беларускіх грамадзянаў.

Украінская мадэль эўрапейскай палітыкі — “і вашым, і нашым” — таксама засьведчыла сваю неэфэктыўнасьць. Сёньня Кіеў нічога ня робіць, каб справай пацьвердзіць уласныя заявы пра далучэньне да эўрапейскіх інстытуцый. Украінскае кіраўніцтва ўпэўнена крочыць апрабаванай “бацькам” сьцежкай палітычнае ізаляцыі — толькі зь некаторым спазьненьнем. На апошнім саміце NATO ў Празе Кучму далі гэта адчуць. Калі б удзельнікаў саміту пасадзілі згодна з ангельскім альфабэтам, побач з украінскім прэзыдэтам, якога падазраюць у незаконным гандлі зброяй з “восьсю зла”, мусіў бы апынуцца Тоні Блэр (United Kindom — афіцыйная назва Вялікай Брытаніі — і Ukraine пачынаюцца з аднае літары). Таму вырашна было карыстацца францускім правапісам, дзе Аб’яднанае Каралеўства ператвараецца ў Royaume Uni. І Кучма апынуўся побач з туркамі.

ЭЗ — не санаторый

Негледзячы на прынцып салідарнасьці паміж сябрамі ЭЗ, на т.зв. “структурныя фонды”, зь якіх выдаткоўваюцца сродкі на перабудову эканомік бедных рэгіёнаў (Валіі, Сыцыліі, Андалюсіі й інш.), ЭЗ — не дабрачынная арганізацыя. Польшча, Вугоршчына прыклалі вялізныя высілкі, каб перабудаваць свае нацыянальныя эканомікі. А рэформы — гэта заўжды трагедыя для пэўных сацыяльных групаў. Прыгадаем, як актыўна пратэставалі францускія сяляне супраць далучэньня Гішпаніі да ЭЗ. Але жаданьне дасягнуць стандартаў якасьці загартоўвае й робіць вытворцаў больш упартымі й упэўненымі, а палітыкаў вучыць бараніць свае нацыянальныя інтарэсы, настойліва патрабаваць ад Брусэля законнае квоты на вытворчасьць пэўнай прадукцыі. Вось і польскія вяскоўцы, першыя “ахвяры” блізкага ўжо аб’яднаньня, якія лямантавалі былі пра страты й банкруцтва, не знаходзяць рэальнай альтэрнатывы Эўропе.

Дапамога новым чальцам ня зробіцца непамерным цяжарам для заходнеэўрапейскіх падаткаплатнікаў. Так калі у 2001 г. кожны сябра ЭЗ адлічыў ў агульную скарбонку 1,08% свайго ВУП, дык у 2002—06 г. гэты паказьнік не павінен перавысіць 1,27%. Да таго ж Захад вельмі зацікаўлены ў стварэньні агульнага рынку на паўмільярда спажыўцоў з агульнымі для ўсіх суб’ектаў гаспадараньня праўнымі правіламі гульні.

Без вэртыкаляў

Краіна, што ўваходзіць у Эўразьвяз, мусіць адмовіцца ад жорсткай цэнтралізацыі ўлады, прыняўшы прынцып “субсідыярнасьці”, калі кожны аўтаномны ўзровень улады, органы якой абіраюцца, а не прызначаюцца, мае у сваёй выключнай кампэтэнцыі тыя паўнамоцтвы, якія ён эфэктыўна выкарыстоўвае з найбольшай карысьцю для грамадзян. Нам недастаткова будзе зьмяніць шыльды “вобласьць” і “раён” на “край” ці “павет”. Трэба ліквідаваць “вэртыкаль”, якая гатовая пасьля тэлефанаваньня “зьверху” сказаць “Так ёсьць!” і бяздумна выканаць любы загад. Краіны-кандыдаткі прыклалі вялікія намаганьні, каб рэфармаваць і дэмакратызаваць мясцовае самакіраваньне.

Бабілёнская вежа

Захад рыхтуецца да інтэграцыі паволі, з усёй сваёй спрактыкаванасьцю й рацыяналізмам. У часе праектаваньня залі паседжаньняў новага будынку парлямэнту ў Страсбурзе былі прадугледжаныя фатэлі для новых парлямэнтароў. Загадзя пачалі рыхтаваць перакладчыкаў з краінаў-кандыдатаў. Усё ж такі 12 новых працоўных моваў у дадатак да 11-ці наяўных. Бабілёнская вежа! Пэсымісты, баючыся зьніжэньня якасьці перакладаў, прапаноўвалі абраць дзьве працоўныя мовы. Але кіраўніцтва ЭЗ не захацела правакаваць спрэчкі наконт таго, чыя мова больш людзкая і панская. Тое самае і з выбарам сталіцы. Каб не пакрыўдзіць нейкую зь вялікіх дзяржаў, установы ЭЗ месьцяцца ў Брусэлі, Страсбурзе й Люксэмбурзе. Дэпутаты й чыноўнікі змушаныя “вандраваць” з аднае сталіцы ў другую, а за імі — мэталёвыя скрыні з паперамі. Але кансэнсус каштоўнейшы за выдаткі.

Кампраміс, замірэньне — галоўныя здабыткі Зьвязу. Яны робяць немагчымымі новыя мілітарныя канфлікты нават паміж такімі “спрадвечнымі” ворагамі, як Францыя й Нямеччына.

Зьміцер Хадакоў, Страсбург