Міхал Анемпадыстаў — мастак-плякатыст. На музычных інструмэнтах ён актыўна ня грае і на сцэне не сьпявае. Але без знаёмства зь ім уяўленьне пра нашую рок-культуру было б няпоўным. Песьні на вершы Анемпадыстава сьпявалі на пачатку 90-х Кася Камоцкая і Лявон Вольскі. А складзены Міхалам “Народны альбом” здолеў згуртаваць вакол сябе ўвесь вышэйшы рокавы эшалён, апроч, хіба, Варашкевіча. З тае пары мінула ўжо некалькі гадоў, былі іншыя супольныя праекты. Пра зьмены ў беларускай музыцы, пра навінкі апошняга году з Міхалам Анемпадыставым гутарыць карэспандэнт “НН”.

Міхал Анемпадыстаў
Міхал Анемпадыстаў
“НН”: Пасьля шумнага посьпеху “Народнага альбому” Вы адчулі сябе “зоркай”?

М.А.: Не, бо мне гэта ня вельмі трэба. Да зьяўленьня “Народнага альбому” я маляваў плякаты, і мяне ведалі як мастака-плякатыста, пісаў тэксты для Касі — і тыя, каму трэба, таксама мяне ведалі. Таму не атрымалася так, нібы я вылез пад сьвятло ліхтароў і раптам стаў “зоркай”. “Зорка” — гэта ня толькі ўзровень знанасьці, але і склад характару, манера паводзінаў. Піт Паўлаў — “зорка”: нават калі б ён ня быў такі вядомы, дык усё адно быў бы “зоркай”.

“НН”: Ці плянуецца працяг “Народнага альбому”?

М.А.: Такога кшталту працягі зьяўляюцца, калі першая частка атрымлівае камэрцыйны посьпех. Пасьля першай часткі людзі чакаюць — і пойдуць на другую, нават калі там будзе поўны правал. А “Народны альбом” — некамэрцыйны праект. Дый тэма там завершаная, я ня ведаю, куды яе можна разьвіваць. Мы напісалі п’есу ў працяг альбому — крыху больш падрабязна распавялі, пра што сьпяваецца ў песьнях. Ранейшы пэрыяд мусіў бы закрануць “Народны альбом-0”. А “Народны альбом-2” мусіць паказаць ваенныя часы. Вайна — гэта страшная трагедыя, і гэта быў бы ўжо зусім іншы “альбом”.

“Тры кіты”

“НН”: Якая музыка Вам найбліжэйшая?

М.А.: Слухаю “Ольсу”, напрыклад. Перад Калядамі цэлы месяц ад першай нядзелі сьнежня буду слухаць “Сьвяты Вечар”. Мне вельмі падабаецца басанова, сёе-тое з джазу. Люблю “карчомную” музыку — эстонскую, латыскую, польскую. Гіп-гоп люблю, рэгі, блюз, але збольшага ў якасьці фону. “NRM”, “Краму”, “Новае Неба” трэба слухаць на канцэртах. Касю — лепш за ўсё на акустычным. Шалкевіча лепей таксама слухаць на канцэрце. Да таго ж, на яго шчэ цікава і глядзець. А разам з Вайцюшкевічам можна яшчэ і пасьпяваць.

Мне пашанцавала, я маю сяброў-музыкаў, магу слухаць іхныя песьні ў прыватнай кампаніі, пад акустычную гітару, пасьля канцэрту альбо проста так. Тады, як ніколі, адчуваецца дотык да мастацтва, усё адбываецца нязмушана і шчыра. Зь нейкіх выпадкова кінутых словаў, жартаў, гукаў нараджаецца нешта новае. Мы аднойчы ехалі ў цягніку. Дземідовіч і Паўлаў, удаючы голас Ельцына, усё паўтаралі ўласны жарт: “На чом дзержыцца Расія? Расія, панімаіш, дзержыцца на трох кітах: (паўза) на первам, втаром і трэцім кіце”. Яны голасна адточвалі гэтую фразу ўсю ноч. Іншыя пасажыры, мабыць, думалі, што едуць вар’яты з маніяй велічы — уяўляюць сябе Ельцыным... А празь месяц зьявілася песьня “Тры чарапахі”.

Не забываймася на Беласток

Народны альбом
Народны альбом
“НН”: Беларускамоўны рок у сярэдзіне 90-х быў вельмі папулярны. Чаму на гэтай хвалі не зьявілася нешта новае? Чаму не адбылася зьмена пакаленьняў?

М.А.: Ня ведаю. Мо таму, што ў нас няма нармальнага шоў-бізнэсу: зарабляць творчасьцю на хлеб беларускім музыкам у Беларусі складана. Адно за другое, і граньне року перастае быць прывабным заняткам.

