2002 год быў багаты ня толькі на падзеі сапраўды значныя, але і на тыя, што хацелі б здавацца такімі.

Часам гэта былі сапраўдныя “мыльныя бурбалкі”, якія гучна покаліся ад найменшага дотыку. Часам — заўважныя падзеі, якім нехта зь нейкімі мэтамі стараўся надаць аж празьмерную значнасьць. Самай грандыёзнай з глябальных “бурбалак” было летняе прароцтва пра канец сьвету — гэтым разам ад “астэроіда-забойцы”. Пры канцы ліпеня зьявіліся паведамленьні са спасылкай на NASA, нібы да Зямлі кіруецца астэроід 2002 NT7, сутыкненьне якога з плянэтай выкліча гібель цэлых кантынэнтаў і зьменіць клімат. Адбыцца яно мусіла, паводле прагнозаў навукоўцаў, у 2019 г. Пазьней, аднак, прагноз быў скарэктаваны на 2060 г. альбо на “сьвятыя ніколі”.

Тунэль да Балтыкі

У ліпені прафэсар Літоўскай вайсковай акадэміі Альгімантас Амбразявічус прапанаваў сваё вырашэньне Калінінградзкае праблемы — падземны тунэль паміж Калінінградзкай вобласьцю й Беларусяй. Гэтую бязглузьдзіцу пачалі абмяркоўваць як нешта сур’ёзнае.

Папу ў Беларусь

А якая харошая была чутка пра магчымы прыезд Папы ў Беларусь! Сайт “Хартыі’97” са спасылкай на “Associated Press” паведаміў пра абмеркаваньне такой магчымасьці яшчэ 18 студзеня. Падчас папскага візыту ў Польшчу ўлетку гэтую ж чутку падхапіла “Gazeta Wyborcza”. Але папа пакуль так і не прыехаў. Праўда, А.Лукашэнка заявіў пра жаданьне арганізаваць сустрэчу Папы і патрыярха Маскоўскага ў Беларусі.

Краўчанка не эміграваў

Не збылося ў 2002-м прароцтва наконт расколу Саюзу пісьменьнікаў, не адбыўся доўга адкладаны Сход навукоўцаў. Самая сьвежая неадбытая сэнсацыя — палітычная эміграцыя Пятра Краўчанкі. 1 сьнежня экс-пасол, як паведамілі расейскія тэлеканалы і пацьвердзіла беларускае МЗС, зьнік. Гнеўных камэнтароў было багата — нават прэс-сакратар КДБ Хведар Котаў выказаўся. Потым Пятро Краўчанка зьявіўся і патлумачыў: хварэў, маўляў, ляжаў дома, цяпер зьбіраюся ў Беларусь…

Дырэктарская апазыцыя

Самая гучная крымінальна-эканамічная падзея мінулага году — арышты дырэктараў буйных прадпрыемстваў. “Хапун” пачаўся яшчэ пры канцы 2001 г. 21 лістапада была заведзеная крымінальная справа на начальніка Беларускай чыгункі Віктара Рахманька, 22 лістапада — на дырэктара Менскага заводу халадзільнікаў “Атлянт” Леаніда Калугіна. В.Рахманька зьвінавацілі ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і крадзяжах у асабліва буйных памерах. Л.Калугіна — у невяртаньні з-за мяжы валюты, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і злоўжываньні ўладай ды службовымі паўнамоцтвамі. 9 студзеня Л.Калугіна перавялі зь сьледчага ізалятару ў Рэспубліканскую псыхіятрычную лякарню (“Навінкі”) для псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы. 30 студзеня — вярнулі ў СІЗА, так і не агучыўшы вынікаў абсьледаваньня.

8 студзеня арыштавалі дырэктара МТЗ Міхаіла Лявонава. Яго зьнялі ў Воршы зь цягніка па дарозе ў Расею. Абвінавачаньне стандартнае — злоўжываньне ўладай, нядбайнасьць і хабарніцтва.

Гэтыя крымінальныя справы далі многім падставы меркаваць, што ў нас існуе “эканамічная апазыцыя” рэжыму Лукашэнкі і што менавіта гэтую апазыцыю пачалі вынішчаць. Асабліва ўпарта “палітычную базу” пад арышты дырэктараў (у прыватнасьці, М.Лявонава) падводзіла АГП і прарасейскае палітычнае лобі. Намэнклятуру ўпарта стараліся паказаць галоўнай сілай, здольнай супрацьстаяць Лукашэнку. Так, Васіль Шлындзікаў у інтэрвію радыё “Свабода” 10 студзеня заявіў: “Асноўнай прычынай ягонага арышту зьяўляецца палітычны чыньнік. Лявонаў па сваёй прыродзе лідэр, важак. І ўлады не маглі не зразумець, што калі гэты важак выставіць свае палітычныя прэтэнзіі, то людзі могуць за ім пайсьці”. Падтрымаў яго і экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў: “Менавіта гаспадарчы актыў сёньня ўяўляе найбольшую пагрозу для ўлады”.

Словам, вось яны, галоўныя барацьбіты супраць аўтарытарызму — дырэктары. Неяк незаўважна прайшло асьцярожнае выказваньне рэдактара газэты “Рабочы” Віктара Івашкевіча: “Лукашэнка можа бачыць патэнцыйную пагрозу ў апазыцыйных настроях намэнклятуры, але я скептычна стаўлюся да таго, што яна нешта здольная зрабіць”.

