2002

Студзень

2002 г. пачаўся з увядзеньня ў наяўнае абарачэньне валюты краінаў Эўразьвязу — эўра. Насуперак змрочным прагнозам, эўра ўпэўнена пратрымалася цэлы год, не даючы спуску даляру.

Беларусы атрымалі на пачатку студзеня добрую вестку — наша краіна далучылася да Канвэнцыі аб прызнаньні дакумэнтаў аб вышэйшай адукацыі ў эўрапейскім рэгіёне. Нашы дыплёмы атрымалі большую вагу.

На Каляды арыштаваны дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў. Яго вінавацяць у “нядбайнасьці й злоўжываньні службовым становішчам, што прынесла шкоду дзяржаве”. Гучаць меркаваньні, што арышт быў папулісцкім ходам Лукашэнкі.

24 студзеня ў італьянскім Асызы зьбіраюцца Папа, прадстаўнікі ўсіх хрысьціянскіх канфэсіяў і 11 нехрысьціянскіх рэлігіяў. Разам яны моляцца за мір.

Люты

Ад 8 да 24 лютага ў амэрыканскім Солт-Лэйк-Сыты адбываюцца ХІХ Алімпійскія гульні. У камандным заліку Беларусь займае 19 месца.

Урад спрабуе эканоміць грошы на вайскоўцах. Ліквідуецца полацкая 350-я брыгада мабільных сілаў, а таксама яе выдатная вайсковая база ў Баравусе.

У сярэдзіне месяца зьяўляюцца першыя знакі пахаладаньня ў беларуска-расейскіх стасунках. А.Лукашэнка заяўляе журналістам: “Нераўнапраўнага Саюзу ня будзе. Чаму мы павінны рабіць так, як робіць Расея?”.

Сакавік

Нешматлікую дэманстрацыю на Дзень Волі брутальна разганяе міліцыя. Вынік: многія зьбітыя, 59 чалавек затрыманыя, зь іх 9 непаўналетніх.

На сьвітанку Дня Волі на свабоду выходзіць Андрэй Клімаў, прадпрымальнік і дэпутат Вярхоўнага Савету, які адседзеў 4 гады і вызваліўся па зьмякчэньні прысуду.

30 сакавіка — парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне. Перамагае правацэнтрысцкі блёк “Наша Ўкраіна” з апанэнтам прэзыдэнта Кучмы, былым прэм’ерам Віктарам Юшчанкам на чале.

Красавік

Япіскап Іван (Хама), гадаванец Філарэта, стаў вікарным япіскапам Барысаўскім, а за пару месяцаў перасеў на багаты Берасьцейска-Кобрынскі пасад ФОТА УЛАДЗІМЕРA ШЛАПАКA
Япіскап Іван (Хама), гадаванец Філарэта, стаў вікарным япіскапам Барысаўскім, а за пару месяцаў перасеў на багаты Берасьцейска-Кобрынскі пасад ФОТА УЛАДЗІМЕРA ШЛАПАКA
Скандалы ў Каталіцкім Касьцёле. Супраць некаторых яго прадстаўнікоў высунутыя абвінавачаньні ў сэксуальных злачынствах. Папу нялёгка выпраўляць становішча, дый здароўе яго пагаршаецца. У красавіку Папа нават адмовіўся ад удзелу ў многіх царкоўных мерапрыемствах. Ня дзіва: у траўні Яну Паўлу спаўняецца 82 гады.

Беларуская ўлада спрабуе пазбыцца місіі АБСЭ. Афіцыйны Менск не дае візаў супрацоўнікам місіі і не акрэдытуе новых работнікаў КНГ. 15 красавіка зьехаць зь Беларусі мусіць часовы кіраўнік місіі Мішэль Рывалье.

16 красавіка галяндзкі кабінэт міністраў у поўным складзе ідзе ў адстаўку. Гэта сталася вынікам грамадзкага рэзанансу, выкліканага абвінавачаньнем, што Галяндыя вінаватая ў разьні, учыненай сэрбамі ў 1995 г. у Срэбраніцы.

21 красавіка на парлямэнцкіх выбарах у Францыі нечаканага посьпеху дасягае крайне правы палітык Лё Пэн. Процістаіць яму дзейны прэзыдэнт Шырак. Гэтае процістаяньне ператварае Шырака ў нацыянальнага героя — ён атрымлівае ў другім туры 82% галасоў і перамагае Лё Пэна.

