Прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і няўрадавых арганізацый не ўключылі ў тэрытарыяльныя камісіі на мясцовыя выбары.

10 сьнежня сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік падвёў рысу пад фармаваньнем тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. У краіне створаныя 1673 камісіі, у якія ўвайшлі 13448 чалавек. Гэтыя людзі будуць атрымліваць заробак з разьліку сярэдні па краіне плюс 10% “за шкоднасьць”. Налічвацца ён будзе за фактычна адпрацаваныя ў камісіі дні.

Сярод сяброў камісіяў 11% — моладзь да 30 гадоў, 56,46% маюць досьвед такой працы. Згодна з заканадаўствам, тры суб’екты маюць права вылучаць кандыдатаў у камісіі: палітычныя партыі (й грамадзкія арганізацыі), працоўныя калектывы ды грамадзяне праз збор подпісаў. “Усе тры суб’екты актыўна скарысталіся сваім правам”, — кажа М.Лазавік. Але чамусьці прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў у камісіях вобмаль: 1 лібэрал з АГП ды адзін сябар БНФ. Затое КПБ мае ў камісіях 21 прадстаўніка, Партыя камуністаў Беларуская — 19, партыя Гайдукевіча — 11, Народная Грамада — 5, Аграрная партыя — 2. Па адным чальцы маюць Беларуская патрыятычная партыя ды Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды.

Хто вінаваты?

М.Лазавік кажа, што многія палітычныя партыі самі сябе загналі ў кут. “Найпершая памылка — вылучэньне кандыдатаў у камісіі рэспубліканскімі кіруючымі органамі”. У якасьці прыкладу сакратар ЦВК прывёў гісторыю з Аляксандрам Фядутам, якога ў склад Менскай гарадзкой камісіі вылучыў рэспубліканскі камітэт арганізацыі “Яблоко”: “Мы жадалі б бачыць гэтага чалавека ў камісіі. Але Фядуту вылучылі кандыдатам не ад гарадзкой, а ад рэспубліканскай арганізацыі. Таму ён не ўвайшоў у камісію, хаця там яго лічылі ўжо ледзь не сваім чалавекам”.

Папрасіць няўдачлівага прэтэндэнта перарабіць паперы ў выканкаме, вядома, не здагадаліся.

Кіраваная дэмакратыя

У Партыі камуністаў такіх праблемаў не ўзьнікла, таму ПКБ і правяла ў камісіі 19 чалавек. Прасьцей кажучы, перш чым ісьці на выбары, трэба пачытаць Выбарчы кодэкс: якім бы дрэнным ён ня быў, закон ёсьць закон.

Адказны сакратар Управы БНФ Аляксей Кавалец пасьміхаецца: “Ня ведаю, што там у Фядуты і камуністаў, а нашых прадстаўнікоў секлі пад любымі падставамі і без падставаў. Мы вылучылі па Беларусі ў камісіі за 60 чалавек, і толькі адзін туды трапіў. Хоць нашы прадстаўнікі былі першымі ў сьпісах і вылучаліся ад мясцовых суполак. У нас ёсьць зьвесткі як з рэгіёнаў, так і зь Менску, што складзеныя ўжо сьпісы людзей, якіх у выканкамах называюць “дэпутатамі”, -- кажа А.Кавалец.

Магчымае непрызнаньне выбараў міжнароднай супольнасьцю ЦВК ня дужа хвалюе. “Дрэнна, калі Захад не прызнае выбараў. Але ж не прызнаў прэзыдэнцкія — мы неяк перажылі. Ну, і што здарыцца, калі Захад не прызнае нейкага сельсавету?” -- пакеплівае сакратар ЦВК.

Стандартаў няма

М.Лазавік ня ведае, чаму Беларусь адмовілася падпісаць Канвэнцыю аб стандартах дэмакратычных выбараў краінаў СНД. Старшыня ЦВК Расеі Аляксандар Вешнякоў выказаў непаразуменьне, чаму Беларусь “у асобе прэзыдэнта раптоўна адмовілася падпісаць гэты дакумэнт”. А.Вешнякоў мяркуе, што шэраг палажэньняў беларускага выбарчага заканадаўства трэба карэктаваць. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына апануе расейскаму калегу: "Выбарчае заканадаўства цалкам адпавядае Канвэнцыі”. Чаму ж тады не падпісаць?

“Канвэнцыя аб стандартах дэмакратычных выбараў — той дакумэнт, над якім мы працавалі вельмі напружана цягам двух гадоў. Гэты дакумент цалкам нас задавальняе і ніякіх дадатковых перашкодаў для працы Цэнтравыбаркаму не стварае. Чаму ён не падпісаны Беларусяй — пытаньне не да мяне”, -- падкрэсьліў М.Лазавік.

Трэба адзінадушныя саветы

Сакратар Цэнтравыбаркаму перакананы, што “парушэньняў у часе фармаваньня камісіяў ня выяўлена”. Апазыцыя ж пэўная: пры такім складзе камісій ніхто не застрахаваны ад фальсыфікацыяў.

Кіраўнік выбарчага штабу ПКБ Аляксандар Пахлопка кажа, што “ў некаторых абласьцях, да прыкладу, у Гомельскай, нягледзячы на інцыдэнты ў Рэчыцы, Мазыры, Калінкавічах, камісіі фармаваліся больш дэмакратычна, чым мінулым разам. Гарадзеншчына ж як была, так і застаецца аплотам улады”. А.Пахлопка пэўны, што фальсыфікацыі ня толькі былі ў часе фармаваньня камісіяў, але непазьбежныя і надалей. “Што казаць, калі нават многія сябры нашай партыі — з тых, на каго можна націснуць. Самая безабароненная катэгорыя — настаўнікі; на аснове настаўнікаў будуць ня толькі стварацца камісіі, але менавіта іх будуць пхаць у дэпутаты, ставіць на чале саветаў. Напярэдадні рэфэрэндуму аб трэцім тэрміну ўладзе зноў патрэбныя адзінадушныя саветы, якія той рэфэрэндум падтрымаюць”, -- заявіў А.Пахлопка.

Глеб Хмяльніцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0