Ёсьць культуры сытасьці і ёсьць культуры голаду.
Голад як шанаваньне беднасьці, як гонар за ўласныя лахманы й рызьзё спараджае старанна ўзгадаваную пакрыўджанасьць. Гэтай пакрыўджанасьцю выхваляюцца перад суседзямі, а сябе ўрачыста выстаўляюць як няшчасную ахвяру.
Для культуры беднасьці характэрная непрыхаваная зайздрасьць да багацьця, пры гэтым галеча ўспрымаецца як дабро, а багацьце — як зло: “мы бедныя, затое маральныя”, з голым задам, але “высокадухоўныя”. Дабрабыт, пра які ўпотайкі мараць, заўжды амаральны, скрадзены й несправядлівы.
Беднасьць залежыць ад сацыяльнай дапамогі, яна разьлічвае на пэнсіі, дапамогі й выплаты, яна жабруе й чакае, што ёй дадуць. Беднасьці цяжка ўладкавацца на працу, бо ёй заўжды хтосьці перашкаджае: мафія, натаўцы ці габрэі.
Зь беднасьцю злучаны гвалт, пры гэтым гвалтаўнік не вінаваты, бо яго ж пакрыўдзілі. У такой культуры герой — мардаты блатняк, “распальцаваны” падонак і “няшчасны сіротка”, у якога маці пераехала камбайнам, а сястра атруцілася запалкамі.
Яшчэ сацыёлягі заўважылі, што культуры беднасьці — гэта культуры байструкоў і абортаў.
Голад як духовая прага, здаецца, зьвязаны зь беднасьцю, але выходзіць за яе межы. Культуры духовай прагі — гэта й першыя хрысьціяне, якія зьмянілі існасьць паганскай імпэрыі, і адкрытыя да прыроды гіпі, і маладыя навукоўцы з Сыліконавай даліны, што стварылі пэрсанальны кампутар. Дый сябрына падлеткаў, якія аб’ядналіся ў безграшовы рок-гурт проста з-за любові да музыкі, — гэта таксама культура духовай прагі.
Ёсьць чалавек-творца, і ён не адзін — ён стварае разам з усімі. Тут няма зайздрасьці, а ёсьць зьдзіўленьне, кемлівасьць і талент, бескарысьлівая зацікаўленасьць духоўнага голаду.
Культуры сытасьці вырастаюць з гэтага духовага голаду; яны не парываюць сувязі зь ім, але ўсё больш засяроджваюцца на дабрабыце, які й створаны першапачатковым духовым парывам.
Гэта стабільнасьць і раўнавага, вызначаныя формы. Гэта оскараўскія фільмы, дзе ўсё ў маральным пляне — на сярэдняга чалавека; гэта “пратэстанцкая этыка й дух капіталізму” з упартай працай, посьпехам і плястыкавымі крэсламі на газонах.
Калі ж повязі зь першапачатковым духовым штуршком забываюцца, культуры сытасьці выраджаюцца ў культуры асыцелальсьці.
Гэта — карыстаючыся назвай фільму Марка Фэрэры — “Вялікая жратва” культуры: жуйкі замест душы, тампоны замест цела, “грамадзтва ўсеагульнага дабрабыту” замест рэшткаў ачалавечанасьці.
Культура асыцеласьці — двайнік культуры беднасьці: у абодвух выпадках рухавік — зайздрасьць; асыцеласьць як эталён — адначасова і пажадная і зьненавідная.
У Беларусі рэжым кансэрвуе культуру беднасьці, а дражніць культураю асыцеласьці. Але нашыя індывідуалісты хутчэй схільныя да культуры сытасьці — прыватныя гароды, прыхаваная бульба, “пераначуем — болей пачуем”.
Нашая культура сытасьці ў сваёй глыбіні хавае ў сабе вялікую рухомасьць, гэта, як казаў Канчэўскі, імкненьне да стварэньня “ліючыхся формаў”.
Беларуская культура — гэта духовая прага і матэрыяльны дабрабыт.
Андрэй Расінскі