10.01.2003 / 13:00

Рысы таго пакаленьня

Вячаслаў Шыдлоўскі. Рысы майго пакаленьня. — Менск: «Белфранс», 2001.

З аўтарам гэтае кнігі ў нас супольныя знаёмцы, а вось самога яго я ня ведаў. Цяпер пазнаёміўся. Дзякуючы ягонай кніжцы.

Вячаслаў Шыдлоўскі апісвае знаёмыя мне мясьціны — паўднёвую частку сучаснага Смалявіцкага раёну, якая пэўны час з роднымі аўтару Карзунамі (цяпер Чэрвеньскі раён) уваходзіла ў склад Сьмілавіцкага раёну.

Скончыўшы ў 1929 г. сямігодку, В.Шыдлоўскі, паслухаўшы парады настаўніка маляваньня, вырашыў ехаць у Віцебск. І бацька — сялянскі сын, які яшчэ за царом стаў настаўнікам, — на ўласнай фурманцы (!) павёз свайго меншага сына ў Смалявічы, на станцыю Вітгенштэйнскую. «Мінуўшы вёску Драчкава, мы ехалі паміж дагледжаных палёў, якія чаргаваліся зь пералескамі. Моцныя гаспадаркі хутаранаў цягнуліся амаль да Смалявіч. Па ўсім было відаць, што людзі жывуць заможна. (...) Не адчувалася ніякай злыбяды ў гаспадарках, бядоты ў жыцьці іх гаспадароў. Усё было грунтоўнае, выглядала дыхтоўна. Ніхто не адчуваў, што вось-вось у бліжэйшы год яны страцяць усё — зямлю, маёмасьць, скаціну...»

А ўжо ж пачалося змаганьне з «прышчэпаўшчынай». І пачаўся сьмяротны перасьлед былога наркама асьветы Антона Баліцкага. У тым ліку і за «скрыўленьне клясавае лініі»: замест таго каб фармаваць кантынгент студэнтаў і навучэнцаў тэхнікумаў з пралетарска-сялянскае моладзі, камсамольцаў ды камуністаў, ён загадваў залічваць тых, хто найлепш здасьць уступныя іспыты. На зьмену Баліцкаму вылучылі Антона Платуна, які заклікаў ня цацкацца з інтэлігенцыяй.

В.Шыдлоўскаму, сялянскаму ўнуку, але настаўніцкаму сыну, так і не давялося стаць студэнтам знакамітага Юдаля Пэна. Жыцьцёвы шлях аўтара пойдзе празь сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы, Чырвоную Армію, Маскоўскую артылерыйскую школу і ўрэшце ГУЛАГ ды Калыму, дзе «знаходзілася значная частка інтэлектуальнага патэнцыялу народу».

Кожны чалавечы лёс непаўторны, а таму і кніжка В.Шыдлоўскага ня згубіцца ў шэрагу сьведчаньняў пра той жорсткі час. Калі мы кажам, што ў Беларусі няма сям’і, якая б не пацярпела ад сталіншчыны, дык гэта асабліва стасуецца да сям’і Шыдлоўскіх. Пяцярпеў ня толькі Вячаслаў. Ягоны старэйшы брат Усевалад меў намер працягваць бацькаву справу і стаў быў студэнтам вышэйшага пэдагагічнага інстытуту ў Менску (вучыўся разам зь яшчэ адным будучым вязьнем — Сяргеем Грахоўскім). Браты сустрэнуцца на Калыме. «Пільныя» камсамольцы перасьледавалі сястру Шыдлоўскіх, таксама студэнтку, запатрабавалі выключыць яе з пэдінстытуту...

...Амаль сорак гадоў маю жывыя кантакты зь пісьменьнікамі, але трэ было прачытаць кнігу В.Шыдлоўскага, каб даведацца пра яшчэ аднаго стукача з гэтага асяродзьдзя. Зямляк В.Шыдлоўскага, ён здаў і яго, і ягонага брата Ўсевалада, і, як вынікае з кнігі, Рыгора Бярозкіна. Я ведаў таго пісьменьніка. З павагаю ставіўся да яго. І ніхто ніколі не сказаў мне, з кім я размаўляю. Гэта — яшчэ адзін довад на карысьць таго, што мэмуары трэба чытаць. Яны дадаюць нешта да твайго асабістага досьведу, расплюшчваюць вочы на тое, чаго ты ня ведаў, не заўважаў.

Aнатоль Сідарэвіч

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру