27.12.2002 / 13:00

Розныя рэкорды

Год, які сыходзіць, быў багаты на спартовыя падзеі: Беларусь займела чатырохразовую чэмпіёнку сьвету й двухразовага Алімпійскага чэмпіёна, увайшла ў пяцёрку хакейных лідэраў сьвету, усталёўвала рэкорды й удзельнічала ў антыдопінгавых кампаніях, беларускіх спартоўцаў садзілі ў турму і шукалі з дапамогай ФБР.

Алімпіяда

Шчасьлівы твар героя матчу Ўладзімера Копаця зьявіўся ў тысячах газэтаў
Выпраўляючы спартоўцаў у Солт-Лэйк-Сыты, Беларусь спадзявалася на традыцыйна моцных фрыстайлістаў, біятляністаў і лыжнікаў. Але магічная дата 20.02.2002 г. прынесла нашай хакейнай дружыне перамогу ў чвэрцьфінале. Нечаканы вынік прымусіў чырванець алімпійскіх чыноўнікаў, якія загадзя замовілі для хакеістаў квіткі на самалёт, не спадзеючыся на посьпех.

Іншы герой Алімпійскіх гульняў — фрыстайліст Аляксей Грышын, які прынёс першую й адзіную бронзу ў скарбонку нашай зборнай. Другому лідэру паветраных акрабатаў Зьмітру Дашчынскаму вельмі не пашэнціла: напярэдадні Алімпіяды ён атрымаў траўму і перажыў складаную апэрацыю. Нягледзячы на цяжкасьці, выступіў на гульнях, але мэдаль заваяваць ня здолеў.

Допінг

Год прынёс адразу два гучныя выпадкі, зьвязаныя з ужываньнем допінгу. На Алімпіядзе ў пробе беларускай канькабежкі па шорт-трэку Юліі Паўловіч быў знойдзены 19-нарандрастэрон. Беларускі бок запратэставаў — маўляў, пробу бралі з парушэньнямі. Перад паўторнай экспэртызай спартоўка з маці-трэнэркай зьнікла з Алімпійскай вёскі. Да пошуку беларусак ужо гатовае было далучыцца ФБР, калі жанчыны нечакана зьявіліся й заявілі пра гатовасьць прайсьці паўторны тэст. Але МАК адхіліў Паўловіч ад далейшых спаборніцтваў. Забароненае рэчыва трапіла ў арганізм Юліі празь няякасны прэпарат іназін, выраблены ў Расеі. Экспэртыза навукова-тэхнічага цэнтру Акадэміі навук ня здольная належным чынам правяраць лекі на наяўнасьць анаболікаў і гармонаў, таму й ня ўзьнікла трывогаў наконт магчымых наступстваў ўжываньня іназіну.

ФОТА АЛЕНЫ АДАМЧЫК
ФОТА АЛЕНЫ АДАМЧЫК
Іншай ахвярай допінгавых праверак стаўся й лідэр біятляністаў Вадзім Сашурын. У гісторыі Міжнароднай фэдэрацыі біятлёну гэта першы скандал такога кшталту. Пасьля таго як тэсты аказаліся пазытыўныя, Сашурын прызнаў сваю віну й выказаў гатовасьць браць удзел у антыдопінгавых кампаніях МФБ. Добраахвотнае прызнаньне зьмяншае пакараньне, таму да нашай нацыянальнай фэдэрацыі ды ейнага доктара санкцыі не былі ўжытыя. Сашурына дыскваліфікавалі на 15 месяцаў. У размове зь беларускімі журналістамі ён тлумачыў зьяўленьне нандралёну ў сваім арганізьме неабходнасьцю лячэньня артрыту. Маўляў, каб пазбыцца хваробы, спартовец прыняў лекі, якія ўтрымлівалі прэпарат, спадзеючыся, што да пачатку спаборніцтваў яны распусьцяцца. Ад чаго ж бярэцца артрыт у спартоўцаў?..

Імігранты ў Беларусі

Сапраўднай сэнсацыяй стала жаданьне чатырохразовай чэмпіёнкі сьвету ўкраінкі Алены Зубрылавай і двухразовага Алімпійскага чэмпіёна расейца Ўладзімера Драчова выступаць за нашу краіну. Рашэньне Зубрылавай сталася шокам для ўкраінцаў. Падзея доўга абмяркоўвалася ва ўкраінскай прэсе. Сама А.Зубрылава тлумачыць свой учынак агульнай сытуацыяй ва ўкраінскім біятлёне, калі спартоўцы апынаюцца закладнікамі гульняў вышэйшых чыноўнікаў.

Драчоў жа ўжо два гады не выступаў на буйных сусьветных спаборніцтвах праз канфлікт з кіраўніцтвам. “Мая каманда здрадзіла мне”, — мяркуе ён. Асноўная матывацыя ягонага зьяўленьня ў беларускай зборнай — жаданьне працягнуць спартовую кар’еру ў якасьці інструктара альбо проста аднаго з удзельнікаў асноўнага квартэту.

Скандал году

У 2002-м падатковыя органы раптам зацікавіліся прыбыткамі беларускіх спартоўцаў, якія выступаюць за мяжой. Некаторых зь іх спрабавалі нават выклікаць у раённыя падатковыя інспэкцыі ды папярэджваць пра крымінальную адказнасьць за ўтойваньне прыбытку. Першай “ахвярай” стаў квазімільянэр Макс Мірны. У этэры тэлеканалу СТВ начальнік аддзелу падатковай Ленінскага раёну Менску Мікалай Немцаў казаў, што недаваньне дэклярацыі аб даходах “кідае цень” на славутага тэнісіста. Інспэктары нават меліся патрабаваць ад МЗС не пускаць Макса за мяжу. Але да такіх мераў справа не дайшла. З падобнымі праблемамі сутыкнуліся й футбалісты Сяргей Штанюк і Андрэй Астроўскі. Пытаньне ўдалося вырашыць, бо ніхто зь легіянэраў у турму ня трапіў.

Прыколы году

А ў баўгарскай праграмцы матчу Кубку УЭФА паміж іхным ЦСКА і менскім “Дынама” было напісана, што трэнэрамі нашага клюбу зьяўляюцца Зыгмантовіч, а таксама Анатолевіч і Пятровіч. Усё б нічога, толькі галоўнага трэнэра — Вікенцевіча — пакрыўдзілі, не пазначыўшы ў сьпісе.

На Эўрапейскі хакейны выклік нашая зборная лётала вайсковым самалётам-разьведчыкам АН-26. Уражаньняў было — вышэй галавы. На пытаньні гульцоў, над чым яны цяпер лятуць, сьцюард даходліва тлумачыў: “Ды х... яго знае. Паліва, здаецца, сканчаецца, а сесьці няма дзе”. Пасьля ўдалага прызямленьня ў “Менску-2” хакеісты вырашылі перайсьці на наземны транспарт.

Ян Мацур

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру