27.12.2002 / 13:00

Новы год незалежнасьці

2002 год не запомніцца беларусам яскравымі палітычнымі падзеямі. Ён быў напоўнены шэрай палітычнай руцінай. Праўрадавыя і прадэмакратычныя палітыкі займаліся звыклай беларускай палітыкай — кулюарнай, калідорнай, а мо нават паддывановай. Палітычныя скандалы не былі надта гучныя, а кадравыя перастаноўкі — асабліва запамінальныя. Замяталін сядзіць у кадравым рэзэрве.

Улады ініцыявалі, дэмакраты рэагавалі

ВАЛЕРЫ БУЛГАКАЎ ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Як і мелася быць, лукашэнкаўцы сёлета разьвівалі свой посьпех, дасягнуты на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах. 2002 год складаецца зь іх тактычных посьпехаў — пад іх націскам абрынулася місія АБСЭ ў Беларусі, быў зламаны хрыбет Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай, хоць пара яе былых правадыроў дагэтуль працягваюць гераічны супраціў у глыбокім тыле ворага, ім удалося зацугляць цэнтральную прафсаюзную прэсу, сагнаць беларускіх пісьменьнікаў у калектыўную гаспадарку новага тыпу — літаратурна-мастацкі холдынг “Літаратура і мастацтва”, выслаць Барыса Нямцова з краіны, строга папярэдзіць лідэра АГП Анатоля Лябедзьку аб недапушчальнасьці проціпраўных дзеяньняў і, нарэшце, пасадзіць сябра БНФ “Адраджэньне” Віктара Івашкевіча ў турму. Так што ўнутрыпалітычная сытуацыя ў краіне адзначалася вялікай прадказальнасьцю. Улады ініцыявалі палітычныя працэсы, дэмакратычныя сілы злосна рэагавалі на іх. Апрача гэтага, нявывезеныя на хімію дэмлідэры ахвотна выяжджалі за межы краіны, цэлячы асабліва ў Вашынгтон і Бэрлін (Варшава для многіх зь іх — ужо пройдзены этап), і там шырылі праўду пра Беларусь. Відаць, прынамсі з турыстычнымі ўражаньнямі ў іх усё ў парадку.

Вынікам году трэба лічыць і тое, што сярод палітычных сілаў дэмакратычнай “несыстэмнай” апазыцыі не зьявілася новых постацяў. Затое беларускаму грамадзтву запомніліся новыя абліччы новай “сыстэмнай” апазыцыі ў палаце прадстаўнікоў: Уладзімера Парфяновіча, Валер’я Фралова і іншых таварышаў.

Інтэграцыя б’ецца ў ліхаманцы

Канфуз чакаў улады ў вонкавай палітыцы. 2002 г. адзначыўся рэзкім пагаршэньнем адносінаў ці то Беларусі, ці то лукашэнкаўскага рэжыму з Расіяй. Загаварылі пра небясьпеку “ізаляцыі” краіны, пачалі намякаць, што Ўладзімеру Пуціну наш прэзыдэнт стаў асабіста ня мілы. Аднак тлумачыць расійска-беларускі канфлікт асабістымі непаразуменьнямі двух прэзыдэнтаў — значыць сьвядома спрашчаць вастрыню справы. Прычына рознагалосьсяў мае глыбейшую прыроду.

Пуцінская адміністрацыя змагла дабіцца таго, што было не пад сілу яе папярэдніцы, — зьменшыць палітычныя ўплывы і абмежаваць лабісцкія рэсурсы палітыкаў “патрыятычнай арыентацыі” (камуністаў у спалучэньні з гаспадарнікамі яшчэ савецкага гарту), якія традыцыйна адстойвалі інтарэсы дзяржаўнага сэктару расійскай прамысловасьці, асабліва ВПК. Акурат пры прапагандысцкай падтрымцы палітыкаў гэтага лягеру (на цэнтральным узроўні — Селязьнёва, Строева, Падбярозкіна і інш., на рэгіянальным — Тулеева, Кандраценкі, Лужкова і г.д.) і праводзілася ў жыцьцё Лукашэнкава праграма інтэграцыі, якая найбольш пасьпяхова йшла ў тых эканамічных сэктарах, дзе яшчэ недастаткова замацаваліся рынкавыя адносіны. Палітычны крах расійскіх нацыянал-патрыётаў, як і трэба было чакаць, пазбавіў Лукашэнку надзейнага пляцдарму на расійскай палітычнай сцэне, рэзка зьменшыў яго палітычны капітал на расійскім палітычным рынку. Цяпер за эканамічную і палітычную падтрымку Беларусі з боку Расіі давядзецца плаціць допускам у краіну буйнога расійскага капіталу, за якім стаяць алігархі, чые інтарэсы на палітычным узроўні лабіруе не Зюганаў з Купцовым, а зьненавіджаны Нямцоў з Хакадамай і чыё разгортаваньне ў краіне ў будучыні створыць для рэжыму яшчэ аднаго надзвычай нязручнага палітычнага актора.

