27.12.2002 / 13:00

Прафэсар Эндрус у Варшаве ...

Прафэсар Эндрус належаў да аднае з псыхалягічных школаў, вельмі паважанай, вельмі глыбокай школы, якая мела будучыню.

Olga Tokarczuk ФОТА www.fototapeta.art.pl
Яна паўстала на псыхааналізе, але выраклася каранёў, выпрацавала ўласную мэтодыку, уласную тэорыю, уласную гісторыю, уласны стыль жыцьця, сьненьняў і выхаваньня дзяцей. Прафэсар Э. ляцеў у Польшчу — з торбай кніжак, з валізкаю цёплых рэчаў (яму сказалі, што сьнежань у Польшчы дужа марозны й непрыемны).

Усё было вельмі натуральна: самалёты стартавалі, людзі гаварылі рознымі мовамі, цяжкія сьнежаньскія хмары віселі над зямлёю, гатовыя выправіць на зямлю мільёны белых сьняжынак, кожную — у адно-адзінае падарожжа.

За гадзіну да таго прафэсар аглядаў сябе ў люстэрках аэрапорту “Гітроў”, і яму здавалася, што ён падобны да тых коміваяжораў, якія — ён памятаў зь дзяцінства — хадзілі ад хаты да хаты й прадавалі Біблію. Але псыхалягічная школа, якую ён прэзэнтаваў, была вартая такой выправы. Польшча — краіна інтэлігентных людзей. Трэ было засеяць зерне й вярнуцца дамоў праз тыдзень. Пакінуць ім кнігі — яны ж чытаюць па-ангельску, дый як жа ім не схіліцца перад аўтарытэтам Заснавальніка.

Прафэсар, пацягваючы зроблены сьцюардэсай трунак з славутай польскай гарэлкі, згадаў прыемны сон, які бачыў у ноч перад выездам, — а сны ў яго псыхалягічнай школе былі лякмусавай паперкай рэчаіснасьці. Яму сьнілася варона, ён забаўляўся ў тым сьне зь вялікаю чорнаю птушкай. Можна сказаць, наважыўся прызнацца сабе прафэсар, ён лашчыў варону, як малога шчанюка. Варона ў сыстэме анірычных значэньняў яго школы пазначала зьмену, нешта новае, добрае — і ён папрасіў яшчэ адну порцыю напою.

Аэрапорт у Варшаве быў надзіва малы й поўны скразьнякоў. Прафэсар пахваліў сябе за тое, што здагадаўся прыхапіць у гэтае падарожжа шапку-аблавушку — успамін пра вандроўку па Азіі. Ён адразу заўважыў сваю Бэатрычэ — яна стаяла ля ўваходу, трымаючы перад сабою картку зь яго імем і прозьвішчам. Была яна невялічкаю й ладнаю. Пасадзіла прафэсара ў расхістаны аўтамабіль і, нэрвова ведучы машыну праз шэрую расьцягнутую прастору гораду, пазнаёміла яго з плянам на бліжэйшы тыдзень. Сёньня субота — непрацоўны дзень. Яны разам павячэраюць, а потым ён адпачне. Заўтра, у нядзелю, — спатканьне са студэнтамі ва ўнівэрсытэце. Так, сказала яна раптам, у нас тут крыху напружана. Ён паглядзеў у акно, але не заўважыў нічога асаблівага. Пасьля — інтэрвію для псыхалягічнага часопісу, пасьля — вячэра. У панядзелак ён можа агледзець горад, калі пажадае. У аўторак — спатканьне з псыхіятрамі ў нейкім інстытуце, ён ня здолеў запомніць гэтую шыпучую польскую назву. У сераду яны едуць у Кракаў ва ўнівэрсытэт. Псыхалягічная школа прафэсара Эндруса там вельмі шануецца. У чацьвер — Асьвенцым, ён сам прасіў пра гэта. Быць у Польшчы і не пабачыць Асьвенцыму… Вечарам — вяртаньне ў Варшаву. У пятніцу й суботу — сэмінарскія заняткі на цэлы дзень для псыхолягаў-практыкаў. У нядзелю — вылет дадому.

