З 1 студзеня стаўкі арэнднай платы для большасьці прадпрымальнікаў і бізнэс-структураў зьнізяцца. А вось для турфірмаў ды рыэлтараў яны могуць пабольшаць.

Арэнда складае вялікую долю расходаў кожнага прадпрыемства, якое ня мае ўласных памяшканьняў. Большая частка офісных будынкаў належыць дзяржаве. Мэханізм вызначэньня арэнднай платы за карыстаньне дзяржаўнай нерухомасьцю прапісаны ў прэзыдэнцкім указе №495, прынятым сёлета 30 верасьня. Гэты дакумэнт адмяніў аналягічны, які дзейнічаў з 1996 г. Мясцовыя ўлады мусяць перазаключыць дамовы з арандатарамі да 1 студзеня.

Памер арэнднай платы вылічваецца зыходзячы зь велічыні базавай стаўкі. Гэтую лічбу памнажаюць на каэфіцыент ад 0,1 да 20 — усё залежыць ад стану памяшканьня, наяўнасьці тэлефона ды іншых камунікацыяў, а таксама ад віду дзейнасьці.

Калі стары ўказ вызваляў ад арэнднай платы бюджэтныя арганізацыі, дык новы дае магчымасьць не плаціць за арэнду нават бізнэсоўцам. Калі вы маеце грошы, але ня ведаеце, у якую справу іх укласьці, наладжвайце харчаваньне для дзяцей у садках ці якіх навучальных установах — арэнды з вас ня возьмуць. Ад арэнды вызваляюць таксама прадпрымальнікаў, якія займаюцца выданьнем ды продажам кніжак, зьвязаных з адукацыяй, навукай ды культурай, пры гэтым рэалізацыя культурніцкай прадукцыі мусіць складаць больш за 50% ад агульнага аб’ёму вытворчасьці. Каб вызваліцца ад арэнды, можна стварыць працоўныя месцы “на замову” Менгарвыканкаму ці адпаведнага аблвыканкаму.

Зусім невялікую арэнду (базавую стаўку, памножаную на каэфіцыент 0,1) будуць плаціць бізнэсоўцы, якія маюць сярод сваіх працаўнікоў 50% і больш інвалідаў. На памяншальны каэфіцыент 0,4 маюць права недзяржаўныя адукацыйныя ўстановы, а таксама бізнэсоўцы, што займаюцца грамадзкім харчаваньнем (калі нацэнка на стравы ня большая за 70%), побытавым абслугоўваньнем, утрымліваюць аптэкі ці маюць крамы, што гандлююць ураздроб. Нічога такога ў старым указе 1996 г. не было. Аднак эканамічная лібэралізацыя тут вельмі й вельмі адносная: калі арэнду за пералічаныя вышэй рэчы зьнізілі больш чым у два разы, дык бізнэс, зьвязаны з турызмам, рыэлтарскімі паслугамі, цяпер, згодна з новым указам, прадугледжвае каэфіцыенты ад 1,5 аж да 20.

А.К.

даведка “НН”

Памеры базавых ставак арэнднай платы вызначаюцца ў эўра. Найменш бяруць за плошчы, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці. Найбольшыя стаўкі арэнды ў Менску. У сталіцы памер базавай стаўкі для вытворчых памяшканьняў роўны 5 эўра, для плошчаў зьмешанага выкарыстаньня – 7 эўра, невытворчага выкарыстаньня – 10 эўра. У абласных цэнтрах і Бабруйску – адпаведна 2,5; 4; 6. У меншых населеных пунктах базавыя стаўкі вагаюцца ад 0,5 (Берасьцейшчына, вёска, памяшканьні для вытворчага выкарыстаньня) да 5,4 эўра (Гомельшчына, гарады з насельніцтвам звыш 100 тыс. чалавек, памяшканьні для невытворчага выкарыстаньня). Крытэры вызначэньня ставак розьняцца па абласьцях. Так, на Гарадзеншчыне, Віцебшчыне й Меншчыне ў аснову пакладзены адміністрацыйны прынцып: усе населеныя пункты, у якіх тэарэтычна можа жыць арандатар, падзяляюцца на гарады абласнога і раённага падпарадкаваньня, пгт ды “іншыя”. На Гомельшчыне стаўка залежыць ад колькасьці насельніцтва – у асобныя групы выдзеленыя гарады за 100 тыс. чалавек, 50–100 тыс., да 50 і вёскі. Вось дзе стаўкі расьпісаныя падрабязна, дык гэта на Магілёўшчыне. Там гарады кожнае групы пералічаныя “пайменна”. Найбольшыя стаўкі ў Крычаве, Горках і Асіповічах. Ёсьць нават асобная стаўка для рабочых пасёлкаў, кшталту Глушы ці Ялізава. Самыя нізкія стаўкі арэнды ў катэгорыі невялікіх гарадоў і вёсак на Гарадзеншчыне, самыя высокія – на Гомельшчыне і Магілёўшчыне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0