Іншая прычына палягае ў тым, што на пачатку 90-х было пра што казаць. Паветра было насычанае новымі ідэямі, новымі словамі, якія варта было агучыць. Сапраўдны рок-н-рол — гэта шчырая музыка. Яна не трывае надуманасьці і паўтораў. Фразэалёгія (а значыць, і стылістыка) 90-х вычарпала сябе. Стагнацыя ў грамадзкім жыцьці адбіваецца стагнацыяй у мастацтве, рок рэагуе на гэта ў першую чаргу. Няма пра што казаць — значыць, няма і каму казаць. Прынамсі гэтак голасна, як гэта рабілася музыкамі 90-х. Калі паўстануць новыя асобы (а яны напэўна паўстануць), то гэта будзе іншая музыка, іншыя словы, іншая стылістыка. А мы чамусьці чакаем такіх новых, каб былі падобныя да папярэднікаў.

“НН”: Дык хіба новыя музыкі не зьяўляюцца?

М.А.: Ёсьць, прыкладам “Стары Ольса”. Яны працуюць у іншай стылістыцы: знайшлі сваю дзялку і асвойваюць яе. І музыка Сярэднявечча сёньня модная. Зьявілася асяродзьдзе, якому такая музыка патрэбная: рыцарскія “тусоўкі”, фэсты... У апошняй “Бардаўскай восені” ў Бельску ўдзельнічалі новыя людзі. Яны таксама робяць ужо іншую музыку.

“НН”: Хто канкрэтна?

М.А.: Вольга Каленік зь Менску. Калі добра пойдзе, дык нешта цікавае будзе. Спадабаўся дуэт “4 і 8” зь Менску. Хлопцы граюць блюз, пішуць вельмі добрыя тэксты. Зацікавіў і Тамаш Суліма зь Бельску — артыстычны малады чалавек. У яго ёсьць прага ствараць, і гэта цешыць.

На жаль, мы часта забываемся на Беласток, калі гаворым пра беларускую музыку. А Беласточчына — калыска беларускага року: там ужо 10 гадоў запар адбываецца і “Басовішча”, дзе фармавалася стылістыка нашага року, сама рокавая супольнасьць, і “Бардаўская восень”. Зноў-такі, вельмі цікавыя людзі. Ня буду называць імёны, бо ўсё адно нехта пакрыўдзіцца. Назаву толькі Юрку Асеньніка. Нашай памылкай было тое, што ніхто не парупіўся пазнаёміць людзей у Беларусі з творчасьцю “Брагі”. У яго вельмі жорсткая музыка, ні да кога не падобная. Цяпер ён робіць праект “Zero-85” — большасьць тэкстаў па-беларуску, ёсьць крыху па-польску і, здаецца, на іншых мовах.

Беласток патрабуе нашае ўвагі, а нам, безумоўна, патрэбна тое, што ўзьнікае там.

Патрэбны Поль Марыя

“НН”: А якая музыка ў нас магла б быць пэрспэктыўнай?

М.А.: У краіне, дзе існуюць моўныя праблемы, бар’еры паміж беларуска- і расейскамоўнымі, мусіла б разьвівацца інструмэнтальная музыка — у якасьці нейкага разумнага кампрамісу. І яна магла б быць камэрцыйнай.

“НН”: Кшталту аркестру Поля Марыя?

М.А.: Так, прафэсійная папса. Добрыя цікавыя музыкі ў нас, калі верыць газэтным публікацыям, ёсьць. Але пакуль што падобныя праекты абмяжоўваюцца адным толькі аркестрам Фінберга. Альбо яны папросту не даходзяць да шырокай публікі.

“НН”: Беларускі рок стаў практычна адной разьвітай нацыянальнай музычнай зьявай. Такога посьпеху не дасягнулі ні бардаўская песьня, ні рэп, ні гіп-гоп. Чаму?

М.А.: Жанры зазнаюць свае пэрыяды папулярнасьці і запатрабаванасьці. Так, бардаўская песьня, як і францускі шансон або польскі кабарэт, — гэта ўсё ж 60-я гады. Беларускае адраджэньне канца 80-х прыпала на новую хвалю ў музыцы — вяртаньне цікавасьці да року ва ўсім сьвеце. Таму рок стаў беларускай зьявай. Шмат залежыць і ад асобы. Вось року пашанцавала, што ёсьць Кася Камоцкая, Ігар Варашкевіч, Лявон Вольскі, Слава Корань.

Гутарыў Аркадзь Шанскі

Я, да жалю, ня пан

Я, здаецца, ня тут

Я, напэўна, ня там

Я, да жалю, ня пан

Я, на шчасьце, ня хам

Я твайго не вазьму

Я свайго не аддам

Вось мой дом, вось мой плот

Вось за плотам паркан

Ад нуды ды бяды

Уратуюся сам

Час зьбiраць камянi

Час расьцi камяням

Я, да жалю, ня пан

Я, на шчасьце, ня хам

Я, здаецца, ня тут

Я, напэўна, ня там

Неакрэсьлены стан

Незавершаны лад

Я стаю на мяжы

Памiж дрэваў i хат

Вось дарога туды

Вось дарога назад

Там дубы ля вады

Тут шыпшынавы сад

Я, здаецца, ня тут

Я, напэўна, ня там

Я, да жалю, ня пан

Я, на шчасьце, ня хам

Я стаю на мяжы

Я iду па нажы

Божа, дапамажы

Захаваць раўнавагу