27.12.2002 / 13:00

З усёй краіны

Затрымалі рэкеціра ... Шалёны бультэр’ер ... Даравальны тыдзень ... Гандаль зброяй ... Зноў аблупілі карову ... Калгасьнікі й бюджэтнікі ... Шклоўская ГЭС

Затрымалі рэкеціра

Звыш 300 прыватных таксовак працуюць у Воршы. Іх паслугі карыстаюцца сярод месьцічаў вялікім попытам, бо каштуе адна паездка ўдзень 250—300 рублёў. Уладальнікі “маршрутак” маюць неблагія прыбыткі. Гэтым вырашыў скарыстацца адзін крымінальнік. Ён вымагаў у бізнэсоўцаў па 10—15 даляраў штомесяц. Але разгарнуцца рэкеціру не ўдалося. Цяпер яго чакае суд і новы турэмны тэрмін.

Шалёны бультэр’ер

У Воршы захварэў быў на шаленства бультэр’ер. На вуліцы зь ім пачалі забаўляцца дзеці. Сабака забег у сярэднюю школу №16 і пакусаў двух хлопчыкаў. Настаўнікі выклікалі міліцыю і брыгаду па адлове бадзяжных жывёлінаў з спэцаўтабазы. Бультэр’ера забілі. Жыцьцю пакусаных дзяцей нічога не пагражае. Ім, а таксама яшчэ чатыром вучням, зрабілі вакцынацыю. Цяпер шукаюць гаспадароў сабакі й усіх, хто кантактаваў зь ім. За апошнія месяцы прышчэпкі супраць шаленства зробленыя 800 гаспадарскім сабакам.

Даравальны тыдзень

У аршанскай гарадзкой бібліятэцы імя Пушкіна існуе парадак, пры якім чытачы, што затрымалі ўзятыя кнігі даўжэй за вызначаны тэрмін, павінны плаціць штраф. На Каляды кіраўніцтва бібліятэкі вырашыла зладзіць “Даравальны тыдзень”: у гэтыя сьнежаньскія дні вінаватым раскашэльвацца не давядзецца.

Гандаль зброяй

На чыгуначным вакзале Воршы перапыненая спроба продажу зброі. У момант перадачы пісталета Макарава пакупніку быў затрыманы афіцэр зь Менску. Тавар каштаваў 150 даляраў. Гандляр арыштаваны.

Віктар Лютынскі, Ворша

Зноў аблупілі карову

У сьцюдзёную сіверную ноч з пранізьлівым ветрам, калі, як кажуць, сабаку з хаты ня выжанеш, зламысьнікі скралі з кароўніку вёскі Дуброва (Сьветлагорскі раён) спраўную карову і, не адводзячы далёка, асьвежавалі яе. Вартаўнік у гэты час быў п’яны — мо падсунулі гарэлку — і спаў далёка ад фэрмы. Прыяжджалі міліцыянты з сабакам, але той, дабегшы да шашы, згубіў сьлед. Колькі ў Дуброве гавяды ні кралі, ніколі нікога не знаходзілі.

Калгасьнікі й бюджэтнікі

Нямала былі засмучоныя дуброўскія калгасьнікі, калі ім аддалі толькі палову заробленых грошай. Так, мой сусед, малады трактарыст Аляксандар, атрымаў трохі болей за 5 тыс. рублёў. Рэшту, маўляў, аддадуць потым. Начальства кажа, што грошай не хапае, бо бюджэтнікам падвысілі заробкі. Гэтае разьлічанае на легкаверных цёмных дурняў тлумачэньне даецца кожын раз, як калгасам няма чым плаціць. І нікому ў галаву ня прыйдзе параўнаць суму заробкаў настаўнікаў з сумай пэнсіяў 1200 пэнсіянэраў калгасу ды сумай запазычанасьцяў па заробках.

Мікола Бусел, Дуброва

Шклоўская ГЭС

Вырашана збудаваць ГЭС на Дняпры, пад Шкловам. Усяго на гэтай рацэ плянуецца паставіць пяць электравырабляльных аб’ектаў, здольных напалову задаволіць патрэбы Магілёўшчыны ў электрычнасьці. Цяпер на яе тэрыторыі тры дзейныя гідраэлектрастанцыі — у Быхаўскім, Круглянскім і Асіповіцкім раёнах. Яны вырабляюць 1% патрэбнай вобласьці энэргіі.

“Вячэрні Магілёў”

Бітва за гароды

Кіраўніцтва бялыніцкага жыльлёва-камунальнага аддзелу пачало змаганьне з жыхарамі шматпавярховкікаў, якія на пустках побач з дамамі зрабілі сабе гароды. Праз раённую газэту ўладальнікам незаконна захопленых дзялянак прапанавалі да 10 сьнежня добраахвотна забраць тое, што ўяўляе для іх каштоўнасьць. Уладальнікі гародаў выказалі рашучы пратэст: жылкамгас няхай спачатку навядзе парадак у закладзеных ім жа зялёных зонах. Што да дзялянак, дык, кажуць людзі, ад іх толькі выгода. Па-першае, на гэтых тэрыторыях падтрымліваецца сякі-такі парадак — не расьце пустазельле. Па-другое, расьце гародніна.

Недаплацілі за кроў

Ад пачатку году 275 бялыніцкіх донараў здалі 110 літраў крыві. За гэта райбольніца павінна заплаціць ім агулам 5483 тыс. рублёў. Але выплачана толькі 4.493.400 рублёў.

Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы

Нават шпількі падзялілі

У Бабруйску ліквідавана фабрыка па вырабе і рамонце вопраткі з трыкатажу. Абсталяваньне ды іншая маёмасьць, нават шпількі й гузікі, рашэньнем гарвыканкаму перайшлі іншым прадпрыемствам — фабрыкам “Элегант” ды “Міла”.

Віктар Качан, Бабруйск

Новая паліклініка

У сьнежні прыняла першых пацыентаў новая быхаўская клініка. У будынку разьмясьціліся таксама дзіцячая і жаночая кансультацыі, 3-і паверх аддадзены пад адміністрацыйныя памяшканьні. На першым ёсьць аптэчны і газэтны кіёскі, таксафон. Аднак у першы ж дзень працы клінікі пацыенты зьнесьлі дадому пару накрывак з унітазаў грамадзкай прыбіральні.

Сяргей Ніканаў, Быхаў

Śmierć pa-baranavicku

Naśmierć zabiła aūtamabilem dyrektara Baranavickaha chlebazavodu Jaūhena Hućku, jaki pierabiahaū vulicu ū niedazvolenym miescy, kala Paleskaha mostu.

U svajoj vańnie patanuła 28-hadovaja baranavickaja kabieta. Daktary vyśvietlili, što padčas myćcia ū jaje abvastryłasia chvaroba serca.

Zialonaja padśvietka

Zialonuju padśvietku ūstalavali na siońniašnim symbali Baranavič — vieћy z hadzińnikam na płoščy Lenina. Ciapier, kali pahladzieć uharu, adčuvaješ siabie jak u eūrapiejskim horadzie.

Lepšaje baranavickaje miasa

Kiłbasa “Doktarskaja”, rulet “Kaliadany”, kanserva “Jałavičyna tušanaja” vyšejšaha hatunku, jakija pradukuje Baranavicki miasakanservavy kambinat, atrymali dyplomy “Najlepšy pradukt 2002 h.”

Rusłan Raviaka, Baranavičy

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру