У вуснай творчасьці розных народаў можна знайсьці непрыязныя найменьні для суседзяў. Прычынай таму была незаўсёдная прыязнасьць адзін да аднаго падчас лагоднай калянізацыі, нападаў, пагоняў, накіданьня сваіх звычак, веры. Як адлюстроўваліся ў мове нашыя адносіны з суседзямі ў мінулым?
У маёй калекцыі ёсьць толькі адна “беларуска-ўкраінская” знаходка: “Што кіяўцам зь ліцьвінамі дзяліць: сала сваё ды сяледзец куплёны?”
Надзвычай цікавыя беларуска-балцкія моўныя характарыстыкі. “Лабус ты недарэчны!”, “Ну ты драўгу (сябра) сабе знайшоў!”, “Вазьмі гарачую печаную бульбіну ў рот — і загаворыш па-латыску”. Такое я чуў у роднай вёсцы ў маленстве, дзе нашымі суседзямі былі сярод іншых выхадцы зь Літвы й Латвіі.
Выказваньняў такога кшталту зь літоўскага боку ўдалося выявіць мала. Хіба толькі абразьлівы выраз “gud(a)palaikis” (gudas — беларус, palaikis — нікчэмны, кепскі).
У часы славянскай калянізацыі балтаў зьявілася група словаў, што адлюстроўвае ўплыў “гудаў-ліцьвінаў” на літоўцаў. Шмат гадоў таму я ўпершыню адкрыў для сябе літоўска-расейскі слоўнік Б.Сэрэйскіса (Коўна, 1933). Аўтар ня быў этнічным літоўцам і стварыў “непатрыятычны”, у нямецкай традыцыі, слоўнік, які засьведчыў чыста беларускі сьлед у літоўскім лексыконе. У пазьнейшых лексыкаграфічных выданьнях гэты сьлед зьнік ці атрымаў памету “арх.”.
Сярод тых лексэм былі gudinimas — накіданьне беларускага побыту, мовы; gudinamasis — той, хто ўкараняе беларускі побыт, мову, звычаі; gudeti — зьбеларусіцца; gudejimas — перайманьне беларускага духу, побыту; gudiskumas — запазычанае слова ці выраз зь беларускай. Гудамі літоўскія сяляне таксама называлі і сваіх землякоў, што размаўлялі на іншым літоўскім дыялекце. Так што “гудас” яшчэ значыла й “нянаскі”.
Сустракаюцца характарыстыкі беларусаў-ліцьвінаў і ў двухтомніку “Пословицы русского народа”, укладзеным У.Далем. Пераважаюць стрымана-паважлівыя выказваньні. Вось яны ў перакладзе: біцца як зь Літвой (зацята); ліцьвін як лін: з-пад сучкі яйка ўкрадзе; ліцьвін-белашапачнік (носіць дарагую шапку зь белага лямцу); ліцьвін як грынь (“грунь” — конь з дробным ходам): гадзіну есьць, дзьве сьпіць, а дзень бяжыць; да каго Багародзіца, а да нас Літва (у расейскіх гарадах на захад ад Масквы казалі: ікона выратавала Маскву ад Тамэрлана, а Вітаўт разбурыў расейскія землі); Азоў быў слаўны, Смаленск — грозны, а Вільня — дзіўна.
Адмоўных выразаў менш: ліцьвіны — землякопы-лапатнікі; ліцьвін бабаў баіцца; ліцьвін па часе мае розум. I яшчэ адно вельмі закручанае выслоўе безь перакладу: “Гэта, відаць, рэшаты гонам гналі”, — кажа ліцьвін, пабачыўшы сьлед ад лапця на дарозе. (У ліцьвінаў вочкі ў рэшаце вялікія, як прасьветы паміж лыкам у лапці, таму ядуць яны муку з ашакамі ды мякінай).
Беларусы кпяць часьцей самі зь сябе; дурань з дурня сьмяецца: той сьвіньні ў Ракаў, а сам кахлю да Йвенца (як ангелец вязе вугаль у Ньюкасл, гішпанец — жонку да Парыжу, расеец — самавары ў Тулу...); абкруціў, як Шмэрка Заблоцкага; маскаль з ражном, Абрам зь віном, а ліцьвін — пусьці павалюся; маскаль — сьцібрыў паркаль, Абрам ды пшапрашам — ня жнуць, ня пашуць, а дурны ліцьвін — гарэ адзін; хітры ліцьвін: ад мацы растаўсьцеў.
Незычлівыя выказваньні беларусаў да суседзяў як да ворагаў скіраваныя выключна на “маскалёў” — вайсковую набрыдзь з усходу: жыві, хлопцы, пакуль Масква не адведала; ад маскаля хоць полы падрэж, ды ўцякай; ліцьвін маскалю пяткі пад Смаленскам падсмаліў; маскалю не было горшай як пад Воршай.
Пра “сваю” веру знайшоўся ў маёй калекцыі толькі адзін шырока вядомы выраз: старша Слуцка фара, чым нямецка вяра. Пра гэта маляўніча напісана ў Вацлава Ластоўскага ў “Гісторыі крыўскай кнігі”.
Пятро Садоўскі