Травень

Паводле сацыялягічных апытаньняў НІСЭПД, рэйтынг Лукашэнкі падае да 30%.

27 траўня грузінскі спэцназ і рэйнджэры ЗША пачынаюць супольныя манэўры. Беларускія вайскоўцы практыкуюцца адны. Напрыканцы месяца пад Барысавам пачынаюцца вучэньні “Бярэзіна-2002” Паўночна-Заходняга апэратыўнага камандаваньня.

Рада нацыянальнай бясьпекі й абароны Ўкраіны заяўляе аб імкненьні краіны ўступіць у NATO. Праз пару дзён на сустрэчы з Кучмам у Чарнігаве Лукашэнка прызнае права Кіева ўступіць у блёк і кажа пра магчымасьць “адпаведнага кроку з боку Беларусі”.

Чэрвень

У Карэі й Японіі адбываецца футбольны мундыяль. БТ спадзявалася “скрасьці карцінку” на якім іншым канале — ня выйшла. Нарэшце правы на трансьляцыю ў “Кірх-Мэдыя” купляюць. Немцы ставяць умову — камэнтаваць па-беларуску. Уся краіна сьмяецца з калечанай беларушчыны навіцкіх.

13 чэрвеня “Ітэра” ўдвая зьмяншае пастаўкі газу ў Беларусь і патрабуе ад Менску сплаціць пазыкі. У той жа дзень ЗША афіцыйна выходзяць з дамовы аб проціракетнай абароне 1972 г. Расеі застаецца толькі “выказваць шкадаваньне”.

Пуцін на сустрэчы зь лекарамі кажа, што cаюзу Беларусі й Расеі ня будзе. Ён фактычна прапануе Беларусі стаць расейскай губэрняй. Гучыць знакаміты пасаж “пра мухі і катлеты”. У адказ 18 чэрвеня Лукашэнка перасьцерагае: “Ніякім Паўночна-Заходнім краем мы ня будзем!”

Сканчаецца суд над журналістамі гарадзенскай “Пагоні” Міколам Маркевічам і Паўлам Мажэйкам. Маркевічу даюць 2,5, Мажэйку — 2 гады “хіміі”. Суд прыцягнуў увагу міжнароднай грамадзкасьці, але рэжым на тое не зважае. 25 чэрвеня на частотах ОРТ пачынае вяшчаць Агульнанацыянальнае тэлебачаньне.

Ліпень

16 ліпеня ўлады бяруць пад кантроль прафсаюзы. Старшынём ФПБ замест Франца Вітка робіцца Леанід Козік.

Хоць увогуле ліпень запомніўся ня гэтым, а нечуванай за апошнія дзесяць гадоў сьпякотай. Віцебшчына перажыла зьмяіную навалу — гадзюкі ад гарачыні павыпаўзалі з нораў. Колішні польскі прэзыдэнт Валенса мусіў празь сьпякоту згаліць свае знакамітыя вусы.

Жнівень

Прыняцьцю гімну “Мы, беларусы” не зашкодзіла нават тое, што супраць выступілі Мая і Максім Клімковічы, дачка і ўнук — спадкаемцы аўтара ФОТА АНДРЭЯ ЛЯНКЕВІЧА
Прыняцьцю гімну “Мы, беларусы” не зашкодзіла нават тое, што супраць выступілі Мая і Максім Клімковічы, дачка і ўнук — спадкаемцы аўтара ФОТА АНДРЭЯ ЛЯНКЕВІЧА
У пачатку жніўня пачаўся расейска-грузінскі канфлікт. Пуцін абвінаваціў Шэварднадзэ ў падтрымцы чачэнскіх паўстанцаў, а грузіны Расею — што парушае іхны сувэрэнітэт і бамбардуе Панкіскую цясьніну.

14 жніўня Пуцін прапануе Лукашэнку альбо стварыць адзіную дзяржаву, альбо будаваць “аналяг Эўразьвязу”. Лукашэнка абураецца.

У Сярэдняй Эўропе пры канцы жніўня пачаліся катастрафічныя паводкі, а ў Беларусі лета скончылася закрыцьцём “Свободных новостей”.

Верасень

У школах і гімназіях уведзеная дзесяцібальная сыстэма і пяцідзёнка. Навучальны год падоўжаны да канца чэрвеня.

4 верасьня пад Крупкамі адбылася найбуйнейшая ў беларускай гісторыі аўтакатастрофа. Сутыкнулася 17 машынаў, загінула 10 чалавек.

6 верасьня Беларускі патрыятычны саюз моладзі і Беларускі саюз моладзі аб’ядналіся ў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Напярэдадні высьветлілася, што БПСМ разбазарыў грошай і маёмасьці на мільён даляраў.

У маскоўскіх газэтах “Завтра” і “Советская Россия” ды менскай “Советской Белоруссии” зьявілася стэнаграма тэлефоннай размовы Анатоля Лябедзькі з Барысам Нямцовым. А 16 верасьня галоўнаму рэдактару газэты “Рабочы” Віктару Івашкевічу за абразу прэзыдэнта вынесьлі прысуд — 2 гады “хіміі”.

18 верасьня — вялікая прэс-канфэрэнцыя Лукашэнкі. Лукашэнка адмаўляецца ад ролі “зьбіральніка славянскіх земляў”.

22 верасьня ў Нямеччыне перамагаюць сацыял-дэмакраты й “зялёныя”. Пры ўладзе застаецца Гергард Шродэр. А на зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў старшынём абіраюць 30-гадовага выкладчыка БДУ Алеся Пашкевіча.

Прыняты новы закон “Аб свабодзе веравызнаньня й рэлігійных арганізацыях”, які ставіць Расейскую праваслаўную царкву ў прывілеяванае становішча.

Кастрычнік

1 кастрычніка, падчас сустрэчы са старшынём Дзяржкамітэту памежных войскаў Аляксандрам Паўлоўскім, Лукашэнка пагражае Эўразьвязу: “Калі з 1 студзеня будучага году гэтыя выдаткі [на ахову мяжы] ня будуць кампэнсаваныя, мы ня зможам забясьпечыць бясьпеку Эўропы”.

Пачынаецца збор ахвяраваньняў (часам прымусовы) на новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі.

23 кастрычніка зь Беларусі выганяюць Барыса Нямцова — “за ўмяшаньне ва ўнутраныя справы краіны”. Гэты скандал губляе маштабнасьць на тле захопу чачэнцамі закладнікаў у маскоўскім тэатры на Дуброўцы. У выніку “вызваленьня” газам атручаныя ня менш за 130 чалавек.

Лістапад

З 1 лістапада “Газпром” на 50% скарачае пастаўкі газу ў Беларусь. 6 сьнежня Лукашэнка называе дзеяньні “Газпрому” “беспрэцэдэнтнымі” і разважае, як Беларусі выйсьці з саюзнай дамовы. Прэм’ер Навіцкі тлумачыць, што беларускі ўрад... ня ведаў пра запазычанасьці.

У адстаўку сыходзіць старшыня КНР Цзян Цзэмінь. Адбываецца гэта ў рамках зьмены пакаленьняў і не выклікае пераменаў у кітайскай палітыцы.

У сярэдзіне лістапада Хусэйну ў апошні раз прапануюць пусьціць інспэктараў ААН на ірацкія вайсковыя аб’екты. Багдад паддаецца.

20—21 лістапада ў Празе адбываецца саміт NATO. Яго ахрысьцілі “анты-Ялтай”: Літва, Латвія, Эстонія, Румынія, Баўгарыя, Славаччына й Славенія атрымалі запрашэньне далучыцца да блёку. Лукашэнка ўсімі спосабамі спрабуе трапіць на саміт, але візы не атрымлівае. 14 краінаў-сяброў ЭЗ абвяшчаюць, што ня пусьцяць на сваю тэрыторыю 8 вышэйшых чыноўнікаў беларускай дзяржавы, ЗША далучаюцца да іх.

Сьнежань

У Токіё “зьнікае” Пятро Краўчанка. Праз суткі яго знаходзяць, а праз два тыдні Краўчанка вяртаецца ў Беларусь, абяцаючы надрукаваць сэнсацыйныя мэмуары.

12—13 сьнежня — саміт Эўразьвязу ў Капэнгагене. Запрашэньне ў ЭЗ з 2004 г. атрымліваюць 10 краінаў Усходняй Эўропы. Эўропа прыйшла пад нашы дзьверы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0