Толькі цяпер ён заўважыў, што зь ім няма торбы з кніжкамі й бялізнаю. Яны сьпехам вярнуліся ў аэрапорт, але багаж зьнік. Дзяўчына, якую звалі, як яму падалося, Гоша, пайшла некуды, і яе не было паўгадзіны. Вярнулася з пустымі рукамі. Можа, рэчы паляцелі назад у Лёндан. Яна сказала, што гэта нічога, што яна прыедзе па торбу заўтра і, напэўна, усё знойдзецца. Гледзячы праз акно машыны, прафэсар ня слухаў усхваляванай балбатні, а згадваў, што яшчэ было ў торбе — кнігі, фатакопіі артыкулаў.

Яны з прыемнасьцю павячэралі ў таварыстве яе нарачонага. Ягоны твар хаваўся ў густой барадзе й акулярах. Нарачоны не гаварыў па-ангельску і таму здаваўся нейкім панурым. Прафэсар Эндрус еў чырвоны бураковы суп з маленькімі калдунцамі й разумеў, што гэта той самы слынны “боршч”, пра які казаў яму дзед. Дзед яго нарадзіўся ў Лодзі. Дзяўчына са сьмехам выпраўляла, паўтараючы яму, як малому: “боршч”, “Лодзь”. Яго язык быў ня ў змозе адолець гэтыя словы.

Прафэсар адчуваў сябе моцна п’яным, калі яны ўрэшце дабраліся да нейкага спальнага раёну, поўнага высокіх панэльных будынінаў. Падняліся ліфтам на апошні паверх, і Гоша паказала, дзе ён будзе жыць. Гэта была аднапакаёўка з маленькай кухняю, уціснутай між пакоем і ваннаю. Калідор быў настолькі малы, што яны не маглі зьмясьціцца там утраіх. Голасна гамонячы, дамовіліся на заўтра, Гоша абяцала прынесьці яго валізку. Нарачоны размаўляў з кімсьці па тэлефоне таямнічым напаўшэптам, але нарэшце яны сышлі. Прафэсар, зьнясілены баршчом і алькаголем, кінуўся на ложак і заснуў. Ён спаў неспакойна, яму хацелася піць, але не ставала сілаў, каб падняцца. Ён чуў на лесьвічнай клетцы нейкі шум, грукат дзьвярэй, людзкія крокі. Можа, гэта яму здавалася.

Ён абудзіўся і з жахам адзначыў, што ўжо адзінаццаць. З агідаю агледзеў сваё пакамечанае адзеньне. Прыняў душ у маленькай непрыгляднай лазенцы і, на жаль, мусіў апрануць нясьвежую бялізну. Пасьля ён шукаў у шафках якую-небудзь каву, рэшткі якой знайшоў у слоіку з-пад джэму. Кававаркі не было, і ён запарыў каву проста ў кубку. Яна ўжо выветрылася й нагадвала напой з кары. Тэлефон маўчаў, Гоша, мабыць, забірала яго торбу. З кубкам кавы ён перагледзеў кніжкі на паліцах — усе па-польску, у непрыемных воку нязграбных вокладках.

Гоша не тэлефанавала, час паволі плыў у густым перагрэтым сонным паветры. Прафэсар падышоў да акна і агледзеў прастору, пазначаную роўнымі грамадзінамі будынкаў. Усё яны мелі аднолькавы колер — шэрага, разьбеленага неба. Нават сьнег здаваўся шэрым. Сонца сьвяціла неяк непераканаўча.

