У Берасьці на “Балахоўскіх могілках” да 82-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну і Палескага паходу Булак-Балаховіча усталяваныя мэмарыяльныя пліты. Аднак ня ўсе таямніцы гэтых пахаваньняў раскрытыя.

Генэрал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч, 1920 г.
Генэрал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч, 1920 г.
У нядзелю 1 сьнежня, нягледзячы на сьцюжу й сівер, некалькі дзясяткаў берасьцейцаў з кветкамі і лямпадкамі прыйшлі памаліцца і ўшанаваць памяць жаўнераў войска генэрала Станіслава Булак-Балаховіча, пахаваных на вайсковых могілках у 1920 г. Сабралася пераважна моладзь. Уніяцкі сьвятар пасьвянцаў памятны знак і адслужыў кароткую паніхіду. Гімн “Магутны Божа” гучаў над дзьвюма плітамі з надпісамі: “Тут спачываюць беларускія жаўнеры войска ген. С.Булак-Балаховіча” і “Яны ішлі паміраць за волю Бацькаўшчыны”.

Ня ўсе нават карэнныя берасьцейцы ведаюць, што ў раёне мясакамбінату (форт “Бэрг”) ляжаць польскія і беларускія салдаты. У савецкія часы “Балахоўскія могілкі” былі занядбаныя ды апаганеныя. Калі б не карчы, дык ці захавалася б не разьбітым хоць адно ўсталяванае за польскім часам надмагільле.

Штаб арміі Булак-Балаховіча
Штаб арміі Булак-Балаховіча
Пры канцы 1980-х на месцы гэтых пахаваньняў улады выдзелілі месца пад гаражы. Частка іх цяпер стаіць на магілах. Тады ж праз суполку “Стары горад” я выпадкова пазнаёміўся з дачкой кіраўніка гарадзкога аб’яднаньня ахвяраў камуністычных рэпрэсій Мікалая Левашкевіча. Менавіта ад яе я ўпершыню даведаўся пра Балахоўскія могілкі. “Балахоўскія” – бо на многіх помніках жаўнерам было напісана, што яны з групы генэрала Балаховіча. (Цяпер помнікаў з такімі надпісамі ўсяго чатыры, а яшчэ адзін належыць Казімеру Сабчаку зь менскага полку пяхоты, створанага падчас паходу Балаховіча ў Беларусь).

Як прыкра было гэтай жанчыне, што на цьвінтары будуюцца гаражы. У тыя часы прадухіліць будаўніцтва было немагчыма. Тады спн.Дыяна вырашыла хаця б уратаваць для нашчадкаў прозьвішчы пахаваных. Яна агледзела кожны помнік, перапісала ўсё, што яшчэ можна было расчытаць, і аддала сьпіс у касьцёл кс.Кароляку, бо ў іншых установах, як яна казала, нікому гэта непатрэбна. Шкада толькі, што і кс.Кароляк (цяпер дэпартаваны зь Беларусі ў Польшчу з-за непаразуменьняў зь мясцовымі ўладамі) чамусьці нічога ня памятае, кажа, што таго сьпісу ў яго не захавалася.

Уратаваць рэшткі могілак удалося дзякуючы палякам зь Белай-Падляскай, з фундацыі PAX, якая займаецца аховай помнікаў. Дапамагалі ім прыбіраць могілкі актывісты Саюзу палякаў у Беларусі. Для іх важнай была найперш памяць пра сваіх суайчыньнікаў. Пра беларусаў-балахоўцаў яны амаль ня згадвалі. Дый зь беларусаў да іх тады практычна ніхто не далучыўся, бо нічога ня ведалі пра могілкі.

У 1992 г. замест старых пабітых помнікаў асобным жаўнерам былі ўсталяваныя новыя. У мяне, праўда, склалася ўражаньне, што пры гэтым не асабліва імкнуліся захаваць прозьвішчы пахаваных. Сярод адноўленых помнікаў адно безыменныя: або невялікі стандартны крыж з бэтону, або пліта з крыжом і надпісам па-польску “ZZolnierz NN armii polskiej, 1920”.

Сёлета ўвосень мы заўважылі ля плоту перакулены абсалютна цэлы помнік беларусу-разьведчыку Якубу Дзенісюку (+ VII.1920). Чаму ён там апынуўся, даводзіцца толькі гадаць. Бо на цьвінтары сярод магілаў новага такога помніка мы не знайшлі. Кінулася ў вочы таксама, што з ацалелых помнікаў найбольш пашкоджаныя пліты, дзе ёсьць надпіс аб прыналежнасьці жаўнера да групы генэрала Балаховіча. Уражаньне, што нехта спрабаваў наўмысна пашкодзіць гэты надпіс ці замазаць яго цэмэнтам, каб не чытаўся.

