“Беларуская броварная кампанія” хоча варыць больш піва, чым усе беларускія бровары разам.

Кіраўніцтва кампаніі Detroit-Belarus Brewing Company LLC, якая разам з ААТ “Дзеднава” намагаецца стварыць пад Бабруйскам ЗАТ “Беларуская броварная кампанія”, нездарма вырашыла зладзіць 10 сьнежня прэсавую канфэрэнцыю. Большасьць публікацыяў пра захады інвэстара маюць для яго непрыемны характар. Зь іх вынікае, што кампанія не інвэстуе ў “Дзеднава”, а прыбірае бровар да рук.

Detroit-Belarus Brewing Company LLC, адгалінаваньню якой належыць расейская кампанія “Піт”, плянавала набыць два бровары — адзін у Берасьці, другі ў Дзеднава. Берасьцейскія ўлады справу “замялі”, магілёўскія наадварот, усяляк спрыяюць інвэстару.

“Дзеднава” мае буйныя запазычанасьці, якія можна падзяліць на тры часткі. Першая — каля 1,5 млрд. рублёў — запазычанасьць перад дзяржбюджэтам ды працаўнікамі. Другая — перад банкамі, у першую чаргу перад Аграпрамбанкам (таксама 1,5 млрд. рублёў). Трэцяя — перад сотняй невялікіх прадпрыемстваў. Многія з тых запазычанасьцяў папросту абсурдныя: напрыклад, за... кілбасу, якую набывалі, каб аддаваць ёй заробкі працаўнікам.

Сяргей Левін, кіраўнік прадстаўніцтва Detroit-Belarus Brewing Company LLC падкрэсьлівае, што ягоная кампанія ня будзе займацца дабрачыннасьцю, але усё-ткі разьлічыцца за “Дзеднава”. Дзеля гэтага прадугледжаны хітры мэханізм: амэрыканскі інвэстар дае бровару пазыку, якая дазволіць аддаць грошы дзяржбюджэту ды працаўнікам. Гэтак “Дзеднава” застанецца вінаватым ужо не дзяржаве ды працаўнікам, а свайму інвэстару. Цікава, што за згоду гэткім чынам разьлічыцца зь бюджэтам, Detroit-Belarus Brewing Company LLC ўзяла ў заклад будынак адміністрацыі бровару коштам 3,8 млрд. рублёў.

Запазычанасьць перад банкамі, магчыма, будзе рэструктурызаваная, а перад малымі прадпрыемствамі — аддадзеная за кошт продажу рэшты піва, соладу ды іншае сыравіны, якая засталася на бровары. Сп.Левін не хавае, што “Дзеднава” неўзабаве мусіць “уліцца” ў кампанію, згубіўшы статус акцыянэра, роўнага ў правах з Detroit-Belarus Brewing Company LLC. Пры гэтым большасьць шараговых ды тэхнічных супрацоўнікаў застануцца працаваць, а вось “топ-мэнэджмэнт” будзе цалкам новы.

Кіраўніцтва Detroit-Belarus Brewing Company LLC адмовіцца ад маркі “Дзеднава” на карысьць новага брэнду, бо лічыць, што рэклямная акцыя “Піва “Дзеднава” — для багатага й для беднага” была праваленая з-за дрэннай якасьці піва. Новы брэнд мусіць мець у сабе “беларускасьць”, каб нават замежныя (чытай — расейскія, бо новага піва будзе экспартавацца у першую чаргу ў Расею праз кампанію “Піт”) пакупнікі ведалі, што піва зробленае пад Бабруйскам. Яшчэ кампанія плянуе падпісаць дамову з буйным замежным броварам (якім — пакуль камэрцыйная таямніца), каб выпускаць піва па ліцэнзіі.

Сыравіну для новага піва плянуюць браць беларускую, дзеля чаго пачнуць вучыць калгасы правільна вырошчваць піўны ячмень, які, паводле меркаваньняў кіраўніцтва Detroit-Belarus Brewing Company LLC, цалкам вынішчаны ў краіне. Солад будуць браць з Іванаўскай саладоўні (Берасьцейшчына), аднае з найбуйнейшых ва Ўсходняй Эўропе.

С.Левін прызнае, што ў апошнія месяца перамовы з уладамі, якія да гэтага ішлі шпарка, пачынаюць запавольвацца, зьяўляюцца шматлікія бюракратычныя перашкоды. У найлепшым для амэрыканскай кампаніі варыянце “Беларускую броварную кампанію” зарэгіструюць яшчэ да Новага году. У плянах — вытворчасьць больш за 2 млн. гекталітраў піва штогод. Цяпер столькі вырабляюць усе беларускія бровары разам.

Алесь Кудрыцкі