На вуліцы стаяў танк. Прафэсар Эндрус нават адчыніў акно, настолькі дзіўнае было гэтае відовішча. У твар ударыла халоднае паветра. Побач з танкам круціліся маленькія сылюэты, пэўна ж, салдаты. Раптам яго агарнуў неспакой — можа, кава была замоцнаю. Ён намацаў у кішені картку з тэлефонам Гошы й пачаў складаць у думках ветлівыя, але настойлівыя пытаньні: чаму яна дагэтуль не азвалася й што там зь яго торбаю. У слухаўцы не было сыгналу. Прафэсар накруціў нумар яшчэ колькі разоў. Пасьля накруціў ангельскі нумар — той самы вынік. Ён спрабаваў усе нумары, якія прыходзілі ў галаву. Тэлефон маўчаў, але ж прафэсар памятаў, што барадаты жаніх учора карыстаўся ім. Яго ахапіў шал. Ён хутка апрануўся і спусьціўся долу. Пасьля гадзіны блуканьня між панэльнымі будынкамі (што здаваліся аднолькавымі) ён урэшце знайшоў тэлефон, але схамянуўся, што ня мае польскіх манэтаў. Меў толькі дзьве банкноты і нават ня ведаў, многа гэта грошай ці мала. Рушыў, шукаючы, дзе б іх памяняць, але ў адзінай маленькай крамцы, якую ён знайшоў, давялося пацалаваць замок. У рэшце рэшт, была нядзеля. Ён з жахам падумаў, што зрабіў неразумна, выходзячы з дому, — Гоша, мабыць, спрабавала яго знайсьці, мо ўжо чакала яго. Прафэсар вырашыў вяртацца, ды зразумеў, што згубіўся. Ён ня ведаў, які з блёчных дамоў — ягоны. Ён ня помніў адрасу. Што за легкадумнасьць. Што за краіна. Ён убачыў нейкую пару старых, што ішлі пад руку, і рушыў да іх. Але пра што ён запытаецца і якою мовай? І яны прайшлі паўзь яго, гледзячы ў іншы бок.

ФОТА IREX-PROMEDIA
У роспачы прафэсар блукаў між дамоў, усё больш замярзаючы. Не заўважыў нават, калі зрабілася цёмна. Нейкім цудам ён натрапіў на танк, ля якога цяпер палаў агонь у мэталёвай жароўні. Салдаты са зброяй на плячах грэлі ля яе рукі. Ён пачуў нейкі атавістычны пераляк і хутка адступіў у цёмны парк, але, дзякуючы гэтаму танку, здолеў адшукаць свой будынак — ён памятаў выгляд з акна. З палёгкаю Э. знайшоў сваё-чужое жытло і замкнуў за сабою дзьверы на ключ. Была шостая: уласна кажучы, пачалася ягоная лекцыя. Безь яго. А можа, акурат зь ім, можа, гэта сон, можа, гэта нейкі дзіўны стан сьвядомасьці, справакаваны стомаю, пералётам, надвор’ем ці чым там яшчэ? Яго псыхалягічная школа тлумачыла такія рэчы.

Ён зазірнуў у лядоўню й знайшоў там кавалак жоўтага ссохлага сыру, бляшанку паштэту, масла й два яйкі. Як толькі прафэсар Эндрус убачыў ежу, яго страўнік захапіў уладу над нэрвоваю сыстэмай. Праз хвіліну на патэльні ўжо весела сквірчэў амлет. Найбольшым прэзэнтам, які прафэсар атрымаў у гэты дзіўны дзень ад жыцьця, была пляшка “Джоні Ўокера”, якую ён купіў яшчэ ў “Гітроў”. Ён наліў сабе адразу паўшклянкі й выпіў адным глытком.

Наступнага дня Э. прачнуўся рана, ледзь шарэла. Ён ляжаў голы ў ложку: вырашыў берагчы сваю адзежу й ня спаць у бялізьне — хто ведае, колькі шчэ яна мусіць яму паслужыць. Дачакаў сёмай і далікатна ўзяў тэлефонную слухаўку. Нічога. Тэлефон не працаваў, дарма прафэсар так па-дзіцячаму спадзяваўся. Часам з рэчаіснасьцю, якая, зрэшты, ёсьць адно праекцыяй псыхічнага стану (як сьцьвярджае яго псыхалягічная школа), здараюцца дзіўныя рэчы. Прафэсар наліў ванну і, лежачы ў прыемнай гарачыні, абдумаў плян дзеяньняў. Ён набудзе мапу гораду, знойдзе амбасаду. Пасьля ўжо ўсё будзе проста. І пакупкі, ён жа мусіць зьесьці нешта людзкае. Прафэсар бадзёра апрануўся і зьехаў долу. Ён рушыў у бок танка, што стаяў пры нейкай — напэўна, галоўнай — вуліцы. Танка не было. Затое вуліцай ехалі бронемашыны, адна за адной, са злавесным рыкам. Мінакі глядзелі на іх зь нейкім дзіўным выразам твараў. Прафэсар спыніў быў аднаго зь іх — мужчыну свайго веку, што нёс напханую сетку. Зь першага погляду было відаць, што мінак яго не разумее. Аднак прафэсар скончыў сваё пытаньне. Той бязрадна прыўзьняў і апусьціў плечы. Э. ветліва папрасіў прабачэньня й рушыў далей. Ён выйшаў на дзьвюхпалосную дарогу. Па ёй зрэдчасу праяжджалі машыны й чырвоныя аўтобусы. Ён ня ведаў, дзе яны спыняюцца, куды едуць і дзе цяпер ён сам — у цэнтры альбо на ўскраіне.