Таму зь лета саюзная дзяржава Беларусі і Расіі б’ецца ў ліхаманцы і мармыча немавед што. То крычыць, то плача. А ўсё таму, што няма каму цяпер у Маскве заступіцца за Лукашэнку.

Тылу больш няма

Зьявіліся сымптомы ўсё большага недаверу беларускага кіраўніцтва да Расіі. Сьпярша афіцыйны Менск дамогся павелічэньня свайго інфармацыйнага сувэрэнітэту, запусьціўшы другі агульнанацыянальны тэлеканал. Лукашэнка з паплечнікамі больш не разьлічваюць на тое, што расійскія электронныя СМІ будуць ім спрыяць ці, прынамсі, захоўваць нэўтралітэт у лёсавызначальныя для краіны моманты. У каротка- і сярэднетэрміновай пэрспэктыве далейшая “сувэрэнізацыя” рынку электронных СМІ дазволіць уладам без асаблівага высілку дамагацца патрэбнага для сябе выніку падчас рознага кшталту рэфэрэндумаў, мясцовых і цэнтральных выбараў і г.д.

З новай сілай недавер да Расіі ці нават адчужэньне ад яе праявілася зусім нядаўна, калі сямі найвышэйшым беларускім урадоўцам быў забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША. Усе чакалі, што прэзыдэнт Лукашэнка адкажа на гэты крок чарговай порцыяў праклёнаў і пагрозаў. Але замест гэтага людзі пачулі стрыманую рэакцыю міністра замежных справаў Хвастова, які выказаў зацікаўленасьць у канструктыўным дыялёгу з урадамі заходніх краін. Карацей, надзейнага расейскага тылу больш няма, казыраць звычнымі козырамі накшталт трохсоттысячнай вайсковай беларуска-расійскай групоўкі або ракетаў “Топаль-М” пад Шчучынам больш не выпадае, таму стратэгічнай зброяй рэжыму робяцца азіяцкія нелегалы ў сумежных з Польшчай, Літвой і Латвіяй раёнах.

Забыць пра Эўропу

І яшчэ дзьве рэчы, на якіх трэба завастрыць увагу. Перш-наперш — пэрспэктыва трэцяй кадэнцыі Лукашэнкі, пра якую ўсьцяж загаварылі пасьля яго верасьнёўскай прэс-канфэрэнцыі. Няма сумневу, што гэтая ідэя цяпер лунае ў калідорах прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Калі ж Лукашэнка такі пойдзе на трэці тэрмін, гэта будзе азначаць, што ён зрабіў для сябе, у сваім разуменьні, няпросты маральна-этычны выбар: асудзіць краіну на міжнародную ізаляцыю, забясьпечыўшы наўзамен стабільнасьць грамадзка-палітычнай абстаноўкі і эфэктыўнасьць дзяржаўнага апарату. Гэты выбар будзе супярэчыць прынятым на Захадзе стандартам дэмакратыі і ня надта задаволіць цяперашнюю крамлёўскую адміністрацыю (цікава, што адразу пасьля таго, як сёлета ў беларуска-расійскіх адносінах выбухлі першыя скандалы, у Менску пайшла пагалоска: маўляў, Масква даведалася пра Лукашэнкаў плян пераабрацца на трэці тэрмін і так выказвае сваё нездавальненьне). Калі ён будзе ажыцьцёўлены, размовы пра тое, што Беларусь ёсьць часткай Эўропы ці, пагатоў, яе цэнтрам, нам усім трэба будзе на пэўны час спыніць.

І апошняе. Цэлы год несьціхана ішлі размовы пра неабходнасьць рэфармаваць беларускае грамадзтва. Зроблена ўладамі ў гэтым кірунку было мала. Рэформа жыльлёва-камунальнай сфэры абмежавалася зьмяненьнем сыстэмы аплаты камунальных паслугаў, сыстэмы адукацыі — пераходам на дзесяцібальную сыстэму адзнак, сыстэмы аховы здароўя — павелічэньнем колькасьці платных паслугаў для насельніцтва, эканамічная, пад самы канец году, — спрашчэньнем парадку рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадараньня. Незалежнае беларускае грамадзтва, ці, іначай кажучы, грамадзянская супольнасьць, сустрэла гэтыя паўзахады зь ціхім абурэньнем, але ніякай сваёй канцэпцыі рэформаў усяму грамадзтву не прапанавала.

У новы 2003 год Беларусь уступае часткова эўрапейскай, часткова азіяцкай дзяржавай, насельніцтва якой складаецца з падданых былой вялікай імпэрыі і самасьвядомых грамадзянаў невялікай эўрапейскай краіны, найлепшы лёс для якой — жыць спакойным местачковым жыцьцём.

Валеры Булгакаў

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру