Адзін сабака пасьціў перад Калядамі. А Граждан, даведаўшыся пра гэта, з раніцы да позьняга вечару смажыў сала, сьпяваў віетнамскія песьні й танчыў з катом афрыканскія тангі.
Адзін сабака купіў перад сьвятамі скрыню гарэлкі. Граждан, убачыўшы гэта, сказаў: “Чэсныя людзі так не паступаюць. Яны ці адразу жэняцца, ці п’юць закусваючы…”
Адзін сабака паслаў віншавальную паштоўку другому. Граждан даведаўся, прыйшоў на пошту і заявіў: “Вас ахраняць я болей ня буду! Вы мяне нэрвуеце…”, — і кінуў у сьметніцу ржавую сякеру.
Адзін сабака перад Калядамі меў добры настрой. Граждан быў незадаволены працай і заробкам, жонкай і дзецьмі, суседзямі і асабліва тым, што сабака яшчэ ўсё жыве і ўсьміхаецца, як майская рожыца.
Адзін сабака рыхтаваўся да навагодніх сьвятаў. Граждан таксама рыхтаваўся і папрасіў суседзяў, калі ён раптам ня вернецца дамоў, каб яго пахавалі на Маскоўскіх могілках, а піянэры аддалі апошні барабан ягонаму ўнуку, які будзе дастойна працягваць дзедаву справу.
У аднаго сабакі была хата. А ў Граждана прапалі тры залатыя партсыгары, тры магнітафоны, тры фуфайкі, дзесяць пар гумавых ботаў, сорак штаноў, а самае галоўнае — білеты на опэру “Іван Сусанін забівае свайго сына Атэлу”.
В.І.