27.12.2002 / 13:00

Personal Караткевіч выйдзе налета

Цягам 2002 г. наш рок канчаткова сышоў у клюбы. Так, характэрныя для 90-х зборныя вулічныя канцэрты непрыкметна згарнуліся — калі самі сабою, калі з “дапамогай зьверху”. Тым часам, у парк-клюбе “Менск” сёлета адбылося блізу дваццаці акцыяў.

“Баляды” Вайцюшкевіча прэтэндуюць на Рок-карону ФОТА IREX-PROMEDIA
Менавіта тут на пачатку лістапада прэзэнтаваў свой альбом “Сьвята пакрадзенае” Аляксандар Памідораў, тут прыхільнікі “NRM” пачулі новую праграму сваіх улюбёнцаў. Раней, у красавіку, BMA-group прэзэнтавала там зборку беларускага гардкору “Hardcoreманія: чаду!”. Цяпер “Музычная альтэрнатыва” рыхтуе зборнік беларускага рэпу.

Сярод іншых парк-клюбаўскіх акцыяў можна прыгадаць канцэрт у падтрымку “Першага музычнага каналу” (31 жніўня), арганізатары якога здолелі сумясьціць на адной сцэне і гоп-праект “За-за”, і “NRM” з “Нэйра Дзюбэлем” (абяцаныя былі нават “Краскі” зь “Лепрыконсамі”), а вядучы раздаваў удзельнікам конкурсаў бялізну і часопіс “Студэнцкая думка”.

У тым самым парк-клюбе прайшло колькі беларуска-польскіх акцыяў — як сумесны канцэрт “NRM” з гуртамі “Orkiestra na zdrowie” Яцака Клейфа, “Pidїamа Porno” i “T.Love” або запозьненая (дыск яшчэ вунь калі выйшаў!) прэзэнтацыя сумеснага праекту “Сэрца Эўропы in Rock”.

Самым “музычна насычаным” месяцам у 2002 г. стаўся красавік. Акрамя вышэйзгаданых “Hardcoreманіі” ды “Сэрца Эўропы”, свае альбомы прэзэнтавалі “Нэйра Дзюбэль”, “Аляксандра і Канстанцін” ды “Крамбамбуля” — новы праект Лявона Вольскага і кампаніі. Апошні пасьля цягам усяго году прэзэнтаваў “Паўлітра добрага настрою” па менскіх клюбах і рэстарацыях, абяцаючы “Крамбамбулю-2”, калі першы дыск будзе карыстацца попытам. Іншы ўдзельнік “NRM” Піт Паўлаў таксама ня спаў у шапку: сабраў ажно два сольныя праекты — “Гарацкія” ды “Піт Паф”. І яшчэ граў з “Крыві”.

Сярод галоўных радасьцяў году — зьяўленьне ў Беларусі свайго музычнага каналу. На “Першым музычным” можна было пабачыць новыя беларускія кліпы — “Я памру тут” (“Нэйра Дзюбэль”), “Абсэнт” (“Крамбамбуля”), “На турэцкіх палях” (“Палац”), а таксама “новых беларускіх супэргерояў” Сашу і Сірожу.

Што яшчэ было ў 2002-м? Аляксандар Кулінковіч нарэшце засьпяваў па-беларуску — “Забі амэрыканца”, “Скрыпка дрыгвы”, “Я памру тут”. Сёлета на “Басовішчы” ён беларусізаваў нават колькі сваіх старых гітоў кшталту “Пятровай” ды “Сусьлікаў-забойцаў”. А на лютаўскай “Каранацыі” Кулінковіч сказаў “тутнароджаным”: “Галоўнае тут не нарадзіцца, галоўнае — тут памерці”.

“Палац” выдаў новы, менш электронны, больш гітарны, альбом “Чужыя дзеўкі” і справіў сваё дзесяцігодзьдзе ў паўпустой “Казе”. “Уліс” так і не прэзэнтаваў новай праграмы “Люстэрка”: канцэрт быў адменены, бо замала квіткоў набылі. Іван Кірчук, зьмяніўшы склад сваёй “Тройцы”, паказаў новую праграму “Журавы”, дзе можна пачуць зусім незнаёмыя інструмэнты кшталту індыйскага бамбукавага ксыляфона ці новазэляндзкага дрэва дажджу. “NRM”, не зважаючы на сьцьверджаньні нядобразычліўцаў пра вычарпаны патэнцыял гурту, рыхтуе новы альбом і што-нішто зь яго ўжо грае на канцэртах. На галоўныя гіты альбому прэтэндуюць баляда “Маё пакаленьне” ды працяг “баевіка” “Тры чарапахі”. “Ляпіс Трубяцкой” паступова здраджвае сьцёбавай стылістыцы — афіцыйны прадстаўнік гурту кажа, што новы альбом будзе больш сур’ёзны. Цікава толькі, ці будуць слухаць “сур’ёзны” “Ляпіс”?

Працягвае сваю сольную працу Зьміцер Вайцюшкевіч. Ягоны гурт нарэшце набыў назву — “WZ-orkіestra”. Усьлед за “Цацачнай крамай” Тодар выдаў дыск беларускіх балядаў ды адсьвяткаваў на пачатку лістапада дзесяцігодзьдзе творчай дзейнасьці ў Тэатры юнага гледача.

Самая відавочная тэндэнцыя году — замацаваньне новае “саладжавае” плыні ў беларускай музыцы. Сёлета свае дэбютныя дыскі выдалі прадстаўнікі гэтага напрамку — гурты “Чэхаў”, “Нэо”, “J-Mors”, “Любоў і спорт”. Дэбютавалі й супэральтэрнатыўшчыкі з гурту “Нагуаль”, што грае псыхадэлічны фольк, — яго можна было пачуць на розных авангардных імпрэзах, кшталту фэсту “СупКультУра” і Дня гораду Менску. Набыў прызнаньне “Вірус Ліха” — ці не адзіны беларускі гурт, які якасна грае рэгі і ска. А хлопцы з “Partyzone” дамагліся галоўнага прызу на “Басовішчы-2002”.

Але рок жыве ня толькі ў Менску. Чаго варты, напрыклад, гомельскі фэст “Арт-сэсія”, які сёлета наведалі нават шатляндзкія й дацкія гурты! Або гомельская ж “СНІДабойка”, што адбылася 1 сьнежня й сабрала ўвесь тамтэйшы рок-бамонд. У Наваполацку ў той самы дзень (а ня ўлетку, як звычайна) распачалося “Рок-кола”, зладжанае дбаньнямі Сяргея (Анісы) Анішчанкі. Засмучае толькі тое, што гэтыя фэсты часта маюць рэгіянальны характар і разьбіваюць рокераў на “тусоўкі” — менскую, гомельскую, магілёўскую etc., якія слаба кантактуюць міжсобку.

І пры канцы — тэма супольных праектаў. Так і ня выдадзены пакуль альбом-прысьвячэньне Ўладзімеру Караткевічу — не стае грошай, затое выйшаў альбом-прысьвячэньне “Depeche Mode”, дзе беларускія музыкі (ад Шадзька да “Крыві”) сьпяваюць песьні (у перакладзе на беларускую ці расейскую) сусьветнавядомага гурту.

Сяргей Будкін

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру