Найстарэйшы за ўсю гісторыю ЗША сэнатар з Паўднёвай Караліны Стром Тэрманд адзначыў 4 сьнежня свой 100-ы дзень народзінаў. Спадара Тэрманда можна было б назваць хадзячай амэрыканскай гісторыяй, калі б ён мог спраўна перасоўвацца.

Але стары сэнатар ледзьве рухаецца, амаль ня мае моцы, каб размаўляць, і недачувае, што яму кажуць. Так было не заўсёды: яшчэ нейкія 34 гады таму, ужо маючы шэсьць зь лішкам дзясяткаў, сэнатар ажаніўся зь Міс Паўднёвая Караліна, маладзейшай за яго роўна ў тры разы. Гэткі самы спрыт ён выказаў нават у сваёй разьвітальнай прамове перад сэнатарамі: “Люблю вас усіх, а вашых жонак асабліва”.

С.Тэрманд — вэтэран вайны. Ён мужна паводзіўся ў часе высадкі саюзьнікаў у Нармандыі. Неўзабаве пасьля вайны Тэрманд зрабіўся губэрнатарам Паўднёвай Караліны. Праз восем гадоў трапіў у Сэнат, дзе выявіў сябе гарачым прыхільнікам расавай сэгрэгацыі. Ён шматкроць выступаў супраць наданьня афраамэрыканцам права ўдзелу ў выбарах, разьюшана нападаў на сэнатараў, якія жадалі злучыць школы для белых і чорных. Тэрманд быў аўтарам самай доўгай прамовы за ўсю гісторыю сэнату — ён гаварыў 24 гадзіны 18 хвілінаў, спрабуючы заблякаваць прыняцьце пастановы пра грамадзянскія правы чарнаскурых амэрыканцаў.

Але сэгрэгацыя адышла ў гісторыю, і афраамэрыканцы атрымалі права голасу. Тэрманд зьмяніў палітыку ды зрабіўся першым рэспубліканцам, які ўзяў на працу дарадцаў-мурынаў ды прасоўваў у Сэнаце праект абвяшчэньня сьвята ў гонар Марціна Лютэра Кінга. Падчас апошняй выбарчай кампаніі за Тэрманда галасаваў кожны чацьверты чорны выбаршчык Паўднёвай Караліны.

Апошнім часам стары сэнатар бавіўся тым, што частаваў цукеркамі маладых супрацоўнікаў Сэнату і распавядаў журналістам пра свае амурныя подзьвігі. Разьвітаўшыся з сэнатарскім фатэлем, Тэрманд накіруецца ў родны горад Эджфілд, дзе адмыслова для яго да тамтэйшага шпіталю прыбудавалі крыло. У гэтым прытулку ён і будзе дажываць.

Франц Субель

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0