20 чэрвеня адбыўся круглы стол «Каму выгадна разбураць Горадню?». Нягледзячы на запалохваньні, на ім прысутнічалі выкладчыкі гарадзенскіх унівэрсытэтаў.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі аргкамітэты кампаніі «Выратуем Горадню» і Руху «За Свабоду!», гарадзенская арганізацыя ТБМ. Раней адбыўся круглы стол, зладжаны кіраўніцтвам мясцовага ўнівэрсытэту, на які не дапусьцілі некаторых гісторыкаў і журналістаў. На круглы стол 20 чэрвеня запрасілі ўсіх зацікаўленых асобаў, у тым ліку выкладчыкаў гарадзенскіх унівэрсытэтаў.

Па словах актывіста кампаніі «Выратуем Горадню», журналіста Алеся Залеўскага, прыйшлі ня ўсе запрошаныя. «Намесьнік прарэктара па выхаваўчай працы Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Тацяна Бадзюкова ў вуснай форме папярэдзіла кожнага запрошанага, што яго прысутнасьць на круглым стале недапушчальная», — патлумачыў адсутнасьць часткі запрошаных гасьцей сп. Залеўскі. Тым ня менш, абмеркаваць праблему рэканструкцыі Горадні прыйшлі выкладчыкі ня толькі ўнівэрсытэту, а таксама й аграрнага. Прысутнічалі гарадзенскія гісторыкі і краязнаўцы Андрэй Вашкевіч, Алесь Краўцэвіч, Алесь Смалянчук, які вёў паседжаньне, Ігар Лапеха ды іншыя. Былі падведзеныя вынікі кампаніі па выратаваньні гістарычнай часткі гораду, падсумаваныя страты Горадні ў выніку рэканструкцыі. Прафэсар Вячаслаў Швэд выклікаў дыскусію, выказаўшы думку, што дамкі ў квартале Новы сьвет, на жаль, ня ўдасца ўратаваць. Зь ім не пагадзіўся жыхар гэтага кварталу.

Аляксандар Мілінкевіч, які таксама прысутнічаў на паседжаньні, выказаў думку, што гэтая справа палітычная. Паводле палітыка, праблема ў спосабе фармаваньня ўлады, якая не абіраецца народам, а прызначаецца зьверху, таму й не кантралюецца гэтым самым народам.

Удзельнікі абмеркаваньня высунулі шэраг прапаноў, сярод якіх — адбудова страчаных гарадзенскіх помнікаў, у тым ліку і Фары Вітаўта, разбуранай у 1961 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?