Прафэсар вырашыў слухацца інстынкту. Гэта было адно з найгалоўнейшых правілаў ягонае псыхалягічнае школы — слухацца інстынкту, інтуіцыі, прадчуваньня. Ён ішоў па ходніку, усё больш замярзаючы, пакуль ня трапіў на пляц, ад якога, нібы промні, разыходзіліся вуліцы. Панавала падазронае бязьлюдзьдзе, як у выходны, але ж быў панядзелак ці аўторак. Ён з радасьцю заўважыў сярод рэдкіх шыльдаў знаёмае слова — БАР. Адчыніў дзьверы, зайшоў і на хвіліну нібы сасьлеп, бо ягоныя акуляры патанулі ў малочнай пары. Ён працёр іх хустачкай і ўбачыў панурае памяшканьне зь непрыгляднымі столікамі. За адным сядзела старая бяззубая жанчына. Яна нічога ня ела. Проста сядзела й глядзела ў акно. За прылаўкам стаяла станістая дзяўчына ў шэрым фартуху. Нідзе не было відаць ежы, і прафэсар падумаў, што, можа, па-польску слова БАР азначае нешта іншае. Ён няўпэўнена кашлянуў. Дзяўчына нешта яму сказала. Прафэсар запытаў, ці мог бы ён што небудзь зьесьці. Яна глядзела на яго зьдзіўлена. Не разумела. Праз хвіліну няветлага маўчаньня ён зьбянтэжана паказаў пальцам на свае адкрытыя вусны: “Eat, eat, food”. Дзяўчына хвіліну думала, а пасьля зьнікла ў адкрытых дзьвярах. Яна вярнулася з другой, старэйшай. Зьбянтэжаны, ён паўтарыў яшчэ раз гэты просты жэст. Жанчыны пачалі хутка размаўляць міжсобку. Паказалі яму столік і праз хвіліну паставілі на яго: адна — суп, другая — талерку зь нейкімі дзіўнымі клёцкамі.