Так і выйшла. Хоць М.Лявонава ў красавіку перавялі зь менскага ў жодзінскі сьледчы ізалятар, які славіцца сваімі жорсткімі ўмовамі; хоць была заведзеная крымінальная справа на прэзыдэнта “Белдзяржхарчпраму” Віктара Казеку (злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі і атрыманьне хабару); хоць быў звольнены кіраўнік Беларускага мэталюргічнага заводу Вадзім Філіпаў — дырэктарскі корпус і не зварухнуўся. Хіба што ў студзені зьявіўся асьцярожны зварот Міжнароднага клюбу дырэктараў у падтрымку М.Лявонава ды на самім Менскім трактарным тады ж прайшлі “акцыі ў падтрымку”. Вось і ўсе вынікі “дырэктарскай апазыцыі”…

Новы-стары гімн

У лютым 2002 г. Саўмін прыняў пастанову пра конкурс на стварэньне “галоўнай песьні” краіны. Згодна з умовамі, гімн мусіў быць напісаны па-беларуску і “сьцьвярджаць ідэю дзяржаўнасьці Беларусі, мець інтанацыйна-мэлядычную яснасьць, добра запамінацца, гучаць урачыста і ў рытме шэсьця”. На конкурс у Мінкульт прыйшло больш за 100 варыянтаў. Шмат якія грунтаваліся на музыцы Н.Сакалоўскага. Новы-стары сьцяг і гэткі самы герб былі падказкай: навошта шукаць штосьці новае? Пагатоў што пры канцы 2001 г. новы гімн на старую музыку прыняла Расея, якая тады яшчэ была компасам для беларускага кіраўніцтва.

Спахапілася пасьля ўладнай ініцыятывы й дэмакратычная грамадзкасьць. Аргкамітэт па сьвяткаваньні Дня Волі распачаў альтэрнатыўнае галасаваньне. Перамагла песьня Равенскага на словы Арсеньневай “Магутны Божа”, апярэдзіўшы такія варыянты, як “Пагоня”, “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, “Радзіма мая дарагая” і інш.

Варыянты ж “афіцыйнага” дзяржаўнага гімну ўлады вырашылі выставіць на “ўсенароднае абмеркаваньне”. Галасаваньне адбывалася праз тэлефон. Але дарма варыянт Леаніда Пранчака і Васіля Раінчыка “Красуй, Беларусь!” набраў больш за ўсё галасоў — камісія яго адхіліла. (Мо таму, што за Шушкевічам гэты варыянт сьпявалі з рэфрэнам “Жыве Беларусь!”) Ва ўрадоўцаў была іншая лёгіка: больш за ўсё галасоў набрала музыка Н.Сакалоўскага (на яе ж былі прадстаўленыя тры варыянты), таму і выбіраць варта гімн з словамі на яе.

Ня разам, дык МАЗам

Сэнсацыяй году называлі і адкрыцьцё Другога агульнанацыянальнага тэлеканалу. Гаворкі пра яго вяліся ад 1997 г. Навязьлівы слоган БТ “Першы нацыянальны тэлеканал” летась намуляў вушы: навошта абвяшчаць сябе першым, калі ты адзіны?!

Адкрыцьцё БТ-2 міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны яшчэ пры канцы студзеня прызначыў на травень. Адразу было вырашана, што новы тэлеканал перакрые частату аднаго з расейскіх — ОРТ, РТР або НТВ. На чыёй частаце будзе вяшчаць “БТ-2”, на той момант яшчэ не было вядома, хаця перавага яўна аддавалася ОРТ, якое абяцала прадаваць свае праграмы па льготных цэнах.

У тым, што новы тэлеканал будзе гэткім жа дзяржаўным рупарам, як і “Першы нацыянальны”, сумневаў не было. БТ-2 стваралася як закрытае акцыянэрнае таварыства, у якім “залатую акцыю” мусіла атрымаць дзяржава. А кіраваць створаным тэлеканалам быў прызначаны колішні кіраўнік БТ, а потым пасол Беларусі ў Румыніі Рыгор Кісель. На новы канал перайшлі вядомыя супрацоўнікі БТ Ягор Хрусталёў, Юры Казіятка і інш. На гэта народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка зазначыла: новая тэлевізія будзе толькі ў новай Беларусі.

19 сакавіка ў Менгарвыканкаме было зарэгістравана ЗАТ “АНТ” (Агульнанацыянальная тэлевізія), дзе 51% акцыяў прадпрыемства былі пад кантролем дзяржавы, 29% — “Беларусбанку”, 20% — тэлекампаніі “ФІТ”.

Аднак абяцанага беларускага тэлеканалу гледачы так і не пабачылі. Паўгадзінная ўстаўка “Нашыя навіны”, якая адна і зьявілася напачатку, наўрад ці здольная была прэтэндаваць на ганарлівую назву другога агульнанацыянальнага тэлеканалу. Гэта хутчэй выглядала на нейкі рэгіянальны дадатак. “Злыя языкі” казалі, што Беларусь такім чынам можа адкрыць не адзін новы канал, а адразу некалькі: засталіся ж яшчэ “беспрыглядныя” расейскія тэлеканалы НТВ, РТР, “Культура”, якія трансьлююцца на Беларусь.

Тым часам АНТ разьвівалася і нават пачало “паказваць зубкі” гледачам. Так, 31 жніўня з праграмы быў зьняты фільм Паўла Шарамета “Дзікае паляваньне”, які трансьлявала ОРТ. Матывацыя: фільм “скіраваны на раскол грамадзтва”. Так лопнула яшчэ адна “мыльная бурбалка” — пра плюралізм тэлеканалаў.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0