У Арменіі 19 лютага адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Ужо зарэгістраваныя 16 прэтэндэнтаў на гэтую пасаду. Асноўная барацьба разгорнецца між цяперашнім прэзыдэнтам Робэртам Качаранам і двума кандыдатамі ад прарасейскае і посткамуністычнае апазыцыі.

Перадвыбарчым штабам Качарана кіруе міністар абароны і па сумяшчальніцтве сакратар Рады бясьпекі Сэрж Саркісян. Дзейнага прэзыдэнта падтрымлівае “Дашнакцуцюн” (адна з найстарэйшых нацыянальных партыяў краіны) і Рэспубліканская партыя, якую ачольвае прэм’ер-міністар Андранік Маркаран.

“Партыя ўлады” шукае сабе падтрымкі як на Захадзе, так і ў Расеі. Амэрыканцы лічаць Р.Качарана палітыкам, здольным вырашыць нагорнакарабахскі канфлікт. Расейскі “вэктар” у падтрымцы прэзыдэнта павінен забясьпечыць С.Саркісян, які зьбіраецца найбліжэйшым часам у Маскву — будзе рыхтаваць візыт свайго патрона ў Расею.

Апазыцыя мае супрацьпаставіць прэзыдэнту лідэра партыі “Права і яднаньне” Арташэса Гегамяна і лідэра Народнай партыі Сьцяпана Дэмірчана (сына Карэна Дэмірчана — лідэра кампартыі ў савецкія часы і сьпікера Нацыянальнага сходу ў часы незалежнасьці, які загінуў падчас тэракту 27 кастрычніка 1999 г.). А.Гегамян лічыцца прарасейскім палітыкам і можа супрацьстаяць прэзыдэнту на гэтым полі. Праўда, калі апазыцыйныя кандыдаты найбліжэйшым часам не ўкладуць паміж сабой пагадненьне аб супрацоўніцтве, яны толькі расколюць пратэставы электарат. За кожнага зь іх гатовыя сёньня галасаваць па 10% выбарцаў. Рэйтынг Р.Качарана складае на сёньня 26%.

У перадвыбарнай гонцы ўдзельнічае і грамадзянін ЗША, былы міністар замежных справаў Арменіі Рафі Аванесян. Ён прэтэндуе на ролю празаходняй альтэрнатывы Р.Качарану. Аднак яму, як і астатнім 12-ці не згаданым тут кандыдатам на прэзыдэнцкую пасаду, чые групы падтрымкі пачалі збор подпісаў (трэба сабраць ня менш за 35 тыс.), гатовы сёньня аддаць свае галасы ня больш за 2% выбарцаў.

Вынікі сацыялягічных апытаньняў сьведчаць, што 5% армянаў зьбіраюцца прагаласаваць супраць усіх кандыдатаў, а яшчэ 27% пакуль ня вызначыліся з выбарам.

Былы прэзыдэнт краіны Лявон Тэр-Петрасян ад удзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі адмовіўся. Не перашкаджаць Качарану яго ўгаварыў Барыс Ельцын, які спэцыяльна дзеля гэтага езьдзіў у Ерэван.

А.Ш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0