Пастаялі над ім хвіліну, пакуль ня ўпэўніліся, што ежа зьнікае ў яго роце. Яна была нядобрая, бяз смаку, нават голад прафэсара мінуў. Ён пагрэбаў відэльцам клёцкі і выцер вусны папяровай сурвэткаю. Падышоў да прылаўку й падаў дзяўчыне банкноту. Тая дала яму многа рэшты, прынамсі, так прафэсару здалося, — жмут банкнотаў і горку манэтаў. Ён выйшаў на вуліцу й паспрабаваў запомніць гэты БАР. Ён пачуваўся абсьмяяным, вартым жалю. Прафэсару хацелася зноў апынуцца ў доме на адзінаццатым паверсе — тэлефон, напэўна, ужо працуе. Ён убачыў аўтобус, што пад’ехаў з процілеглага боку й спыніўся за колькі мэтраў ад яго. Людзі, піхаючыся, уваходзілі й выходзілі. Прафэсар, паддаўшыся раптоўнаму парываньню, скочыў у сярэдзіну. Рушылі. І раптам яму зрабілася горача, бо аўтобус не паехаў туды, куды, як яму здавалася, мусіў ехаць. Аўтобус хуценька разьвярнуўся на пляцы і скіраваўся ў караценькі тунэль, а пасьля раптам апынуўся на мосьце, і прафэсар Эндрус убачыў унізе раку, па якой ляніва плыла льдзіна. Здавалася, што людзі глядзяць на яго варожа, але ён паспрабаваў супакоіцца, ня даць па сабе зразумець, што нечаканы віраж транспарту напалохаў яго. Акрамя таго, ён не прабіў білета. Калі на вуліцах стаяць салдаты, за такое можна трапіць у вязьніцу. Так, яму распавядалі, людзі зьнікалі назаўсёды ў турмах Азіі. З палёгкаю прафэсар саскочыў на прыпынку й адразу пайшоў назад. Страшна дзьмула. Ён завязаў пад барадой сваю аблавушку. Нос у яго амаль адмерз. Прафэсар дабраўся да знаёмага пляцу й знайшоў дарогу дадому. Ад холаду ён ня чуў пальцаў, рухаўся подбегам. На вуліцы заўважыў нейкую асьветленую больш за іншыя вітрыну. Падышоў да яе хутчэй ад суму па сьвятле й колерах, чым зь цікавасьці. Гэта была крама, нармалёвая крама, дзе на паліцах стаяла шмат рознакаляровых тавараў. Ён бачыў праз закратаваную шыбу алькаголь са знаёмымі этыкеткамі, слоікі, печыва, адзежу, цацкі. Нягледзячы на працоўны час, крама была замкнёная. Ён паспрабаваў прачытаць шыльдачку з раскладам. Зразумеў, што крама мусіць яшчэ працаваць. Прафэсар расчаравана глядзеў праз шыбу. Калі ён так стаяў, паўзь яго прайшоў чалавек, які нёс маленечкую елачку. Ён сказаў нешта прафэсару й засьмяяўся. Прафэсар адказаў усьмешкаю, але мужчына прамінуў і зьнік.

Чалавек, што нясе дрэўца. Гэта было нейкае перадвесьце — прафэсар ня ведаў якое, бо раптам выявілася, што яго розум адвык ад сымбалічнага, псыхалягічнага, яснага мысьленьня. Цяпер празь яго розум скакалі рваныя, няпоўныя эмоцыі. Напрыклад, гнеў, які адразу ж зьмяняўся дзіцячай роспаччу. А пасьля раптам яго ахопліваў унутраны сьмех. Ціхі. Дэманічны. Прафэсар Эндрус быў майстрам назіраць за сваімі эмоцыямі, ён доўга гэтаму вучыўся. Тут, аднак, яго майстэрства выглядала абсалютна непатрэбным. Яшчэ ён зразумеў, што цягам двух дзён ён не сказаў аніводнага асэнсаванага сказу, апроч таго, зь якім зьвярнуўся да мінака, ды жаласнага “Eat, eat, food”.

Наступнага дня, упэўніўшыся, што тэлефон дагэтуль не працуе, ён знайшоў у сваім раёне маленькую адчыненую краму. Там былі толькі пляшкі з празрыстай вадкасьцю, магчыма гарэлкай, і слоічкі з гарчыцай. На паліцах таксама стаялі большыя слоікі з бураковым салатам. Ён зразумеў, што мусіць набыць тое, што ёсьць. Калі ён выходзіў, прывезьлі хлеб, і крама напоўнілася за некалькі хвілін. Прафэсар стаў у хвост чаргі, і прадавачка без пытаньняў падала яму бохан; ён заплаціў і адышоў. Але яго відавочна цягнула да людзей, яго прыцягваў цёплы натоўп, які штурхаўся ў доўгіх вужаках-чэргах, бо яму не хацелася адразу вяртацца ў цесную й пустую аднапакаёўку. Ён спыніўся ля бляшаных сталоў, што стаялі проста на ходніку, — перад імі людзі слухмяна ставалі ў чаргу. Ён глядзеў на іхныя твары, шукаў сярод іх Гошу — можа, яна была недзе тут. Людзі варожа маўчалі. Былі фанабэрыстыя, сонныя, нібыта ня выспаліся.

