kalionija-repartazh_04.JPG
kalionija-repartazh_01.JPG
kalionija-repartazh_03.JPG
kalionija-repartazh_02.JPG
kalionija-repartazh_05.JPG
kalionija-repartazh_06.JPG
kalionija_03.JPG
kalionija_20.JPG
kalionija_47.JPG
Выхаваўча-працоўная калёнія №2 у Бабруйску. Тут утрымліваюцца непаўналетнія зьняволеныя. Пацаны, вінаватыя ў крадзяжах, рабаўніцтвах, забойствах, згвалтаваньнях.
Кантынгент хлопцаў, што трапляюць у калёнію, абсалютна розны. Некаторыя зь іх толькі ў 16—18 гадоў вучацца чытаць і пісаць.
На першым месцы сярод правапарушэньняў — разбой і крадзяжы. Што змушае хлапца ісьці красьці? Часьцяком ня толькі жаданьне мець штосьці выключнае, прэстыжнае. Бывае, што ў пацана няма элемэнтарнага. Чаму ж тады ў іншых ёсьць?
Антон пачаў красьці ў 14 гадоў. Першы раз залез у шапік, скраў 10 шакалядак, 30 чупа-чупсаў, 30 пачкаў чыпсаў, жуйкі “Дырол” і “Стымарал”. Пакуль ішло сьледзтва, абрабаваў кватэру: узяў відэаплэер, касэты, фотаапарат. Па гэтых дзьвюх справах яму далі сем месяцаў выхаваўча-працоўнай калёніі і адпусьцілі дадому да моманту ўступленьня прысуду ў сілу. Антон тым часам “узяў” у аптэцы грошы з касы — каля 300 тыс. рублёў, а ў адной кватэры — магнітафон. Да 7 месяцаў дадаліся яшчэ два з паловай гады.
Павал тут ужо 4 гады, вучыцца ў 11 клясе. Асуджаны за напад: зь сябрукамі зьбілі чалавека, забралі грошы, золата. Толькі ў калёніі ўсьвядоміў, што, парушыўшы закон, паламаў свой лёс. Цяпер шкадуе.
Часам хлопцы забіваюць, прычым з асаблівай жорсткасьцю, нібы самасьцьвярджаючыся праз гэта. Не разумеюць, што крымінальная рамантыка жыве хіба на кінаэкране. І сьветам сёньня кіруюць багатыя адукаваныя людзі.
Алекс адбывае тэрмін за забойства. Асуджаны на 8 гадоў. Два з паловай ужо адседзеў. Калі выйдзе, яму будзе 22. Былі сябры на волі, але адвярнуліся ад яго: ніхто ня піша, не прыходзіць.
Дык чаму ж хлопцы йдуць гэткім шляхам? Хто вінаваты ў гэтым: мо школа або грамадзтва? Найперш — сям’я. А таму, шаноўныя таты і мамы, калі даў вам Гаспод права звацца бацькамі, любіце сваё дзіця, беражыце яго ад зла і бедаў ды не калечце абыякавасьцю да ягонага жыцьця! Бо ўсе праблемы пачынаюцца адсюль.
Фота і тэкст
Васіля Мазаева