ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
24 студзеня, акурат на Сьвяты вечар, загарэўся Нясьвіскі замак. Пажар пачаўся каля 19-й. Атрымаўшы сыгнал, супрацоўнікі Нясьвіскага райаддзелу Міністэрства па надзвычайных сытуацыях выехалі на месца, аднак самі рады даць не змаглі. Давялося выклікаць дапамогу з суседніх раёнаў — Капыльскага і Баранавіцкага, а потым Клецкага ды Менскага. Палаў дах цэнтральнае вежы Радзівілаўскага замку. Агонь займаў плошчу 300 кв.м.

Лякалізаваць пажар удалося толькі а 21-й, а канчаткова загасіць — каля другой гадзіны ночы. На шчасьце, ахвяраў не было. Як паведамілі ў МНС, у ліквідацыі пажару былі задзеяныя 127 супрацоўнікаў і 18 пажарных машынаў.

Вежа цяпер стаіць зусім бяз даху, моцна пацярпела ляпніна XVIIІ ст. Карціны ў самім замку (у тым ліку і ўнікальная расьпісаная столь памерам 15 на 18 м) засталіся цэлымі — адно што закурэлі.

ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Нашкодзіў замку ня толькі пажар, але й ягоная ліквідацыя. Супрацоўнікі МНС працягвалі заліваць будынак вадой нават калі агонь згас, каб не засталося дзе схаваных агмянёў. Вільгаць можа зашкодзіць фрэскам на столі й паркетнай падлозе. Апрача таго, драўляныя перакрыцьці набрынялі амаль трыма тонамі вады, ад чаго існуе пагроза абвалу.

Зранку ў замку працавалі аж 2 сьледчыя групы МУС. Прычынай пажару, паводле афіцыйнае вэрсіі, сталася нядбальства будаўнікоў, якія рыхтуюць замак да рэстаўрацыі. Рабочыя адагравалі замерзлыя водаправодныя трубы з дапамогай адкрытага агню (машынкай ці газавай гарэлкай).

У першай палове дня на месца пажару прыбылі віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын і старшыня Менаблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч. У.Дражын, былы кіраўнік Нясьвіскае адміністрацыі, узначаліў адмысловую камісію па расьсьледаваньні прычынаў узьнікненьня пажару і ацэнкі шкоды.

Нясьвіскі замак меркавалася ўлучыць у Сьпіс помнікаў сусьветнае культуры. Цяпер можна чакаць нават кадравых перастановак: розгалас ад пажару ў Нясьвіжы — на ўвесь сьвет. Ганьба вялікая: Нясьвіж у нас адзін. Хтосьці павінен адказаць.

Эколяг Валеры Дранчук, які нарадзіўся недалёка ад “некаранаванай сталіцы”, лічыць галоўнай прычынай пажару саму рэстаўрацыю: “Гэта толькі першы званок, зьвязаны з гэтай “вялацякучай рэстаўрацыяй”. Інвэставаць у Нясьвіскі замак хацелі б палякі, чэхі ды літоўцы. Але такая нашая нядбайнасьць да помніка сусьветнай значнасьці можа надоўга адбіць у іх ахвоту ўкладаць грошы.

Гісторык культуры Адам Мальдзіс мяркуе, што паспрыяць захаваньню замка мусіла б грамадзкасьць: “У 90-я быў створаны фонд “Нясьвіж”, на чале якога стаяў Антоні Радзівіл, а ўсімі справамі займаўся Ўладзімер Гілеп, цяперашні кіраўнік Беларускага фонду культуры. Калі б можна было аднавіць дзейнасьць гэтага фонду, калі б у замку дзяжурылі валанцёры, пажару б ня здарылася”.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0