Мапа баявых дзеяньняў арміі ген. Булак-Балаховіча супраць Чырвонай Арміі ў лістападзе 1920 г. на Палесьсі.
Гісторыя гэтых могілак яшчэ патрабуе ўдакладненьня, але вядома, што ў балахоўцаў у Берасьці быў лязарэт. Большасьць дакладна датаваных пахаваньняў па часе ахопліваюць пэрыяд ад кастрычніка да сьнежня 1920 г. Менавіта ў гэты час войска Булак-Балаховіча вяло баі на Палесьсі. Усяго пахавана на могілках ня менш за паўтысячы жаўнераў, прычым большасьць зь іх – невядомыя. Ёсьць пара дзясяткаў брацкіх магілаў, у якіх пахавана па 10 жаўнераў.

Магілы жаўнераў цяпер прыбраныя, а да шасьцімэтровага крыжа і сьціплага памятнага знаку штогод на дзень незалежнасьці Польшчы ўскладаюцца кветкі ад польскага кансуляту ў Берасьці. А вось мерапрыемствы на Дзень Волі лідэры берасьцейскіх адраджэнскіх арганізацыяў ладзяць часьцей ва ўтульных залях у цэнтры гораду.

Я спытаўся ў інспэктара па ахове помнікаў Берасьцейскага аблвыканкаму Л.Несьцерчука, хто даглядае вайсковы могільнік. “Я сам хацеў бы гэта ведаць”, — адказаў ён мне. Ня так даўно нехта зламаў мэталёвы крыжык на весьніцах. А адзін зь дзялкоў бізнэсу цікавіўся, колькі часу яшчэ могуць існаваць гэтыя могілкі, калі ж можна будзе атрымаць дазвол на забудову.

Новы помнік паўстаў дзякуючы прыватнай ініцыятыве берасьцейцаў.

Вінцэсь Верамяюк, Берасьце

гістарычная даведка

Начальнік узброеных сілаў

Як лічыць дасьледчык гісторыі беларускіх вайсковых фармаваньняў Алег Латышонак, “Берасьцейская крэпасьць — месца фармаваньня беларускага войска. Там павiнна захоўвацца памяць аб гэтым войску i яго начальнiку ген.С.Булак-Балаховічу. Было гэта адзiнае дзейнае беларускае войска на той час”.

Генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч нарадзіўся ў 1883 г. на Браслаўшчыне. У першую сусьветную камандаваў дывэрсійным аддзелам царскага войска. Пасьля служыў у Чырвонай Арміі, сышоў зь яе і ваяваў супраць бальшавікоў у Эстоніі, перайшоў пад загад Ураду БНР. Аддзел генэрала Булак-Балаховіча вярнуўся ў Беларусь у пачатку 1920 г. і разьмясьціўся ў Берасьці. У яго шэрагах налічвалася каля 700 чалавек, 82 конi, 2 гарматы i 4 кулямёты. Палову афіцэрскага складу і тры чвэрці жаўнераў складалі беларусы. Гонарам Балаховіча была ягоная конная сотня — самыя верныя і спрактыкаваныя жаўнеры, якія прайшлі зь ім ўсю вайну.

У час паходу бальшавікоў на Варшаву ў 1920-м аддзел генэрала Булак-Балаховіча пасьпяхова стрымліваў іх наступ на сваім участку фронту каля Ўладавы, разьбiў 67-ы полк конармii Будзёнага ля Пугачова, а 27 верасьня вызваліў Пінск.

Пасьля спыненьня баявых дзеяньняў на польска-савецкім фронце, Булак-Балаховіч вырашае самастойна распачаць вайну з бальшавікамі. 6 лістапада 1920 г. ягонае 20-тысячнае войска пачало свой вызвольны паход на Мазыр, а 7 лістапада ў Тураве Булак-Балаховіч пад бел-чырвона-белым сьцягам складае прысягу змагацца за Беларусь да поўнага яе вызваленьня. Празь пяць дзён у вызваленым Мазыры генэрал Булак-Балаховіч абвяшчае незалежнасьць Беларусі, прымае тытул “Начальніка ўзброеных сілаў Дзяржавы” і зь сяброў Беларускага палітычнага камітэту стварае беларускі ўрад на чале з П.Алексюком. У аддзелы “бацькі” пачалі масава ўступаць сяляне.

Аднак разьвіць посьпех балахоўцы не далі рады — у Беларусь з Крыму перакінулі значныя сілы Чырвонай Арміі, якія пачалі выцясьняць іх войскі на захад, за польска-савецкі фронт. З баямі, войска С.Булак-Балаховіча адступіла ў нэўтральную зону і было інтэрнавана палякамі. Але частка жаўнераў яшчэ некалькі гадоў вяла партызанскую вайну ў атрадах “Зялёнага дубу” на савецка-польскім памежжы. Сам “бацька” у міжваенны час жыў у Белавежы, быў вядомы як антыкамуніст і антынацыст, напісаў кнігу беларускіх вершаў. Ён загінуў на пачатку другой сусьветнай вайны ў Варшаве ад нямецкай кулі.