Прытупвалі. Самы пануры народ сьвету. Але, нягледзячы на гэта, прафэсар стаяў ля іх. Не, не таму, што яны былі яму патрэбныя, проста ад іх ішло звычайнае чалавечае цяпло. Марознае паветра калыхалася ад іхнага подыху. Ён глядзеў на захутаных прадавачак, што вылоўлівалі зь вялікіх бочак мажных шэрых карпаў. Кідалі іх проста на шалі. Рыбы трапяталіся на марозе. Прадавачкі зьвярталіся да кожнага з пакупнікоў з адным пытаньнем, якое гучала як рэфрэн, як мантра. Вуха прафэсара Эндруса схапіла мэлёдыю гэтай калядкі, і ў ягонай галаве сьпявала: “Жывую ці на месцы?” Прафэсар мог толькі дадумваць сэнс. Калі пакупнік сьцьвярджальна ківаў галавою, прадавачка біла рыбе гіраю па галаве. І рыбы адыходзілі на вечны спачын у ніцяныя торбы.

Прафэсара скаланула. Зьявілася ўражаньне, што ён бярэ ўдзел у нейкім рэлігійным рытуале. Забіваньне рыбы. “Жывую ці на месцы?” — гэтыя словы гіпнатызавалі яго. Раптам ён адчуў жаданьне ўліцца ў гэты жорсткі цыкл. І адысьці зь мёртвай рыбаю ў сетцы, як усе. Ён несьвядома стаў у чаргу, але калі ўбачыў маленькі, з чатырох чалавек, загон салдатаў з сабакам, ацьверазеў. Нават засаромеўся. Людзі маўкліва адводзілі погляды ад салдатаў. Глядзелі на ўласныя чобаты ці кудысьці ў прастору. Прафэсар у роспачы падумаў пра свой лёнданскі кабінэт, пра кніжкі й цяпло электрычнага каміна.

Пад яго домам на паркінгу прадавалі калядныя елачкі. Па іх стаяла чарга, але нашмат меншая за рыбную. Прафэсар купіў елачку. Цяпер ён ішоў зь ёю дадому й выглядаў як усе. Гэта прынесла яму раптоўную радасьць. Ён пасьвістваў. Даехаў да сваёй-чужой кватэры, сеў у палітоне й вушанцы за стол і адкаркаваў пляшку з празрыстай вадкасьцю. Гэта быў воцат. “Божа мой, — падумаў ён, — немагчыма, каб гэта адбывалася насамрэч. У мяне псыхатычны эпізод. Нешта са мною сталася нядобрае”. Ён намагаўся знайсьці той пункт у часе, калі гэта магло пачацца, але яго розум адмаўляўся думаць. Усё, што ён згадваў, — апэтытныя сэндвічы ў самалёце.

Прафэсар дзівіўся, што так шмат думаў пра ежу; яго розум бездапаможна прымаў тыя думкі — ён даўно прызвычаіўся, што ў ім расьселіся, як на зручных канапах, сфармуляваныя ідэі, абстрактныя паняткі. А цяпер усю памяць прафэсара заняў вобраз крамы за кратамі, крамы з паліцамі, поўнымі тавараў. “Гэта сьмешна, гэта немагчыма”, — падумаў прафэсар зь нейкай весялосьцю і адразу потым — з сапраўдным жахам. Ён паставіў елачку ля сьцяны ў пакоі й аглядаў яе тонкія далікатныя галінкі. Зь неахвотаю зразумеў, што павінен нешта зрабіць, пачаць дзейнічаць.

Прафэсар апрануўся, згасіў сьвятло, кінуў яшчэ адзін погляд на вітальню й замкнуў дзьверы. Зьехаў ліфтам уніз і кінуў ключ ад кватэры ў паштовую скрыню. Ён быў гатовы на ўсё. Ён павінен знайсьці амбасаду. Іншага выйсьця няма. Перад домам ён сутыкнуўся з мажным чырванатварым мужчынам, які, нягледзячы на холад, адкідаў шуфлем сьнег. Мужчына кіўнуў і прамовіў нешта — напэўна, вітаньне. Прафэсар Эндрус адчуў неспадзяваны прыток энэргіі і, ня дбаючы ні пра што, сам сабе дзівячыся, апавёў яму пра свае апошнія два дні. Што жыве на апошнім паверсе, бо прыехаў зь Лёндану на выклад, што яго праваднічка мусіла патэлефанаваць, але апарат быў сапсаваны, што танк — на вуліцы, што крама — зачыненая, што аўтобус, елачка, воцат у пляшцы… Той чалавек стаяў і ўважліва глядзеў на вусны прафэсара. Па ягоным твары нічога нельга было зразумець.

Пасьля прафэсар неяк апынуўся ў малым, застаўленым прадметамі памяшканьні. Перасоўвацца там можна было зь цяжкасьцю. Ён сядзеў пры нізкім століку, піў гарбату са шклянкі з плястыкаваю ручкай і раз-пораз падымаў пасьпешліва напоўнены кілішак. У гарэлкі быў дзіўны фруктовы смак. І яна была такая моцная, што пасьля кожнага глытку ў прафэсара болесна сьціскаўся стрававод. Ён чуў самога сябе, як ён апавядае мужчыну і ягонай жонцы (вось яна, дзябёлая й ружовая, зьявілася з гарачаю кілбасой, апэтытна раскладзенай на талерцы) пра сваю псыхалягічную школу, пра Заснавальніка, аб прадчуваньнях, пра тое, якім чынам функцыянуе чалавечая асоба. А пасьля яго агарнуў той раптоўны неспакой, яму згадалася амбасада, і ён невыразна пачаў паўтараць адзінае: “Embassy, British embassy”. — “War”, — адказаў яму на гэта мужчына й абедзьвюма рукамі абхапіў паветра так, што яно амаль матэрыялізавалася ў аўтамат. Мужчына прысеў, прымружыў вочы й выдаў гук, які нагадваў страляніну. Ён расстраляў сьцены з мнаганожкамі на іх і паўтарыў: “War”. Прафэсар, хістаючыся, рушыў у прыбіральню й апынуўся ў дзьвярах кухні. На стале стаяла складаная хімічная апаратура з мноствам трубачак і кранікаў. Ад вострага паху яму зрабілася млосна. Далікатны дотык гаспадара накіраваў яго ў лазенку. Прафэсар зачыніў за сабою дзьверы, а калі павярнуўся, убачыў, што ў ваньне плавае вялікая рыба. Яна была жывая. Прафэсар ня верыў сваім вачам. Ён трымаўся за гузік штаноў і глядзеў проста ў яе плоскае падводнае вока. Ён пачуваўся паланёным яе позіркам. Рыба ляніва варушыла хвастом. Над ваннай сушылася бялізна. Ён стаяў так хвілін мо зь пятнаццаць, ня ў стане паварушыцца, аж пакуль занепакоены гаспадар не пачаў калаціць у дзьверы. “Ш-ш-ш…”, — сьцішаў яго прафэсар. Яны з рыбаю глядзелі адно аднаму ў вочы. Гэты стан быў дзіўны й прыемны адначасова, поўны сэнсу й разам з тым абсурдны. Ён баяўся й нейкім дзіўным чынам пачуваўся шчасьлівым. Рыба была жывая, варушылася, тоўстымі вуснамі казала нейкія нячутныя словы. Прафэсар Эндрус прытуліўся да сьцяны й заплюшчыў вочы. Ах, застацца б у гэтай маленькай лазенцы, у чэраве гэтага панэльнага будынку, у сярэдзіне вялікага халоднага гораду, быць пазбаўленым словаў, не разумець і быць незразумелым. Глядзець у самую сярэдзіну плоскага, дзіўна акруглага рыбінага вока. Не сыходзіць адсюль.

Дзьверы з трэскам адчыніліся, і прафэсар упаў на цёплыя, моцныя рукі гаспадара. Прытуліўся да яго, як дзіця. Усхліпваў.

Праз хвіліну яны ехалі ў таксоўцы па залітым халодным сонечным бляскам горадзе. Пасьля, калі прафэсар Эндрус разьвітваўся з мажным мужчынам пад брамаю амбасады, той пацалаваў яго ў абедзьве — два дні няголеныя — шчакі. Што прафэсар мог сказаць яму на разьвітаньне? Хвіліну ён утаймоўваў свой неслухмяны п’яны язык, а пасьля няўпэўнена прашаптаў: “Жывую ці на месцы?” Паляк зьдзіўлена паглядзеў на яго й адказаў: “Жывую”.

Пераклала з польскай Марына Шода

паводле: Olga Tokarczuk. Gra na wielu bкbenkach. — Waіbrzych: Wydawnictwo “Ruta”, 2001.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру